Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Масква зноў папярэдзіла, Менск зноў маўчыць


Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў чарговы раз заклікаў улады Беларусі вызваліць усіх затрыманых падчас мірнай акцыі апазыцыі ў дзень прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня. Ён прызнаў, што ў Расеі таксама здараюцца эксцэсы ў галіне правоў чалавека, але яны не ідуць ні ў якое параўнаньне з тым, што адбываецца ў Беларусі.

Сяргей Лаўроў лічыць беспрэцэдэнтным для ўсясьветнай практыкі выпадак, калі большая палова ўдзельнікаў прэзыдэнцкай гонкі знаходзяцца ў турме і пад падпіскамі аб нявыезьдзе.

Менск ігнаруе пазыцыю Масквы ў пытаньні вызваленьня расейскіх грамадзянаў Арцёма Брэўса і Івана Гапонава. Маладыя людзі адбылі адміністрацыйны арышт за удзел у несанкцыянаваным мітынгу 19 сьнежня, але цяпер ім пагражае да 8 гадоў зьняволеньня па тым жа абвінавачаньні, але ўжо Крымінальнага кодэксу. Сьледчыя адмовілі ў спыненьні крымінальнай справы супраць расейцаў, што дало амбасадзе Расеі падставу зрабіць выснову: лёс арыштаваных перадвызначаны яшчэ да суду і беларускі бок вядзе справу да таго, каб зладзіць "паказальны працэс".

Лідэр расейскай дэмакратычнай арганізацыі "Абарона" Алег Казлоўскі неаднаразова затрымліваўся ў Беларусі, адбываў пакараньне ў ізалятары на Акрэсьціна. І лічыць неабгрунтаванымі меркаваньні аб тым, што беларускія ўлады будуць намагацца атрымаць палітычныя ці эканамічныя дывідэнды ад "гандлю" затрыманымі расейскімі грамадзянамі:

Алег Казлоўскі
"Увогуле я ня думаю, што спадар Лаўроў, расейскія ўлады ў цэлым насамрэч так моцна жадаюць вызваленьня расейцаў. Хутчэй за ўсё, яны робяць гэтыя заявы, таму што іх неабходна рабіць – Расея ж ня можа зусім ігнараваць такое беззаконьне ў адносінах да сваіх грамадзянаў. Але зразумела, што для іх адносіны з Лукашэнкам у сто разоў важнейшыя, чым нейкія невядомыя расейскія грамадзяне, якія, да таго ж, у Расеі і не жывуць. І ў дадзеным выпадку, думаю, ніякіх асаблівых захадаў ня будзе ўжывацца дзеля вызваленьня расейцаў. На жаль".

Карэспандэнт: "А што адносна магчымасьці гандлю "жывым таварам"?

"Гэта абсалютнае перабольшаньне. Я ня думаю, што хтосьці будзе таргавацца, ахвяраваць сваімі палітычнымі ці эканамічнымі інтарэсамі дзеля расейскіх грамадзянаў. Брэўс і Гапонаў -- гэта не гандляр зброяй Бут і не саюзны чыноўнік Барадзін, якога таксама падазравалі ў сувязях з мафіяй, каб дзеля гэтых людзей расейскія ўлады сапраўды на штосьці сур'ёзнае гатовыя былі пайсьці. Зноў жа, расейская ўлада – гэта не Эўразьвяз, які хоць бы спрабуе займаць узважана-гуманітарную пазыцыю. Таму ня думаю, што тут магчымы нейкі рэальны "гандаль".

Сабіра Атакішыева, маці Івана Гапонава, у роспачы ад учорашняга рашэньня беларускіх уладаў адмовіць у спыненьні крымінальнай справы супраць яе сына і іншага расейскага грамадзяніна Арцёма Брэўса. Пры гэтым жанчына таксама ня бачыць асаблівага імпэту з боку ўладаў Расеі, каб прысьпешыць вызваленьне:
чаму Лукашэнка можа ўзяць адпачынак і адляцець у Сочы, у Расею, а ўсе астатнія, прабачце, сядзяць у турэмных засьценках ...

"Я нават блізка ня ёсьць палітолягам і на самой справе ў гэтых палітычных хітраспляценьнях, інтрыгах мала што разумею. Але што тычыцца прачытанай у СМІ заўвагі спадара Лаўрова, то, калі шчыра казаць, гэтым разам было нейкае няўцямнае выступленьне. Маўляў, яшчэ раз вам нагадваем… Хто яго пачуў? Мне ў гэтым зьвязку незразумела іншае: чаму Лукашэнка можа ўзяць адпачынак і адляцець у Сочы, у Расею, а ўсе астатнія, прабачце, сядзяць у турэмных засьценках. Дзе лёгіка?".

Карэспандэнт: "Вам, адрозна ад сваякоў іншых арыштаваных, пашчасьціла пабачыць сына. Раскажыце, калі ласка, пра сустрэчу".
Я бачыла, як дзіця было проста шчасьлівае, пабачыўшы мяне...

"Так, мы бачыліся ў пятніцу, для нас гэта быў найшчасьлівейшы момант, наша спатканьне. Я бачыла, як дзіця было проста шчасьлівае, пабачыўшы мяне. Спатканьне было вельмі добрае, на працягу гадзіны мы проста размаўлялі, фактычна ні аб чым; мы надыхацца не маглі адзін адным (плача)... Я лічу, што гэта вельмі несправядліва. За што трымаць амаль два месяцы? За тое, што ён ужо адбыў адміністрацыйнае пакараньне цягам 10 сутак на Акрэсьціна? А цяпер, практычна на падставе гэтых жа матэрыялаў, працягваецца сядзеньне на Валадарскага".

І ўлады, і праваабаронцы Расейскай Фэдэрацыі ўжо неаднойчы зьвярталіся да кіраўніцтва Беларусі з патрабаваньнем вызваліць усіх палітзьняволеных. Беларускія ўлады на гэтыя патрабаваньні не адрэагавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG