Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Банкаўскія "звышгадавыя" не выклікаюць даверу


Востры фінансавы крызіс справакаваў рэзкі адток зь дзяржаўных і камэрцыйных банкаў ня толькі рублёвых, а нават і валютных укладаў. Людзям спакайней, калі іх грошы будуць знаходзіцца у панчохах ці пад матрацам, але пад кантролем. Спробы завабіць назад насельніцтва завоблачнымі працэнтамі плёну ня маюць: абяцаныя 20% гадавых па рублёвых укладаньнях літаральна за некалькі дзён могуць страціць ў вартасьці напалову.

Паводле афіцыйных дадзеных, яшчэ да 1 сакавіка насельніцтва трымала ў беларускіх банках блізу 5 мільярдаў даляраў у эквіваленце (дакладна -- 4 мільярды 700 мільёнаў даляраў). Гэта нават больш, чым золатавалютныя рэзэрвы дзяржавы. Аднак сапраўдны хаос, які ўжо больш за два месяцы пануе на фінансавым рынку, прывёў да таго, што толькі за красавік беларусы забралі грошай амаль на 460 мільёнаў даляраў. Іншымі словамі, практычна 10% ад усёй валюты, якую фізычныя асобы захоўваюць у банках.

І хоць травеньскай статыстыкі пакуль няма, экспэрты канстатуюць, што ў гэтым месяцы тэндэнцыя ня толькі захавалася, але і ўзмацнілася -- асабліва пасьля таго, як Нацыянальны банк хоць дозамі, але пачаў адпускаць рубель. У выніку меней чым за тыдзень рубель абваліўся на 50% у параўнаньні з афіцыйным курсам, а на чорным рынку і ўвогуле больш, чым на 100%. Пры такім раскладзе, як кажа эканаміст
Ніякія працэнтныя стаўкі, якія б высокія яны не былі, ужо не дапамогуць

Аляксандар Сасноў, нават абяцаныя 20% гадавых па рублёвых укладах, нікога назад не завабяць:

"Ніякія працэнтныя стаўкі, якія б высокія яны не былі, ужо не дапамогуць. Справа ў тым, што за апошнія 3-4 дні курс абваліўся на 50%. А гэта значыць, што тыя ўклады, якія былі ў беларускіх рублях, адразу страцілі хай сабе не палову, але вельмі істотна. Таму 20% гадавых ніяк не дапамогуць. Які сэнс трымаць у беларускіх рублях, калі зьбяднеў за два дні?".

Карэспандэнт: "То бок, у крайнім выпадку могуць захоўваць у валюце?"

"У беларускія банкі ўкладваць ня будуць. Будуць складваць у шкляныя банкі. Наадварот, на мой погляд, апошняе забяруць. Ну, калі не апошняе, то вельмі многія вырашаць трымаць грошы дзесьці паблізу. Бо нават у валюце атрымліваецца што: ты пакласьці паклаў, але потым паспрабуй узяць назад. Ужо было такое, і не адзін раз".

Паказальна, што да сёлетняга сакавіка банкаўскія ўклады насельніцтва
У беларускія банкі ўкладваць ня будуць. Будуць складваць у шкляныя банкі

дэманстравалі выключна аптымістычную дынаміку. Асабліва гэта тычылася валютных дэпазытаў, колькасьць якіх пад 7-8% гадавых адзначалася стабільным ростам. Так, за студзень-люты ўклады фізычных асобаў у замежнай валюце павялічыліся на 7%. Агулам банкаўскія ўклады наблізіліся да 23 трыльёнаў рублёў, зь якіх валютныя склалі 4 мільярды 200 мільёнаў даляраў, астатнія – уласна рублёвыя.

Далейшае разьвіцьцё падзеяў агульна вядомае: нежаданьне ўладаў абвясьціць нават мінімальную дэвальвацыю ўрэшце прывяло да поўнага абясцэньваньня нацыянальнай валюты. Людзям нічога не засталося, як паспрабаваць захаваць зьберажэньні шляхам канвэртацыі. Аднак валюты на ўсіх не хапіла, і рублёвыя ўклады, якія гадамі абрасталі працэнтамі, у выніку пераўтварыліся ў бессэнсоўную грашовую масу.

Зрэшты, ёсьць "энтузіясты", якія абяцаюць разьвярнуць людзей разам зь іх зьберажэньнямі да фінансавых установаў. Стваральнік сумна вядомай "піраміды" МММ Сяргей Маўродзі на гэтым тыдні яшчэ раз зьвярнуўся да беларускіх уладаў і канкрэтна да Аляксандра Лукашэнкі з прапановай сваіх паслугаў. Маўродзі паабяцаў паўтарыць "фокус", які ў сярэдзіне 1990-х ён паказаў дзясяткам мільёнаў чалавек, і тыя без аніякага прымусу прынесьлі яму свае зьберажэньні:

"Ніякага сумневу ў тым, што цяперашняя ваша каманда – эканамісты, фінансісты ўсе гэтыя – ніякіх рашэньняў ня знойдуць. Яны не знайшлі да гэтага часу, ня знойдуць і далей. Будуць раіць стандартныя шляхі, якія ў дадзенай сытуацыі ўжо позна праходзіць, гэта як мёртваму прыпарка. Патрэбныя зусім іншыя, альтэрнатыўныя шляхі. Вось я вам прапаную абсалютна канкрэтныя і рэальныя шляхі. Дазволіць МММ і такім чынам выратаваць насельніцтва ад непазьбежнай катастрофы. І выпусьціць паралельна дзяржаўныя каштоўныя паперы з абмежаванай надзейнасьцю. Гэта вельмі хутка стабілізуе сытуацыю, і ўжо тады, атрымаўшы перадышку, вы зможаце асэнсоўваць, што рабіць далей. Прынамсі, вы выйдзеце з гэтага абсалютна катастрафічнага піке, у якім зараз знаходзіцеся".

Досьвед паказвае, што ўрады некаторых краінаў, калі трапляюць у незайздроснае фінансавае становішча, наўпрост зьвяртаюцца па дапамогу да насельніцтва. У выніку праз выпуск аблігацый і сумеснымі намаганьнямі сытуацыя збольшага нармалізуецца. Але пры гэтым патрабуецца адно – каб народ хоць крыху давяраў сваім кіраўнікам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG