Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Студэнт просіць ЭЗ уключыць у сьпіс неўязных кіраўніцтва ВНУ


Уладзімір Кумец, актывіст перадвыбарнага штаба кандыдата ў прэзыдэнты на выбарах-2010 Уладзіміра Някляева, просіць кіраўніцтва Эўразьвязу ўнесці кіраўнікоў Міжнароднага гуманітарна-эканамічнага інстытута ў спіс неўязных у краіны ЭЗ. Адпаведны зварот ён накіраваў 23 лютага на адрас вярхоўнай прадстаўніцы па замежных справах і палітыцы бясьпекі Кэтрын Эштан, паведамляе БелаПАН.

Уладзімір Кумец паведамляе, што быў адлічаны неўзабаве пасьля арганізацыі сходу мясцовых жыхароў па вылучэньні Някляева на Ўсебеларускі народны сход.

Былы студэнт прапаноўвае ўключыць у сьпіс ЭЗ генэральнага дырэктара інстытута Аляксандра Алпеева, рэктара Тамару Алпееву, а таксама старшыню аддзела кадраў Алену Сталярову, якія, паводле яго слоў, "кіравалі працэсам адлічэньня, падмянялі ведамасьці і давалі ілжывыя сведчаньні на судовым працэсе".

Актывіст нагадвае, што ў сьпіс ЭЗ уключаны рэктар Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэта Сяргей Абламейка. Кумец лічыць магчымым пашырыць сьпіс асобаў, якім забаронены ўезд у краіны Эўразьвязу, за кошт іншых адказных за рэпрэсіі ў дачыненьні да студэнтаў універсытэцкіх чыноўнікаў. Ён спадзяецца, што з яго возьмуць прыклад іншыя адлічаныя па палітычных матывах студэнты.

"Людзі парушаюць закон і павінны панесьці пакараньне", — адзначае былы студэнт у лісьце Эштан.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG