26 красавіка адзначаецца 25-я гадавіна Чарнобыльскай катастрофы - найбуйнейшай у гісторыі атамнай энэргетыкі.
Наша экспэртка Ганна Янкута – пра Чарнобыль у беларускай літаратуры
Сьвятлана Алексіевіч. Чарнобыльская малітва: Хроніка будучыні.
Масква, “Время”, 2006Самая вядомая, бадай што, кніга пра Чарнобыль – напісаная на расейскай мове “Чарнобыльская малітва” Сьвятланы Алексіевіч. Ведаюць яе і ў нас, і ў сьвеце – каб упэўніцца ў гэтым, варта толькі зірнуць на бібліяграфію перакладаў і перавыданьняў. Кніга ўяўляе сабой збор гісторыяў людзей, чый лёс так ці інакш зачэплены Чарнобылем – гісторыі ліквідатараў, жыхароў зоны адчужэньня, жонкі пажарніка з дружыны, людзі якой трапілі на месца аварыі самымі першымі і першымі ж загінулі ад промневай хваробы, гісторыі тых, чые родныя памерлі ў страшных пакутах, гісторыя маці, у якой дзіця нарадзілася калекам. Тэма Чарнобыля доўгі час замоўчвалася (а асобныя праблемы замоўчваюцца і цяпер), а таму менавіта такая кніга – мастацка-дакумэнтальны твор – дапамагае зрабіць першы крок да яе асэнсаваньня. Бо каб асэнсаваць, трэба спачатку з усіх бакоў вывучыць. І, ня выключана, што грунтоўнае мастацкае асэнсаваньне праблемы аварыі на атамнай станцыі магчымае толькі пасьля кнігі Сьвятланы Алексіевіч, якая здолела сабраць каштоўны матэрыял – каштоўны яшчэ і тым, што многіх з яе рэспандэнтаў ужо няма жывых.
Алесь Адамовіч. Апакаліпсіс па графіку / Пер. з рас. М. Тычыны/
Менск, “Беларусь”, 1992Кніга “Апакаліпсіс па графіку” Алеся Адамовіча – гэта, магчыма, адна з самых важных беларускіх кніг пра Чарнобыль. Яна важная ўжо самім фактам свайго зьяўленьня – яна зьявілася, дзякуючы жаданьню Алеся Адамовіча расказаць жахлівую праўду, якую ён зразумеў, калі адразу пасьля катастрофы спрабаваў “дастукацца” да розных інстанцыяў і “выпрасіць” дапамогу для пацярпелых. Усе гэтыя “хаджэньні па пакутах” апісаныя ў кнізе; згадваюцца там і многія імёны – як тых, хто разам з Адамовічам спрабаваў “дастукацца” да ўлады, так і тых, праз каго маштабы трагедыі з кожным днём разрасталіся ўсё больш і больш.
Назва кнігі адсылае да згаданага ў ёй прадказаньня акадэміка В. А. Лягасава, які склаў спіс АЭС, дзе ў найбліжэйшай будучыні таксама былі магчымыя катастрофы – своеасаблівы “графік Апакаліпсісу”. Аднак асноўная тэма кнігі – Чарнобыль і ўлада. Аўтар расказвае пра мажлівасьці, што былі страчаныя праз намэнклятурных дзеячаў, пра сотні тысячаў людзей, якіх трэба было своечасова выселіць і якіх ня выселілі, пра тое, як улады не пускалі людзей з заражаных раёнаў на першыя “Чарнобыльскія шляхі” і ўсяляк перашкаджалі распаўсюду інфармацыі пра бедства – фактычна, выракалі людзей на хваробы і сьмерць. Кніга Адамовіча і сёньня, калі прайшло амаль дваццаць гадоў з моманту яе выданьня, прымушае задаваць сабе пытаньні: а што адбываецца там ЦЯПЕР? Чаму мы зноў жа нічога пра гэта ня ведаем?
Уладзімер Някляеў. Зона: паэма / Ул. Някляеў. Паэмы/
Менск, “Лімарыюс”, 2010Паэму “Зона” Уладзімера Някляева можна знайсці ў двух зборніках – у “Прошчы” (1996) і ў “Паэмах” (2010), аднак зборнік “Прошча” на сёньняшні дзень – ледзь не бібліяграфічная рэдкасьць, а таму нашмат прасьцей звярнуцца да новага выданьня, тым больш што ў ім сабраныя і іншыя паэмы паэта, знайсьці якія часам нават цяжэй, чым “Прошчу”.
Сама паэма напісаная фактычна па гарачых сьлядах падзеяў – у 1986 годзе, і лірычны герой звяртаецца адразу да найвышэйшай інстанцыі – да Бога, які пасьля катастрофы страчвае сваю веліч і робіцца атамным богам “будучых нашых дарог” і богам зонаў. Зрэшты, нават гэтая інстанцыя бясьсільная перад трагедыяй: “Ня я вінаваты / Вялікіх лічбаў закон / Ня ўлічвае дробных стратаў”. Ня проста бясьсільная – амаль зьнікае, “за яго цэзій. Плутоній. Стронцый”. Лірычны герой паэмы – нават не багаборац, які падымаецца да ўзроўню свайго бога, хутчэй бог у паэме робіцца чалавекам і зьдзіўлена, амаль зьнясілена аглядае зону. Паэт спрабуе асэнсаваць Чарнобыль як унівэрсальную праблему, як падзею, якая фактычна зьмяняе сьветапогляд чалавека, асэнсаваць “закон вялікіх лічбаў”, пралічыць які немагчыма, і гэта робіць існаваньне яшчэ больш хісткім, чым яно было раней. І калі Сьвятлана Алексіевіч проста канстатуе факты, Алесь Адамовіч задае пытаньні, то Уладзімер Някляеў пераводзіць гэтыя пытаньні ў філясофскае рэчышча.
Рыгор Барадулін. Быць! = To be!
Менск, “Рыма-каталіцкая парафія сьв. Сымона і сьв. Алены”, 2006Дзьвюхмоўная кніга Рыгора Барадуліна “Быць! = To be!” выйшла да дваццацігодзьдзя катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. У вершах Рыгора Барадуліна, прысьвечаных Чарнобылю, зьяўляюцца вусьцішныя вобразы міталёгіі новага часу: Адам, у якога вымаюць рабро і спальваюць, каб праверыць на наяўнасьць стронцыю, плянэта, якая ў момант Апакаліпсісу пасыпае галаву радыёактыўным попелам, бабулька, якая ў сакрэце ад Перуна паліць печку радыёактыўнымі дровамі. І вусьцішна гучаць новыя словы малітвы: “Хай сьвеціцца імя Тваё, / Беларусь, / У стронцыі, цэзіі, літыі!”, у якой перагукаюцца словы “Радыяцыя” і “Радаўніца”. Як заўсёды ў творчасьці Рыгора Барадуліна, адмысловае месца ў зборніку займае вобраз маці, які плаўна перацякае ў вобраз Беларусі, што робіцца пасьля Чарнобылю ўдавой.
Сяргей Законьнікаў. Беларускае сэрца: ПубліЦыстычны роздум, эсэ.
Менск, “Беларусь”, 1993Самы вядомы твор Сяргея Законьнікава пра Чарнобыль – паэма “Чорная быль”, якая выйшла ўвесну 1989 году, праз тры гады пасьля катастрофы. Наўздагон паэме Законьнікаў выдаў кнігу “Беларускае сэрца”, дзе пра праблему Чарнобыля разважае ўжо ў больш шырокім ключы. Калі ў разьдзеле кнігі “Дэфіцыт праўды (Чытаючы пошту “Чорнай былі”)” пісьменьнік вяртаецца да асэнсаваньня пытаньняў, што закраналіся ў паэме, і многія яго разважаньні збольшага сугучныя разважаньням Алеся Адамовіча ў кнізе “Апакаліпсіс па графіку” (дарэчы, абодва выданьні выйшлі ў сэрыі “Плошча свабоды”), то ўся кніга ўвогуле прысьвечаная праблеме “Чарнобылю духоўнага” – атмасфэры маны ў савецкім грамадзтве, закрыцьцю беларускіх школаў, выкараненьню нацыянальнай культуры. Сяргей Законьнікаў спрабуе адшукаць сувязь паміж гэтымі двума Чарнобылямі і адказаць на пытаньне: як жыць далей, у новых умовах, як выпраўляць свае і чужыя памылкі? Кніга выйшла больш чым пятнаццаць гадоў таму, а праблемы засталіся тыя ж…