Лінкі ўнівэрсальнага доступу

19 студзеня — Дзень малітвы за палітычных вязьняў


Хрысьціянскія актывісты абвяшчаюць 19 студзеня агульнабеларускім Днём малітвы за палітычных вязьняў. Яны заклікаюць у гэты дзень замаўляць ва ўсіх храмах краіны малітвы за зьняволеных. Актывісты дэмакратычных партый і рухаў выкарыстоўваюць і іншыя шляхі дзеля інфармаваньня грамадзкасьці і вызваленьня палітвязьняў.

З ініцыятывай абвясьціць 19 студзеня агульнабеларускім Днём малітвы за палітычных вязьняў выступіла група хрысьціян розных веравызнаньняў. Яны склалі адмысловы зварот да сьвятароў розных канфэсій і вернікаў. Кажа адзін зь яго ініцыятараў Кастусь Шыталь:

«Мы як хрысьціяне ня можам заставацца ўбаку ад таго, што хтосьці цярпіць. Людзкіх магчымасьцяў паўплываць на сытуацыю, на жаль, няшмат, таму мы параіліся зь сябрамі, каб 19 студзеня, калі спаўняецца месяц ад сумных падзеяў на плошчы Незалежнасьці, абвясьціць днём малітвы за палітычных вязьняў. Мы распаўсюдзілі свой зварот у інтэрнэце і пабачылі, што на яго таксама адгукнуліся многія сьвятары».

Да ініцыятывы далучыліся актывісты Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі. Яны заклікаюць вернікаў усіх канфэсій у гэты дзень аб’яднацца ў супольнай малітве і запрашаюць усіх людзей прыходзіць у храмы і зьвяртацца да святароў і пастараў з просьбай правесьці малітвы за палітычных вязьняў у гэты дзень альбо ў бліжэйшую да яго нядзелю — 23 студзеня. Гаворыць адзін зь лідэраў БХД Дзяніс Садоўскі:

Дзяніс Садоўскі
«Мы з гэтай ініцыятывай выйшлі на цэрквы і хрысьціянскія супольнасьці, і яна была падтрыманая, бо задача кожнай царквы і кожнага верніка — абараняць таго, хто цярпіць перасьлед. Унутры цэркваў розных канфэсій адбудуцца такія малітвы, а таксама дома, у сваіх сем’ях, запаліўшы сьвечкі, людзі будуць маліцца. За тых, хто за кратамі, хто пацярпеў ад перасьледу і рэпрэсій, якія былі і зараз адбываюцца — за іх будуць нашыя просьбы і малітвы».

Аднымі зь першых ініцыятыву абароны палітвязьняў выявілі вернікі-пратэстанты царквы «Новае пакаленьне» з Наваградку. Яны даслалі ў пракуратуру хадайніцтва пра вызваленьне маладафронтаўкі Насты Палажанкі. Актывісты Маладога фронту таксама дапамагаюць вызваленым і зьняволеным ахвярам палітрэпрэсій, кажа актывістка Маладога фронту Тацьцяна Шапуцька:

Тацяна Шапуцька
«Што тычыцца дапамогі, то гэта і пасылкі, і лісты, і грашовыя пераводы, і акцыі салідарнасьці. Да прыкладу, учора вывешана 6 расьцяжак, а ў Магілёве хлопцы і дзяўчаты ўдзельнічалі ў вулічнай акцыі салідарнасьці. Таксама ў Польшчы і Славеніі нашыя партнэры праводзілі акцыі салідарнасьці. Таксама інфармацыйная праца — наведваньне амбасадаў замежных краін, сустрэча з прадстаўнікамі замежных грамадзянскіх структур з мэтай інфармаваньня іх пра сытуацыю з палітзьняволенымі».

«Малады Фронт» таксама заклікае ўдзельнікаў мірнага пратэсту 19 сьнежня, якія жадаюць выказаць нязгоду з падзеямі, што зараз адбываюцца ў краіне, сабрацца на Плошчы Незалежнасьці ўвечары 19 студзеня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG