Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Някляеў: Мы павінны выйсьці са шпіталю для духоўна хворых




— Сьледчы па маёй справе, калі скончыліся допыты і можна было размаўляць больш-менш па-чалавечы, распавёў мне гісторыю пра свайго маленькага сына.

Ягоны сын ходзіць у дзіцячы садок. Бацька забірае яго, вядзе дахаты і, як звычайна, пытае: «Што сёньня рабіў, што было цікавага?» «Па-ангельску размаўляць вучыліся!» — падскокваючы, адказвае сын. «Ды ну! — зьдзіўляецца бацька. — І якія словы ты вывучыў?» «Дзякуй і да пабачэньня!» — адказвае беларусу-бацьку беларус-сын.

Сьледчы Камітэта дзяржаўнай бясьпекі, падпалкоўнік юстыцыі распавёў гэтую гісторыю як вясёлую — і доўга думаў, калі я спытаў: «Вы хоць разумееце, што вы мне расказалі?..»

Я хачу, каб мы думалі хутчэй. Бо часу, каб падумаць і зразумець, а галоўнае, пасьпець нешта зрабіць, не засталося. Амаль.

Калі маленькі беларус, прамаўляючы словы на роднай мове, мяркуе, што ён прамаўляе іх па-замежнаму, гэта нацыянальная катастрофа! І яе ўжо немагчыма прадухіліць адукацыйнымі, культуралягічнымі высілкамі. Захаваць нас як нацыю могуць толькі неадкладныя палітычныя рашэньні! Вось найпершая прычына, па якой я, паэт, апынуўся ў палітыцы. Скарыстаўшы перад тым усе, якія толькі можна скарыстаць, іншыя магчымасьці. Пісаў беларускія вершы, паэмы, песьні, апавяданьні, аповесьці, працаваў у часопісах, у газэтах, на тэлебачаньні, у Саюзе пісьменьнікаў, вёў перамовы з уладай, угаворваў яе стаць беларускай — нічога не дапамагала! Нідзе і нічога не вырашалася! Я ўгаворваю, а мне адказваюць, што па-беларуску нельга сказаць нічога вялікага! Толькі па-руску, па-кітайску і па-ангельску. І хто мне такое кажа? Кітайскі імпэратар? Рускі цар? Ангельская каралева? Не, беларускі прэзыдэнт. Тады «дзякуй і да пабачэньня»!

Вось мы і пабачыліся на прэзыдэнцкіх выбарах. Вынік іх — гэты суд.

Зразумела, на гэтым судзе я не толькі праз тое, што адстойваю беларускую Беларусь. Я тут найперш праз тое, што не прымаю Беларусь дыктатарскую, адстойваючы Беларусь дэмакратычную.
Я тут найперш праз тое, што не прымаю Беларусь дыктатарскую, адстойваючы Беларусь дэмакратычную.

Але зноў жа: дэмакратыю нельга збудаваць ні на чым. Неабходны падмурак — і ён у нас ёсьць. Гэта наша гісторыя, у якой быў парлямэнт, які выбіраў тых, хто кіраваў дзяржавай. Гэта наша мова, на якой быў напісаны Статут Вялікага Княства Літоўскага: канстытуцыя, што стала ўзорам для пазьнейшых дэмакратычных канстытуцый Эўропы і сьвету. Гэта наша культура, якая дала ўсходняй Эўропе першаасьветную постаць Францыска Скарыны. Вось тыя глыбы, на якіх павінна паўстаць і паўстане дэмакратычная Беларусь, зьмёўшы з гэтага падмурку друз і пыл дыктатуры.

Я на гэтым судзе праз тое, што хацеў, каб зьмесьці сьмецьце дыктатуры дапамаглі нам суседзі з усходу і захаду, Расія і Эўразьвяз. Я хацеў, каб яны паразумеліся ў гэтым— і не цягнулі Беларусь, як коўдру, кожны на сябе. Каб яны ўбачылі Беларусь не паміж сабой, а побач з імі, з імі разам. Гэтаксама, як і Украіну. Толькі ў такім выпадку можа паўстаць адзіная Эўропа ад Альпаў да Урала — тая геапалітычная прастора, якую мусім мы стварыць, каб захаваць эўрапейскую цывілізацыю.

Эўрапейская цывілізацыя — канглямэрат нацыянальных культур, нацыянальных ідэй, энэргетыкай якіх былі створаныя магутныя нацыянальныя эканомікі, збудаваныя моцныя дзяржавы, што склалі Эўразьвяз.

Прадуктыўная ідэя здольная выпрацаваць больш энэргіі, чым любая АЭС. Так было і ёсьць і ў Эўропе, і ў Амэрыцы, і ва ўсім сьвеце. Амэрыканцы ня мелі нічога, каб стаць амэрыканцамі, але яны, займеўшы незалежнасьць, стварылі нацыянальную культуру, сфармавалі нацыянальную ідэю — і сталі амэрыканцамі.
У нас жа, каб стаць беларусамі, было ўсё, а мы, займеўшы незалежнасьць, нічым з таго, што назапасілі і пакінулі нам продкі, не скарысталіся — і нікім не сталі.

У нас жа, каб стаць беларусамі, было ўсё, а мы, займеўшы незалежнасьць, нічым з таго, што назапасілі і пакінулі нам продкі, не скарысталіся — і нікім не сталі. Ці, як горда заявіў той, хто называе сябе беларускім прэзыдэнтам, сталі «рускімі са знакам якасьці». Што гэта за нацыя такая?..

Такое «вырашэньне нацыянальнага пытаньня» зьняважлівае як для рускіх, так і для беларусаў, з якімі дыктатура гуляе ў гульню пад назваю «любімы народ і любімы правадыр». Гэта любімая гульня любой дыктатуры. Яна — інструмэнт маніпуляцый масавай сьвядомасьцю, народнай воляй. Яна — мана, у той час як сапраўдная любоў ёсьць праўда. Менавіта так — праз праўду — выявіў сваю любоў да людзей Бог, які даў нам маральныя законы.

Усьвядомленая нацыянальная ідэя — гэта ўсьвядомленая адказнасьць перад тым і перад тымі, да чаго і да каго ты прыналежыш. Яна дазваляе ўзьняць узровень маральных патрабаваньняў да кожнага грамадзяніна і грамадзтва ў цэлым. Яна вымагае сказаць няхай горкую, але праўду. Я казаў і кажу, і буду казаць: той, хто паступаецца годнасьцю і свабодай, не заслугоўвае павагі. Гэты маральны імпэратыў унівэрсальны, аднолькава справядлівы як у дачыненьні да асобнага чалавека, гэтак і ў дачыненьні да народа.

Я ўдзячны беларусам, якія 19 сьнежня выйшлі на Плошчу — і захавалі годнасьць нацыі.

Нацыю час ратаваць. Да пагрозы зьнікненьня мовы і культуры дадалася пагроза абрушэньня эканомікі, а праз тое — пагроза страты незалежнасьці.

Неабходныя неадкладныя дзеяньні, каб гэтага пазьбегнуць.

Найгоршае з усяго, што ў такой сытуацыі можна зрабіць — шукаць вінаватых. Паглыбляць раскол грамадзтва. А менавіта гэтым праз паказальныя суды над сваімі палітычнымі апанэнтамі якраз і займаецца ўлада.

Я прапаную іншае. Улада адмаўляецца ад рэпрэсій — мы адмаўляемся ад неадкладнага патрабаваньня новых прэзыдэнцкіх выбараў. Вызваляюцца ўсе палітычныя зьняволеныя — і з удзелам прадстаўнікоў улады і ўсіх апазыцыйных партый, рухаў, аб’яднаньняў ствараецца Камітэт нацыянальнага выратаваньня. Самастойна ўлада выправіць сытуацыю няздольная. Яна рухне разам з абвалам эканомікі, але нельга дапусьціць, каб пад яе абломкамі была пахаваная незалежная Беларусь.

Трагізм сытуацыі, у якой знаходзіцца наша грамадзтва, выяўлены ў драме геніяльнага Янкі Купалы «Тутэйшыя» яшчэ напачатку мінулага стагодзьдзя. А яшчэ раней Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, іменем якога названая вуліца, на якой мяне судзяць, прадбачыў нават гэты суд. «Расследавав дзела саабразна ўказу всеміласцівейшага гасудара марта 69 дня паследававшага і прымяняясь к Статуту літоўскаму раздела 5-га, параграфа 18-га, свідзецелям, каторыя відзелі драку і не разнялі дзерушчыхся — па 10 лоз на дыване і па 10 рублёў штрафа в пользу врэменнага прысутствія; всем прочым, каторыя не відзелідракі, за то, што не відзелі, а цем самым і не маглі разняць дзерушчыхся, назначается па 5 лоз на дыване і па 5 рублёў штрафу в пользу врэменнага прысутствія!»

Хіба яно не так?.. Хіба гэтая фантасмагорыя, гэты суд у вар’ятні, у якую ўсіх нас — каго судзьдзёй, каго пракурорам, каго падсудным — загнала ўлада, не рэальнасьць?.. Хіба «врэменнае прысутствіе» судзіць мяне не за тое, што я «не ведзеў дракі, а цем самым і не мог разняць дзерушчыхся»?
Хіба «врэменнае прысутствіе» судзіць мяне не за тое, што я «не ведзеў дракі, а цем самым і не мог разняць дзерушчыхся»?

Усім вядома: у вар’ятню лёгка патрапіць — складана з яе выйсьці. Асабліва, калі табе даводзяць, што ты сам зрабіў выбар: прагаласаваў за тое, каб жыць у вар’ятні. Але, калі мы нармальныя людзі, калі беларус — гэта не дыягназ, мы павінны выйсьці са шпіталю для духоўна хворых. Разам з дактарамі і санітарамі.

Мы не дачакаемся зьмен, калі не пачнём мяняцца.

Я не хачу сказаць, што нехта, судзьдзя ці пракурор, не перажываюць праз тое, што зьнікае наша мова, культура, што Беларусь нібыта ёсьць — і ў той жа час яе нібы няма. Я не сьцьвярджаю, што нікому, апроч мяне, яно не баліць. Баліць. Розьніца ў тым: як? Розьніца толькі ва ўзроўні болю.

Мне гэты боль трываць стала немагчыма. Таму я прыйшоў у палітыку, таму пайшоў на выбары — таму я на гэтым судзе.

Гэта палітычны суд. За што мяне судзяць?..

Мяне судзяць за тое, што я паспрабаваў стаць прэзыдэнтам. Я гатовы прызнаць віну ў тым, што прэзыдэнтам не стаў.

Мяне судзяць за тое, што я дамагаўся свабодных, справядлівых, дэмакратычных выбараў. Я гатовы прызнаць віну ў тым, што свабодных, справядлівых, дэмакратычных выбараў дамагчыся не змог.

Мяне судзяць за Плошчу. Я гатовы прызнаць віну ў тым, што не дайшоў да яе. Калі прысуд мне будзе вынесены за гэта, я прыму яго. Ні ў чым іншым я не вінаваты і не прыму ні за што іншае аніякага прысуду, апроч апраўданьня!

Дзякуй і да пабачэньня!
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG