Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Такіх нападаў на журналістаў і праваабаронцаў у СНД яшчэ не было»


За першы месяц працы ў Менску місія міжнародных назіральнікаў зафіксавала больш за 100 выпадкаў парушэньня правоў чалавека ў Беларусі.

Стварэньне назіральнай місія Камітэту міжнароднага кантролю за сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі стала водгукам грамадзянскай супольнасьці краін АБСЭ на шматлікія факты парушэньня правоў чалавека, а таксама ціску на праваабаронцаў, журналістаў, адвакатаў пасьля 19 сьнежня.

За месяц у працы місіі ўзялі ўдзел 13 праваабаронцаў з Армэніі, Грузіі, Расеі, Украіны. Распавядае прадстаўніца місіі, сябра каардынацыйнай рады Міжнароднага моладзевага праваабарончага руху Вікторыя Громава:

Вікторыя Громава
«За гэты час прадстаўнікі місіі паспрабавалі хутка зрэагаваць на больш як 10 выпадкаў ператрусаў у праваабарончых арганізацыях, у журналістаў і ў адвакацкім асяродзьдзі. За гэты час прадстаўнікі місіі зафіксавалі больш за 100 выпадкаў парушэньня правоў чалавека, ціску альбо перашкодаў у дзейнасьці праваабарончых арганізацый, журналісцкай, адвакацкай супольнасьці».

Праваабаронцы езьдзілі на ператрусы ў офісы «Вясны», БХК, прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці, да праваабаронцаў Насты Лойкі, Алега Гулака, Алеся Бяляцкага, да журналісткі Ірыны Чарняўкі.

Алесь Бяляцкі
Мікаэл Даніэлян
Жана Літвіна
Алесь Бяляцкі: «Самае цікавае — падчас перасоўваньняў з офісу да мяне дадому, на лецішча, калі КДБ-шнікі размаўлялі паміж сабой па рацыях, адно з пытаньняў было: „А журналісты там ёсьць? Праваабаронцы ёсьць?“ То бок прысутнасьць праваабаронцаў і журналістаў стварае пэўны кантроль, грамадзянскі кантроль за дзеяньнямі супрацоўнікаў КДБ падчас ператрусаў».

Экспэрт місіі па правах чалавека, старшыня Армянскай Хэльсынскай асацыяцыі Мікаэл Даніэлян падзяліўся сваімі ўражаньнямі:

«Такіх нападаў на журналістаў, на праваабаронцаў — на тэрыторыі СНД такіх масавых парушэньняў, я лічу, яшчэ не было. Мы, праўда, таксама зазналі невялікі шок у 2008 годзе, 1 сакавіка ў Армэніі. Але той, хто займае пасаду прэзыдэнта ў Армэніі, выявіўся мудрэйшы і не чапаў журналістаў, не чапаў праваабаронцаў».

Старшыня БАЖ Жанна Літвіна падкрэсьліла, наколькі важная падтрымка калегаў, салідарнасьць — гэта дазваляе беларускім журналістам адчуваць сябе часткай міжнароднай супольнасьці. Тым больш што пацярпела і багата замежных журналістаў:

«Пераламіць сытуацыю мы зможам толькі разам. Мы павінны прымусіць улады сябе паважаць. Забараніць нас біць, забараніць пашкоджаньні апаратуры. Дарэчы, у Крымінальным кодэксе ёсьць 198 артыкул, які прадугледжвае крымінальную адказнасьць за ўмяшаньне, за перашкоду прафэсійнай законнай журналісцкай дзейнасьці. Цяпер нам патрэбная фактура, вельмі-вельмі дакладная. Бо я не выключаю, што будуць звароты з патрабаваньнем завесьці крымінальную справу ў дачыненьні да тых прадстаўнікоў улады, якія парушылі ў дачыненьні да нас вось гэты 198 артыкул».

Прадстаўнікі міжнароднай назіральнай місіі мяркуюць працягваць працаваць, дачакацца судовых працэсаў, інфармаваць міжнародныя структуры пра сытуацыю ў Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG