Мікола Гусоўскі. Песьня пра зубра
Пераклад з лацінскай мовы і прадмова Я. Сэмяжона; мастак А. М. Кашкурэвіч. — Менск, 2006.Мікола Гусоўскі, знаходзячыся з дыпляматычнай місіяй у Рыме, атрымаў даручэньне ад Папы Рымскага апісаць вершам зубра і зубрыную аблаву ў Вялікім Княстве Літоўскім, бо, як кажуць, гэта стакроць лепей ад бою быкоў на арэне. І вось, зацугляўшы мову тагачаснай дыпляматыі ды ўласную фантазію, Мікола Гусоўскі ўдалечыні ад Радзімы ўзнавіў малюнкі роднай прыроды, паляваньня на зубра, характару зьвера і тутэйшага народа. Але думкі-лятункі дзеяча эпохі Адраджэньня сягалі далей: Гусоўскі намаляваў у паэме ідэал уладара, гаспадара і змагара за сваю дзяржаву ў вобразе князя Вітаўта, які на адлегласьці гадоў і вёрст бачыцца ўзорам кіраўніка ня толькі Міколу Гусоўскаму, але і нашым сучасьнікам.
Адам Міцкевіч. Пан Тадэвуш, або Апошні наезд у Літве:
Шляхецкая гісторыя 1811 — 1812 гг. у 12-ці кн., вершам / Пераклад Я. Сэмяжона; Мастак В. Шаранговіч. — Менск, 1985.Адам Міцкевіч правёў апошнія гады на чужыне не па ўласнай волі. Пасьля судовай справы над філярэтамі ў чаканьні прысуду Міцкевіч пабываў у Маскве, Пецярбурзе, Крыме. Праз пяць гадоў, дзякуючы хадайніцтву паэта Жукоўскага, князя Галіцына і княгіні Валконскай, Адам Міцкевіч атрымаў дазвол выехаць за мяжу. Там, у Рыме, ён пачаў ствараць сваю настальгічную кнігу, якую распачаў зваротам да Радзімы: «O Litwo! Ojczyzna moja, ty jesteś jak zdrowie…». Шляхецкая гісторыя пра пана Тадэвуша сталася найлепшым творам Адама Міцкевіча, напісаным у далёкіх Італіі, Францыі і Турцыі, у якім ён кожным словам, успамінам, малюнкам прызнаецца ў любові да роднай Наваградчыны.
Туга па Радзіме: Паэзія беларускай эміграцыі
Укладаньне, прадмова і біяграфіі Б. Сачанкі. — Менск, 1992.Напрыканцы апошняй вайны ўзьнялася сапраўдная хваля эміграцыі творчых асобаў зь Беларусі. Культурныя дзеячы, якія не спынялі сваёй адукацыйнай, выдавецкай, творчай справы на тэрыторыі акупаванай Беларусі, баючыся турэмнага зьняволеньня і сьмерці, вымушаныя былі пакінуць Радзіму і адступаць разам з немцамі на Захад. Сярод іх такія паэты, як Натальля Арсеньнева, Уладзімер Дудзіцкі, Рыгор Крушына, Алесь Змагар, Масей Сяднёў, Янка Юхнавец і многія іншыя. У дзевяностыя, калі стала магчыма гаварыць пра творчасьць беларускай эміграцыі без асуджальнага пафасу, быў выдадзены зборнік паэзіі «Туга па Радзіме». Настальгічны роздум, надрыўная любоў да Радзімы — вось паноўны лейтматыў гэтага зборніка. У кнізе зьмешчаныя тэксты, выдадзеныя пры жыцьці аўтараў у розных зборніках і замежных газэтах, а таксама неапублікаваныя вершы розных гадоў. Біяграфіі, складзеныя Барысам Сачанкам, маюць агульнае месца: усім паэтам давялося дажываць апошнія дні і памерці ўдалечыні ад Радзімы.
Васіль Быкаў. Доўгая дарога дадому.
Кніга ўспамінаў. — Менск, 2003.«Доўгая дарога дадому» — так назваў Васіль Быкаў кнігу ўспамінаў, напісаных у эміграцыі. У сярэдзіне 90-х на Радзіме вялікаму пісьменьніку, сумленьню нацыі былі створаны такія ўмовы, што ён быў вымушаны з’ехаць за мяжу. Цкаваньне ў дзяржаўнай прэсе, забарона і жорсткая цэнзура новых твораў затыкала рот, не давала жыць і працаваць. Дзякуючы намаганьням самога Вацлава Гавала, Васіль Быкаў уладкаваўся ў Празе, а перад гэтым некаторы час жыў у Фінляндыі і Нямеччыне. У мэмуарах Быкаў вяртаецца на Беларусь, узгадвае дзяцінства, часы вайны, сяброў і блізкіх. Нядаўна на Радыё Свабода выйшаў аднайменны дыск, на якім гэтую кнігу чытае сам аўтар.
Уладзімер Някляеў. Лабух:
раманчык. — Менск, 2003.Пасьлядоўнікам Васіля Быкава стаў Уладзімер Някляеў, які ў 1999 годзе з’ехаў у Польшчу і публічна заявіў, што матывы ягонай эміграцыі — палітычныя. Жыў ён таксама ў Фінляндыі, дзе нарэшце зразумеў, што ёсьць такая прафэсія — пісьменьнік. У эміграцыі Ўладзімер Някляеў напісаў раман «Лабух». Гэты твор прыкметны тым, што ў ім няма настальгічнага матыву, хіба што на ўзроўні глыбокага падтэксту. У гэты раман пад сьціплым аўтарскім жанравым вызначэньнем «раманчык» паэт сублімаваў няспраўджаную кар’еру музыкі, які «лабае» у кавярнях ды рэстарацыях. Займальны твор з мазаічным сюжэтам і пэўнай доляй эротыкі не пазбаўлены вострапалітычнай праблематыкі, дзе сярод іншага ўздымаецца і тэма эміграцыі.