Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналіст Аляксандр Класкоўскі атрымаў ад сына першы ліст


Вязень КДБ Аляксандар Класкоўскі-малодшы
Вязень КДБ Аляксандар Класкоўскі-малодшы
Вядомы журналіст і палітоляг Аляксандр Класкоўскі, бацька арыштаванага па справе аб масавых беспарадках у Мінску 19 сьнежня былога міліцыянта Аляксандра Класкоўскага, атрымаў ад сына першы за тры месяцы ліст.

Класкоўскі-старэйшы зьвязвае гэта з тым, што ў мінулую пятніцу, 11 сакавіка, газэта "Народная воля" апублікавала яго адкрыты ліст на імя генэральнага пракурора Беларусі Рыгора Васілевіча. У лісьце Аляксандр Класкоўскі патрабаваў забясьпечыць сыну, які знаходзіцца ў сьледчым ізалятары КДБ, магчымасьць нармальна весьці перапіску і сустракацца з адвакатам.

На думку Класкоўскага-старэйшага, такім чынам "удалося прарваць
інфармацыйную блякаду". Ён указвае на тое, што за увесь пэрыяд турэмнага зьняволеньня сына не атрымліваў ад яго ніводнага ліста. А мяркуючы па нешматлікіх лістах, якія атрымала жонка Класкоўскага-малодшага, ён, у сваю чаргу, не атрымліваў лісты ад маці і сястры. Зараз, як піша Класкоўскі-малодшы, сытуацыя зьмянілася, і да яго сталі даходзіць лісты ад сваякоў.

Адкрыты зварот да генпракурора, мяркуе Класкоўскі-старэйшы, таксама садзейнічаў атрыманьню яго сынам юрыдычнай дапамогі. У звароце, нагадаем, гаварылася пра тое, што сыну Класкоўскага, як і іншым арыштаваным па справе 19 сьнежня, не забясьпечана належная юрыдычная дапамога, у прыватнасьці не даецца магчымасьць сустрэчы з адвакатам сам-насам, як гэта прадугледжана законам. "Зараз сын піша ў лісьце, што напісаў адпаведную заяву і спадзяецца найбліжэйшымі днямі на сустрэчу з адвакатам", — сказаў бацька арыштаванага.

Паводле яго слоў, сын паведамляе, што атрымаў ліст ад бацькі ў пятніцу, 11 сакавіка. Менавіта ў той дзень, падкрэсьліў Класкоўскі-старэйшы, у "Народнай волі" быў апублікаваны зварот да Васілевіча. Паводле слоў бацькі зьняволенага, з улікам таго што з абанэмэнтнай скрыні № 8 карэспандэнцыя для вязьняў "амэрыканкі" вымаецца па аўторках, можна зрабіць выснову, што тры дні гэты ліст, відаць, трымалі і пасьля рэзанансу ў прэсе аддалі.

З гэтага бацька арыштаванага робіць выснову: "Усё-такі галоснасьць дзейнічае, і грамадзкасьці трэба біць у званы, зьвяртаць увагу на факты парушэньня закону ў дачыненьні да тых асоб, якія утрымліваюцца ў гэтак званай "амэрыканцы". На думку Класкоўскага-старэйшага, "у выніку гэта усё-такі прымушае прадстаўнікоў сілавога ведамства уносіць карэктывы ў сваю палітыку адносна арыштаваных і прытрымлівацца хаця б элемэнтарных нормаў закону".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG