Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапарлямэнт заклікае правесьці ў Беларусі новыя выбары

абноўлена


На сэсіі Эўрапарлямэнту ў Страсбуры ў чацьвер была аднагалосна прынятая рэзалюцыя па Беларусі – самая жорсткая з усіх рэзалюцыяў, якія Эўразьвяз калі-небудзь прымаў у справе Беларусі.

Рэзалюцыя Эўрапейскага парлямэнту адносна сытуацыі ў Беларусі


Эўрапейскі парлямэнт,

– беручы пад увагу папярэднюю рэзалюцыю Эўрапарлямэнту адносна сытуацыі ў Беларусі, у прыватнасьці рэзалюцыю ад 17 сьнежня 2009 г.,

– беручы пад увагу пастанову Рады 2010/639/CFSP ад 25 кастрычніка 2010 г. адносна абмежаваньняў у дачыненьні да пэўных афіцыйных асобаў Беларусі,

– беручы пад увагу пастанову Рады міністраў замежных справаў ад 25 кастрычніка 2010 г.,

– беручы пад увагу заявы Офісу дэмакратычных інстытуцыяў і правоў чалавека АБСЭ і Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ “Аб папярэдніх высновах адносна прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі” ад 20 сьнежня 2010 г.,

– беручы пад увагу Правіла 110 Рэглямэнту,

A. У сувязі з тым, што Праская дэклярацыя саміту "Ўсходняга партнэрства" зноў пацьвердзіла, у тым ліку і адносна Беларусі, адданасьць прынцыпам міжнароднага закону і асноўным каштоўнасьцям, у тым ліку дэмакратыі, вяршэнству закону і павазе да правоў чалавека і асноўных свабод,

B. У сувязі з тым, што Рада 25 кастрычніка 2010 г. “заклікала ўлады Беларусі забясьпечыць правядзеньне прэзыдэнцкіх выбараў у адпаведнасьці зь міжнароднымі стандартамі і нормамі дэмакратычных выбараў АБСЭ і ААН",

C. У сувязі з тым, што Беларусь прыняла на сябе абавязаньні ўлічыць рэкамэндацыі АБСЭ і яе Офісу дэмакратычных інстытуцыяў і правоў чалавека адносна ўдасканальваньня Выбарчага кодэксу Беларусі з мэтай прывесьці яго ў адпаведнасьць зь міжнароднымі стандартамі дэмакратычных выбараў і кансультавацца адносна прапанаваных зьменаў з АБСЭ; у сувязі з тым, што парлямэнт Беларусі прыняў рэформу Выбарчага кодэксу без папярэдняй кансультацыі з АБСЭ,

D. У сувязі з тым, што Рада “зноў пацьвердзіла сваю гатовасьць пашыраць дачыненьні зь Беларусьсю ў залежнасьці ад разьвіцьця Беларусі ў кірунку да дэмакратыі, павагі да правоў чалавека і вяршэнства закону, а таксама гатовасьць дапамагаць Беларусі ў дасягненьні гэтых мэтаў”,

E. У сувязі з тым, што Рада пасьля ацэнкі прагрэсу ў Беларусі вырашыла падоўжыць абмежавальныя захады супраць пэўных афіцыйных асобаў Беларусі, але прыпыніць ужываньне візавых санкцыяў да 31 кастрычніка 2011 г.,

F. У сувязі з тым, што ў адпаведнасьці з заявамі ПА АБСЭ і Офісу дэмакратычных істытуцыяў і правоў чалавека АБСЭ “Аб папярэдніх высновах адносна прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі” пэўны прагрэс можна адзначыць у ходзе выбарчага працэсу, але ён азмрочаны сур’ёзнымі парушэньнямі ў часе галасаваньня і гвалтам у дзень выбараў 19 сьнежня,

G. У сувязі з тым, што больш за 700 чалавек былі зьняволеныя за іх удзел у дэманстрацыі 19 сьнежня ў Менску, бальшыня зь іх былі вызваленыя пасьля адбываньня кароткіх тэрмінаў зьняволеньня паводле адміністрацыйных прысудаў, тым часам як 24 апазыцыйныя журналісты і актывісты, у тым ліку 6 кандыдатаў у прэзыдэнты, былі абвінавачаныя “у арганізацыі масавых беспарадкаў” і ім пагражае да 15 гадоў зьняволеньня, а яшчэ 14 чалавек могуць быць асуджаныя па падобных абвінавачаньнях,

H. У сувязі з тым, што разгон міліцыяй дэманстрацыі 19 сьнежня 2010 г і далейшыя захады праваахоўных органаў супраць дэмакратычнай апазыцыі, свабоды мэдыяў і грамадзянскай супольнасьці былі асуджаныя прэзыдэнтам Эўрапарлямэнту, высокімі прадстаўнікамі ЭЗ і генэральным сакратаром ААН,

I. У сувязі з тым, што адвакаты, якія прадстаўляюць дэмакратычных актывістаў, апазыцыянэраў і іх родных, не дапускаюцца да зьняволеных,


1. Прызнае, што адпаведна з папярэднімі высновамі ПА АБСЭ і Офісу дэмакратычных інстытуцыяў і правоў чалавека аб тым, што прэзыдэнцкія выбары 19 сьнежня 2010 году не адпавядалі міжнародным стандартам свабодных, справядлівых і празрыстых выбараў; прызнае, што гэтае галасаваньне сталася страчанай магчымасьцю для дэмакратызацыі Беларусі, і, у сувязі са шматлікімі сур’ёзнымі парушэньнямі, адзначанымі АБСЭ, заклікае да новых выбараў, якія б былі праведзеныя адпаведна з свабоднымі і дэмакратычнымі нормамі і стандартамі АБСЭ;

2. Асуджае ўжываньне супраць пратэстоўцаў грубай сілы міліцыяй і КДБ у дзень выбараў, асабліва жорсткі напад на Ўладзімера Някляева, парушэньне правоў на свабоду сходаў і выказваньняў, а таксама правоў чалавека, і выказвае заклапочанасьць спробамі ўладаў Беларусі ўзяць пад апеку Данілу Саньнікава, 3-гадовага сына кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава і журналісткі Ірыны Халіп, якія абое застаюцца зьняволеныя ад 19 сьнежня; асаблівую занепакоенасьць выказвае станам здароўя Мікалая Статкевіча, які ўжо месяц трымае галадоўку;

3. Рэзка асуджае арышт і затрыманьні мірных дэманстрантаў і бальшыні кандыдатаў у прэзыдэнты (напрыклад, Уладзімера Някляева, Андрэя Саньнікава, Мікалая Статкевіча, Аляксея Міхалевіча), лідэраў дэмакратычнай апазыцыі (напрыклад, Паўла Севярынца, Анатоля Лябедзькі) і вялікай колькасьці грамадзянскіх актывістаў, журналістаў, настаўнікаў і студэнтаў, якім пагражаюць прысуды да 15 гадоў зняволення; заклікае да незалежнага і аб’ектыўнага расьсьледаваньня пад эгідай АБСЭ; заклікае да неадкладнага спыненьня палітычна матываваных прысудаў;

4. Асуджае рэпрэсіі і заклікае ўлады Беларусі неадкладна спыніць усе формы гвалту, перасьледу і запалохваньня актывістаў грамадзянскай супольнасьці, рэйды, ператрусы і канфіскацыю матэрыялаў у прыватных памяшканьнях, рэдакцыях незалежных СМІ і офісах грамадзкіх арганізацыяў, а таксама выключэньні з унівэрсытэтаў і звальненьні з працы;

5. Патрабуе неадкладнага і безумоўнага вызваленьня ўсіх зьняволеных у дзень выбараў і пасьля выбараў, у тым ліку і зьняволеных, прызнаных Amnesty International вязьнямі сумленьня; заклікае ўлады Беларусі забясьпечыць неабмежаваны доступ сваякоў, юрыстаў і мэдыкаў да зьняволеных;

6. Выказвае шкадаваньне ў сувязі з рашэньнем уладаў Беларусі закрыць офіс АБСЭ ў Беларусі і заклікае ўлады Беларусі адмяніць гэтае рашэньне;

7. Асуджае блякаду ў інтэрнэце шэрагу буйных інтэрнэт-старонак, у тым ліку сацыяльных сетак і апазыцыйных вэб-сайтаў у дзень выбараў у Беларусі; падкрэсьлівае, што цяперашні закон аб СМІ ў Беларусі не адпавядае міжнародным стандартам і таму заклікае беларускія улады перагледзець і зьмяніць яго;

8. Заклікае Раду, Камісію і высокіх прадстаўнікоў ЭЗ перагледзець палітыку ЭЗ адносна Беларусі, у тым ліку ўжыць эканамічныя санкцыі і замарозіць усю макрафінансавую дапамогу праз крэдыты МВФ, апэрацыі Эўрапейскага інвэстыцыйнага банку і Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця; падкрэсьлівае, што арыентацыя на Эўрапейскую палітыку добрасуседзтва і нацыянальную дапамогу для Беларусі павінна быць перанакіраваная і праводзіцца ў сфэры падтрымкі грамадзянскай супольнасьці; нагадвае пра важнасьць эфэктыўнага выкарыстаньня Эўрапейскай ініцыятывы для дэмакратыі і правоў чалавека;

9. Заклікае Камісію падтрымаць усімі фінансавымі і палітычнымі сродкамі высілкі грамадзянскай супольнасьці, незалежных СМІ (у тым ліку тэлеканалу "Белсат", "Эўрапейскага радыё для Беларусі", "Радыё Рацыя" і іншых) і недзяржаўных арганізацыяў у Беларусі, якія спрыяюць разьвіцьцю дэмакратыі і супрацьстаяць рэжыму; бачыць неабходнасьць актывізаваць і заахвочваць сувязі беларускіх недзяржаўных арганізацыяў зь міжнароднай супольнасьцю; разам з тым заклікае Камісію прыпыніць цяперашняе супрацоўніцтва і адклікаць дапамогу дзяржаўным СМІ ў Беларусі; адначасова з гэтым Камісія мусіць прафінансаваць перавыданьне і распаўсюджваньне кніг Уладзімера Някляева, сканфіскаваных і зьнішчаных беларускімі ўладамі;

10. Заклікае Эўрапейскую камісію разьвіваць мэханізм рэгістрацыі недзяржаўных арганізацыяў, якім адмоўлена ў рэгістрацыі ў Беларусі з палітычных прычынаў, для таго каб даць ім магчымасьць карыстацца праграмамі ЭЗ;

11. Заклікае Камісію працягваць і павялічваць фінансавую дапамогу Эўрапейскаму гуманітарнаму ўнівэрсытэту (ЭГУ), які месьціцца ў Вільні (Літва), павялічыць колькасьць стыпэндыяў для беларускіх студэнтаў, рэпрэсаваных за іх грамадзянскую актыўнасьць і выключаных з унівэрсытэтаў і зрабіць унёсак у канфэрэнцыю донараў “Салідарнасьць зь Беларусьсю”, заплянаваную на 2.02.2011, і наступную канфэрэнцыю ў Вільні (3-4.02.2011);

12. Заклікае Раду, Камісію і вярхоўную прадстаўніцу ЭЗ неадкладна аднавіць візавыя санкцыі ў дачыненьні да кіраўнікоў Беларусі і пашырыць іх на дзяржаўных чыноўнікоў, а таксама супрацоўнікаў праваахоўных органаў і сілаў бясьпекі, якія могуць быць адказнымі за парушэньні ў часе галасаваньня і пасьлявыбарныя жорсткія рэпрэсіі і арышты прадстаўнікоў апазыцыі, а таксама замарозіць іх банкаўскія актывы; зьвяртае ўвагу, што санкцыі павінны заставацца ў сіле як найменей да вызваленьня ўсіх палітычных зьняволеных і поўнага зьняцьця зь іх абвінавачаньняў; вітае добрыя прыклады ўраду Польшчы і парлямэнту Літвы, якія ўвялі ў дзеяньне візавыя абмежаваньні для прадстаўнікоў рэжыму ў Менску і разам з тым аблегчылі паездкі ў Эўразьвяз для беларускіх грамадзянаў;

13. Заклікае Раду разгледзець магчымасьць прыпыненьня ўдзелу Беларусі ва "Ўсходнім партнэрстве" на саміце "Ўсходняга партнэрства" ў Будапэшце, калі ня будзе прымальнага тлумачэньня і значнага паляпшэньня сытуацыі ў Беларусі, пры гэтым прыпыненьне не распаўсюджваецца на няўрадавыя арганізацыі і грамадзянскую супольнасьць;

14. Заклікае Камісію і Раду актывізаваць перамовы ў справе пагадненьня аб рэадмісіі для спрашчэньня візавага рэжыму, у тым ліку і даступных візавых збораў у мэтах спрашчэньня кантактаў паміж людзьмі;

15. Выказвае спадзяваньне, што краіны-сябры ЭЗ не аслабяць дзеяньняў Эўразьвязу двухбаковымі кантактамі зь беларускім рэжымам, што аслабіла б аўтарытэт і эфэктыўнасьць эўрапейскай замежнай палітыкі;

16. Выказвае меркаваньне, што спартовыя мерапрыемствы, такія як чэмпіянат сьвету па хакеі ў 2014 годзе, ня могуць праводзіцца ў Беларусі, пакуль у гэтай краіне будуць заставацца палітвязьні;

17. Выказвае шкадаваньне ў сувязі з крокамі Расейскай Фэдэрацыі, якая прызнала выбары і расцаніла рэпрэсіі як “унутраную справу”, рэкамэндуе Эўракамісіі распачаць дыялёг, кансультацыі і палітычную каардынацыю з суседзямі Беларусі, якія не ўваходзяць у ЭЗ, але традыцыйна маюць асаблівыя адносіны з гэтай краінай і адначасна зьяўляюцца партнэрамі ЭЗ – а менавіта Расеяй і Ўкраінай, каб максымальна павысіць эфэктыўнасьць палітыкі ЭЗ у дачыненьні да Беларусі, а таксама супрацоўнічаць у справе належнага ўраўнаважаньня рэакцыі на недахоп дэмакратыі і парушэньні правоў чалавека ў Беларусі зь неабходнасьцю пазьбегчы яе міжнароднай ізаляцыі.

18. Даручае старшыні накіраваць гэтую рэзалюцыю ў Раду Эўропы, Эўрапейскую камісію, вярхоўнаму прадстаўніку, дзяржавам-сябрам ЭЗ, прэзыдэнту, парлямэнту і ўраду Беларусі, Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы і АБСЭ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG