Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Майкл Скэнлан: Як можна ў 5-8 хвілінах тэлесюжэту пра выбары не згадаць апанэнтаў Лукашэнкі?


Майкл Скэнлан
Майкл Скэнлан
Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Майкл Скэнлан 13 сьнежня выступіў з заявай для СМІ, якая пераважна была прысьвечаная прэзыдэнцкім выбарам.

На прыёме для СМІ з нагоды пачатку працы ў Менску новага Першага сакратара амбасады ЗША Крыстафэра Панікі кіраўнік амэрыканскага дыпляматычнага прадстаўніцтва Майкл Скэнлан заявіў аб тым, што пазыцыя Злучаных Штатаў Амэрыкі адносна Беларусі застаецца і застанецца нязьменнай і пасьлядоўнай: ЗША надалей выступаюць за датрыманьне афіцыйным Менскам правоў і свабодаў чалавека і дэмакратычных стандартаў.

Спадар Скэнлан нагадаў, што прадстаўнікі ўрадаў ЗША і Беларусі Гілары Клінтан і Сяргей Мартынаў у нядаўнім мэмарандуме аб узаемаразуменьні прызналі, што прагрэс у гэтых галінах — галоўная падстава для паляпшэньня двухбаковых адносін.

Бягучая выбарчая кампанія ў Беларусі дае ўнікальную магчымасьць для пачатку паляпшэньня сытуацыі ў галіне дэмакратыі і правоў чалавека, прызнаў спадар Скэнлан:

«Мы спадзяемся, што беларускі ўрад выкарыстае гэтыя выбары як магчымасьць наблізіцца да стандартаў АБСЭ і Эўропы».

Майкл Скэнлан назваў пазытыўнымі зьменамі больш адкрытыя магчымасьці для збору подпісаў і рэгістрацыю кандыдатаў на прэзыдэнта, а таксама большыя магчымасьці для кандыдатаў у арганізацыі сустрэч з выбарцамі ў Менску і па-за яго межамі. Разам з тым, абапіраючыся на справаздачы назіральнікаў АБСЭ, амэрыканскі прадстаўнік прызнаў занадта вялікую ролю дзейнага прэзыдэнта ў фармаваньні выбарчых камісіяў, недастаткова празрыстыя працэдуры іх стварэньня, малую прысутнасьць у камісіях прадстаўнікоў апазыцыі — меней за 1 працэнт ад іх складу.
Мы верым у важнасьць легітымнасьці самога працэсу выбараў, бо яна надае легітымнасьць любому, хто б ні выйграў іх.


«У ЗША няма фаварытаў на выбарах ні ў якой замежнай краіне, мы верым у важнасьць легітымнасьці самога працэсу выбараў, бо яна надае легітымнасьць любому, хто б ні выйграў іх. Гэта важна як для самой краіны ўнутры, для таго, каб легітымныя ўлады маглі прымаць рашэньні аб тым, як разьвівацца далей, гэтак і для яе адносін зь іншымі краінамі сьвету».

Спадар Скэнлан зазначыў, што самае важнае ў выбарчым працэсе палягае ў тым, што грамадзяне павінны быць добра інфармаванымі для таго, каб мець магчымасьць зрабіць выбар.

«Жывучы ў Менску, я кожны вечар гляджу навіны па тэлебачаньні і, шчыра кажучы, мяне зьдзіўляе, як можна ў сюжэтах на 5-8 хвілін гаварыць пра выбары і згадваць толькі дзейнага прэзыдэнта, ні разу не згадаўшы іншых».

Сярод іншага, спадар Скэнлан выказаў спадзеў, што падлік галасоў 19 сьнежня будзе такі, што ўсе сябры камісій і назіральнікі здолеюць бачыць кожны бюлетэнь, а таксама, што кандыдаты і іх прыхільнікі, як гэта робіцца ў ЗША, у Эўропе, у іншых краінах сьвету, змогуць сабрацца разам у ноч пасьля выбараў і дачакацца іхных вынікаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG