Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Някляеў: «Калі беларус — гэта не дыягназ, мы павінны выйсьці са шпіталя для духоўна хворых»


Сёньня ў судзе Фрунзэнскага раёну Менску завяршыліся судовыя спрэчкі — выступілі тры адвакаты абвінавачаных Насты Палажанкі і Ўладзімера Някляева, а таксама ўсе шасьцёра падсудных выступілі з апошнімі словамі.

Уладзімер Някляеў у сваім апошнім слове зьвярнуў увагу на тое, што суд па іроніі лёсу знаходзіцца на вуліцы Дуніна-Марцінкевіча, і прачытаў фрагмэнт зь «Пінскай шляхты: «Свідзецелям, каторыя відзелі драку і не разьнялі дзерушчыхся — па 10 лоз на дыване і па 10 рублёў штрафа в пользу врэменнага прысутствія; всем прочым, каторыя не відзелі дракі, за то, што не відзелі…» І далей па тэксьце клясыка.

«Хіба яно ня так?.. Хіба гэтая фантасмагорыя, гэты суд у вар’ятні, у якую ўсіх нас — каго судзьдзёй, каго пракурорам, каго падсудным — загнала ўлада, не рэальнасьць?.. Хіба „врэменнае прысутствіе“ судзіць мяне не за тое, што я „ня відзеў дракі, а цем самым і ня мог разьняць дзерушчыхся“?

Усім вядома: у вар’ятню лёгка трапіць — складана зь яе выйсьці. Асабліва калі табе даводзяць, што ты сам зрабіў выбар: прагаласаваў за тое, каб жыць у вар’ятні. Але калі мы нармальныя людзі, калі беларус — гэта не дыягназ, мы павінны выйсьці са шпіталя для духоўна хворых. Разам з дактарамі і санітарамі».

Апошнія словы шасьцярых абвінавачаных былі розныя зьместам, настроем, танальнасьцю. Пасьля выступу кожнага з падсудных прысутныя ў залі гучна апладзіравалі. Гэта выклікала рэзкія заўвагі судзьдзі.

Аляксандар Фядута ў сваім выступе зрабіў своеасаблівую «працу над памылкамі»:

«Цяпер пра нашы памылкі. Яны былі, гэта трэба прызнаць. Трэба суцішыць уласныя амбіцыі, размаўляць адзін з адным і слухаць адзін аднаго. Тое, што адбылося, стала магчымым не таму, што была змова, а таму, што яе не было. Таму што штабы напярэдадні ня здолелі дамовіцца, не змаглі скаардынаваць свае дзеяньні і забясьпечыць поўны парадак».

Наста Палажанка пасьля працэсу падзялілася сваімі ўражаньнямі:

«Наш суд вельмі моцна адрозьніваецца ад усіх астатніх, таму што ўсе мы знаходзімся на лаве, нікога няма ў клетцы. Сёньняшнія прамовы акрыленыя тым, што мы ўпэўненыя, што выйдзем 20 траўня з залі суду. І ўсё гэта сьледзтва, усе 10 дзён глупага бяспамяцтва гэтага судовага працэсу каштавалі гэтага апошняга дня з такімі пранікнёнымі прамовамі і ўпэўненасьцю людзей, якія, не баючыся, выступалі і былі перакананыя ў сваёй невінаватасьці».

Віталь Рымашэўскі ў сваім апошнім слове паспачуваў судзьдзі і пракурору, сказаў, што не зайздросьціць ім. Вельмі ганарыцца, што ён знаходзіцца на лаве падсудных зь лепшым паэтам, падзякаваў усім паплечнікам па лаве падсудных. Пасьля працэсу выказаў такое меркаваньне:

«Мне было цікава паслухаць маіх калег, адвакаты таксама цудоўна выступалі. Але, безумоўна, радасьці ніякай няма на фоне тых вынікаў, якія пракурор папрасіў на працэсе Статкевіча і Вуса. Ім запатрабавалі самыя вялікія тэрміны. Проста жахліва тое, што адбываецца. Пакуль што рэпрэсіі ня спыненыя. Калі я застануся на свабодзе (ня ведаю, судзьдзя можа розны вырак вынесьці, і больш жорсткі, чым папрасіў пракурор) — трэба вызваляць іншых несправядліва асуджаных людзей».

Прысуд Някляеву, Рымашэўскаму, Фядуту, Вазьняку, Дзьмітрыеву і Палажанцы судзьдзя вынесе 20 траўня а 16-й гадзіне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG