Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Донары выдзеляць беларускай грамадзянскай супольнасьці 87 мільёнаў эўра


фота: PAP
фота: PAP
Краіны Эўразьвязу і іншыя донары пастанавілі выдзеліць беларускай грамадзянскай супольнасьці дапамогу на суму 87 мільёнаў эўра (120 мільёнаў даляраў). Пра гэта на донарскай канфэрэнцыі ў Варшаве паведаміў міністар замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі.

"Спадзяюся, што беларускія ўлады прызнаюць і заўважаць, што Эўропа не застанецца бязьдзейнай і што на дрэнныя паводзіны будзе дадзены адпаведны адказ", - заявіў Сікорскі. Ён зазначыў, што 75 працэнтаў абяцанай дапамогі паходзіць з эўрапейскіх крыніцаў.

Прамаўляючы падчас адкрыцьця канфэрэнцыі Радаслаў Сікорскі выказаў салідарнасьць Польшчы і ўсёй Эўропы з дэмакратычнымі сіламі Беларусі ды, зьвяртаючыся да кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, падкрэсьліў:

“Спадар прэзыдэнт Лукашэнка, вы прайграяце. Нават у краінах, якія назвалі апошнія выбары ўнутранай справай Беларусі, ніхто ня верыць у названы вынік – 80% (...) Вашыя мэтады не знаходзяць месца ў сучаснай Эўропе. Раней ці пазьней вы будзеце вымушаныя ўцякаць ад сваіх суграмадзянаў у краіны, дзе стандарты яшчэ ніжэйшыя, чым тыя, якія вы самі ўсталёўваеце ў сябе. У Менску таксама трэба будзе трымаць самалёт, падрыхтаваны да нечаканага вылету”.

На канфэрэнцыі прамаўляў таксама камісар Эўразьвязу ў пытаньнях пашырэньня Штэфан Фюле, які паведаміў, што дапамога Эўрапейскай камісіі беларускай грамадзянскай супольнасьці, у тым ліку на стыпэндыяльныя праграмы ў падтрымку незалежных мэдыяў павялічыцца ў чатыры разы - да 15.6 мільёнаў эўра зь цяперашніх чатырох мільёнаў.

На 30 працэнтаў - да 15 мільёнаў даляраў - павялічыцца дапамога Злучаных Штатаў. Нямеччына выдзеліць на дапамогу беларусам 6,6 мільёнаў эўра.

Міністар замежных справаў Швэцыі Карл Більт заявіў, што на гэтыя мэты ягоная краіна прызначыць сёлета 7 мільёнаў эўра. Значную суму на падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасьці выдаткуюць таксама Данія, Вялікабрытанія і нават Румынія. Гэтая адна з найбольш бедных краінаў Эўразьвязу выдаткуе на гэтую мэту 100 тысячаў эўра.

Мэта міжнароднай канфэрэнцыі донараў "Салідарныя зь Беларусьсю" – стварыць адмысловы фонд падтрымкі дэмакратыі ў Беларусі, донарамі якога былі б усе зацікаўленыя краіны, прычым ня толькі Эўразьвязу. У канфэрэнцыі бралі ўдзел прадстаўнікі чатырох дзясяткаў краінаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG