Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прысуд хуткі і жорсткі


Сваю рэакцыю на працэс і прысуд першаму падсуднаму па справе аб падзеях на плошчы Незалежнасьці ў Менску 19 сьнежня 2010 году Васілю Парфянкову выказваюць іншыя абвінавачаныя і падазраваныя па гэтай справе.

Андрэй Дзьмітрыеў
Былы кіраўнік перадвыбарчага штабу Ўладзімера Някляева Андрэй Дзьмітрыеў, абвінавачаны па той жа справе, што і Васіль Парфянкоў, мяркуе, што хуткі працэс, які доўжыўся адзін дзень, і жорсткі прысуд — 4 гады зьняволеньня ў калёніі строгага рэжыму — сьведчаць пра палітычную падаплёку справы:

«Мы зараз бачым, што ўлада спрабуе паказаць, што ніякія санкцыі, ніякі ўплыў на яе немагчымы. Тое, што яна абрала, яна будзе рабіць, нягледзячы ні на што».

Па сутнасьці ж судовай справы Парфянкова Андрэй Дзьмітрыеў зазначыў:

«У судзе казалі звычайныя рэчы: так, Парфянкоў быў актывістам, зьбіраў подпісы за Някляева, рабіў нейкія акцыі, але за гэта не атрымліваюць 4 гады строгага рэжыму. Што тычыцца біцьця шкла, якое зьяўляецца асноўным абвінавачваньнем, то гэта можна кваліфікаваць як не як масавыя беспарадкі, а як хуліганства. І тады гэта іншы артыкул і іншыя прысуды».

Натальля Радзіна
Яшчэ адну абвінавачаную па справе аб падзеях 19 сьнежня 2010 году ў Менску, Натальлю Радзіну, прысуд Парфянкову шакаваў:

«Магу сказаць, што гэта жудасна жорстка. І жорсткасьць гэтая зусім не апраўданая. Шок — гэта ўсё, што можна адчуць з гэтай нагоды».

Натальля Радзіна перакананая, што на працэсе Парфянкова абкатваецца схема, як судзіць астатніх:

«Зразумела, што будаваць абвінавачваньне абсалютна няма на чым. Ні ў адносінах да Парфянкова, якому няма чаго прад’явіць, ні ў дачыненьні да людзей, якіх абвінавачваюць у арганізацыі так званых беспарадкаў. Парфянкоў заяўляе, што кандыдаты на прэзыдэнта заклікалі правакатараў спыніць біцьцё шкла, а сам Парфянкоў гэтых шыбаў ня біў».

Натальля Радзіна ня верыць у справядлівасьць беларускай судовай сыстэмы, якая, на яе думку, залежыць ад загаду ўладаў. Няма даверу да правасудзьдзя і ў іншага абвінавачванага па гэтай справе, экс-кандыдата на прэзыдэнта Віталя Рымашэўскага, які лічыць, што сёньняшні суд ня быў аб’ектыўны:

Віталь Рымашэўскі
«Такі хуткі суд ня даў магчымасьці ні азнаёміцца са справай, ні абараніць абвінавачанага. На жаль, улада пакідае курс на жорсткія дзеяньні ў дачыненьні да дэмакратычнай супольнасьці. І гэта вядзе ў тупік і саму гэтую ўладу».

Спадар Рымашэўскі сёньня сам прыходзіў у судовую залю па справе Парфянкова:

«Відавочна ўсім, што па гэтым артыкуле доказаў ва ўлады няма. Асабліва што тычыцца кандыдатаў і іншых людзей, якіх абвінавачваюць у арганізацыі. Калі няма доказаў, то гэта хутчэй беспадстаўнае і паказное пакараньне, чым суд. Тое, што сёньня прагучала пра 60 удараў па шкле, гэта ніяк не падпадае пад артыкул аб масавых беспарадках, які быў прад’яўлены сёньня».

Віталь Рымашэўскі перакананы: у справе дастаткова доказаў таго, што ён асабіста ня толькі ня ўдзельнічаў у беспарадках, а наадварот, спыняў іх, на гэты конт ёсьць шмат сьведчаньняў:

«Але я ня маю ілюзіяў, што гэтыя доказы будуць прынятыя судом. Хутчэй, вядома, не».

Рыгор Кастусёў
Іншы былы кандыдат на прэзыдэнта Рыгор Кастусёў, таксама падазраваны па гэтай справе, сёньняшні працэс назваў «не юрыдычным, а палітычным». У справядлівасьць беларускай судовай сыстэмы ён таксама ня верыць:

«Агульны падыход нашых уладаў непрадказальны. І незалежна ад таго, ці былі парушэньні ў чалавека на плошчы, ці не былі, ён можа трапіць у турму паводле надуманых абставінаў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG