Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўракамісія назвала ўмовы збліжэньня ЭЗ зь Беларусьсю



"Зь Беларусьсю наша ўзаемадзеяньне будзе залежаць галоўным чынам ад рэформаў у пяці ключавых для дэмакратызацыі галінах: адсутнасьць палітычных зьняволеных, рэформа выбарчага кодэксу, свабода прэсы і няўрадавых арганізацый, адмена сьмяротнага пакараньня", – заявіў эўракамісар па пашырэньні ЭЗ і эўрапейскай палітыцы суседзтва Штэфан Фюле, выступаючы ў Калюмбійскім унівэрсытэце Нью-Ёрку, паведамляе агенцтва “РИА-Новости".


"Ізаляваць краіну ў сэрцы Эўропы – гэтага не атрымалася да гэтага часу, не спрацуе гэта і ў будучыні. Таму мы шукаем шляхі сур'ёзнага ўзаемадзеяньня зь Беларусьсю, засяродзіўшы ўвагу на рэформах, якія мы лічым неабходнымі", – указаў эўракамісар.

Фюле паведаміў, што ЭЗ будзе ўважліва сачыць за намечанымі на 19 сьнежня прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі.

Беларусь удзельнічае ў праграме ЭЗ "Усходняе партнэрства", якая стартавала ў траўні 2009 году ў Празе. Праграма накіраваная на палітычнае і эканамічнае збліжэньне ЭЗ з Азэрбайджанам, Армэніяй, Грузіяй, Малдовай, Украінай і Беларусьсю, але не прадугледжвае іх сяброўства ў ЭЗ. Прадугледжваецца выдзяленьне гэтым краінам 600 мільёнаў эўра да 2013 году. Сродкі прызначаныя на ўмацаваньне дзяржаўных інстытутаў, кантролю межаў і аказаньне дапамогі малым кампаніям.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG