Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ключык да дэмагогіі ППРБ


Ня ведаю, як вам, але мне інтэрвію Элізабэт Уэймаўт з Аляксандрам Лукашэнкам для Washington Post чыталася з пачуцьцём ніякаватасьці і зьбянтэжанасьці. І мне яшчэ пры гэтай нагодзе стала крыху крыўдна – за прафэсію.

Як пачаткоўка

Элізабэт Уэймаўт – вядомая амэрыканская журналістка з амаль 40-гадовым прафэсійным стажам, якая пісала ў такія выданьні, як The New York Times Magazine, Esquire, Atlantic Monthly, Los Angeles Times, Newsweek. А цяпер яна працуе для Washington Post – выданьня, якое належыць ейнай сям’і.

Але ў інтэрвію зь першым прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь спадарыня Ўэймаўт нарабіла столькі памылак, што аж ня верыцца, што гэтую размову правяла не дэбютантка, а асоба, якая, як той казаў, зьела зубы на сваёй прафэсіі.

У мяне няма часу і месца пералічваць усе ейныя памылкі, але пра дзьве-тры зь іх нельга не сказаць.

Па-першае, спадарыня Ўэймат недастаткова вывучыла тэму інтэрвію. А таму ў яе здараліся такія праколы, як, напрыклад, цьверджаньне, што Беларусь жыве зь перапродажу расейскага газу. Ну, але гэта – толькі частка ейнай бяды, прытым ня самая істотная.

Самае важнае – спадарыню Ўэймат недастаткова паінфармавалі пра асобу, зь якой ёй выпала гутарыць. Аляксандар Лукашэнка – майстар палітычнай дэмагогіі, які авалодаў дэмагагічнымі прыёмамі амаль у найвышэйшай ступені (а магчыма, што і нарадзіўся зь імі). Ня ведаць пра гэта – невыбачальна для журналіста.

Да таго ж спадарыня Ўэймаўт, як журналістка-пачаткоўка, замест таго, каб самой ставіць пытаньні і зьбіваць з панталыку суразмоўцу, пачала адказваць на пытаньні, якія ёй ставіў Лукашэнка.

Мала таго, яна раз-пораз выпадала з ролі журналісткі і гаварыла так, як быццам працавала не ў незалежнай газэце (якая ў дадатку належыць асабіста ёй), а ў адміністрацыі прэзыдэнта ЗША. То бок замест таго, каб прымусіць суразмоўцу тлумачыць, чаму ён б’е палітычных апанэнтаў у Беларусі, яна спрабавала яму тлумачыць, “чаму ў Амэрыцы б’юць нэграў”.

Усё гэта было і раней

Лёгка табе тут пісаць! – чую ўсклікі чытачоў. Яшчэ нікому не ўдалося зьбіць з панталыку ППРБ настолькі, каб ён выпаў са сваёй ролі прамоўцы і дэмагога, а пастараўся прыняць ролю суразмоўцы і адказаць на пытаньне па сутнасьці, то бок сказаць пра тое, пра што ў яго пытаюцца, а не пра тое, пра што ён хацеў бы, каб у яго пыталіся.

Так, гэта праўда, нікому не ўдалося. Але гэта ня значыць, што ня трэба спрабаваць. Спадарыня Ўэймаўт спрабавала гэта рабіць, але непераканаўча і зь мізэрным вынікам. Ключыка да дэмагогіі ППРБ і яна не падабрала. Затое, так бы мовіць, яна адказала ў гэтым інтэрвію за ўсе грахі Амэрыкі – якімі іх бачыць Аляксандар Лукашэнка.

Расейскі пісьменьнік Юры Несьцярэнка зьмясьціў у інтэрнэце даволі цікавы тэкст, у якім пастараўся клясыфікаваць, як падаецца, большасьць вядомых дэмагагічных прыёмаў і хадоў у дыскусіі. Ён ідэнтыфікаваў ці ня 40 такіх прыёмаў, якімі спрытны дэмагог можа разбураць – прынамсі ў вачах публікі – аргумэнтацыю нават найбольш лягічнага суразмоўцы, дый яшчэ такога, у якога дыплём Гарвардзкага ўнівэрсытэту.

Варта пачытаць тэкст Несьцярэнкі хаця б таму, каб пераканацца, наколькі неарыгінальны Аляксандар Лукашэнка ў сваёй тактыцы вядзеньня размовы. Да яго гэтак жа рабілі сотні дэмагогаў, пасьля яго гэтымі прыёмамі будуць карыстацца таксама сотні. Аднак мусім прызнаць, што факт, што дэмагогія вядомая ад вякоў, ніяк не прымяншае майстэрства актора, які ёй карыстаецца. Асабліва такога актора, як ППРБ.

У сваёй стыхіі

Давайце паглядзім на некаторыя месцы інтэрвію Лукашэнкі і пастараемся падшукаць для іх этыкеткі, якія выпісаныя ў артыкуле згаданага Юрыя Несьцярэнкі. Калі не для павучэньня, дык для пацехі.

1. Уэймаўт пытаецца, чаму Лукашэнка так рэзка разьвярнуўся 19 сьнежня, калі ЗША спадзяваліся, што ягоная палітыка пасьля выбараў стане яшчэ больш адкрытай. Лукашэнка: “Мы таксама спадзяваліся на тое, што амэрыканцы і Эўропа – гэта прыстойныя людзі, якія вельмі зацікаўленыя ў тым, каб наша краіна была сувэрэннай і незалежнай, і што вы можаце будаваць з намі прыстойныя адносіны”. Прыёмы: ігнараваньне аргумэнтацыі (адвод дыскусіі ў бок); дыскрэдытацыя аргумэнтацыі (абраза суразмоўцы).

2. Уэймаўт кажа, што выбары прайшлі недэмакратычна, бо альтэрнатыўныя кандыдаты, між іншым, мелі замала эфірнага часу. Лукашэнка: “Па выбарах ні амэрыканцы, ні эўрапейцы – афіцыйныя і іншыя асобы – ня мелі да нас прэтэнзій. Вось вы – першы чалавек, якога я сустракаю, амэрыканка, якая кажа аб недэмакратычнасьці выбараў. Ніхто пад сумнеў выбараў не паставіў. Таму што ўсе кандыдаты ў прэзыдэнты мелі магчымасьць выступаць у беларускіх сродках масавай інфармацыі. (...) Пытаньне ня ў гэтым. Пытаньне ў тым, Элізабэт, з чым яны прыйшлі на выбары, што яны сказалі беларускаму народу. Нічога, акрамя таго, што Лукашэнку трэба расстраляць, павесіць, прыбраць і так далей. Прыёмы: бяздоказныя цьверджаньні (атаясамліваньне часткі з цэлым – працэсу галасаваньня з усім выбарчым працэсам); прамое бяздоказнае цьверджаньне (пра расстрэл і павешаньне); дыскрэдытацыя аргумэнтацыі (паклёп на апанэнтаў).

3. Уэймат пытаецца пра адмову ў рэгістрацыі хрысьціянскіх дэмакратаў. Лукашэнка: “А беларускія хрысьціянскія дэмакраты, мусіць, у Беларусі ніколі не зарэгіструюцца пасьля ўчыненых імі пагромаў 19 сьнежня. Гэта не хрысьціянскія дэмакраты – гэта бандыты пад шыльдай хрысьціянскіх дэмакратаў”. Прыёмы: бяздоказныя цьверджаньні (некарэктнае выкарыстаньне квантара агульнасьці, некарэктная індукцыя, атаясамленьне часткі і цэласьці); дыскрэдытацыя аргумэнтацыі (выкарыстаньне эмацыянальна афарбаванай тэрміналёгіі – “бандыты”).

4. Уэймаўт: “Нават у нашай газэце, якая нам належыць, мы не кантралюем зьместу таго, што нашы рэпартэры пішуць, у нашай жа газэце”. Лукашэнка: “Добры дзень, прыехалі... Вы гэта робіце іншымі мэтадамі. І ўсё ў вас кантралюецца. Чаго ж вы задумалі валтузьню з гэтым “Вікіліксам”, з гэтым (як яго?) Асанжам?” Прыёмы: бяздоказныя цьверджаньні (спасылка на стэрэатыпы – "вы гэта робіце іншымі мэтадамі"); ігнараваньне аргумэнтацыі(адвод дыскусіі ў бок).

5. Лукашэнка кажа іранічна, што Беларусь не дарастае да амэрыканскай дэмакратыі. На што Ўэймаўт рэагуе пытаньнем, а чаму пад ягоным кіраўніцтвам Беларусь ня можа дарасьці да дэмакратыі і мяняць лідэраў, як у Амэрыцы. Лукашэнка: “Палітычныя фігуры мяняць, Элізабэт, гэта ня значыць мяняць палітычны лад краіны і курс вашай краіны. Вось дэкарацыі ў вас мяняюцца, а курс застаецца ранейшым – дыктатарскім. І што тут лепш – цяжка сказаць: ці мяняць палітычныя фігуры, ці ўсё-ткі мяняць палітычны курс на міжнароднай арэне”. Прыёмы: бяздоказныя цьверджаньні (спасылка на стэрэатыпы); дыскрэдытацыя аргумэнтацыі (правакаваньне апанэнта – "ЗША як дыктатура").

І так далей, і да гэтага падобнае.

Дэмагогі ў гэтым сьвеце квітнеюць у першую чаргу таму, што абсалютная большасьць людзей, якая іх слухае, нават не стараецца лягічна думаць. А ўжо ў другую чаргу таму, што ім – дэмагогам – шанцуе або на радовішчы нафты і газу ў сваёй краіне, або на пастаўкі гэтай сыравіны зь іншай краіны са скідкай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG