Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Януковіч зычыць Лукашэнку посьпеху на выбарах. Што іншыя?




Прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч у Астане пажадаў Аляксандру Лукашэнку посьпехаў на маючых адбыцца выбарах кіраўніка беларускай дзяржавы. Як выказаліся на гэты конт лідэры іншых краінаў?


УКРАІНА


В.Януковіч ў Астане ў рамках саміту АБСЭ падчас сустрэчы з прэзыдэнтам Беларусі пажадаў А.Лукашэнку посьпехаў на маючых адбыцца выбарах кіраўніка Беларусі .

“Сёлета мы ўжо шмат разоў сустракаліся. Я хачу сказаць, што мне вельмі прыемна, што ў нашых суседзяў так разьвіваецца эканоміка”, – адзначыў прэзыдэнт Украіны, зьвяртаючыся да Лукашэнкі.

Гэтыя ды іншыя пытаньні я хацеў бы з вамі абмеркаваць, ну і, вядома ж, пажадаць вам посьпеху на выбарах, бо ўкраінцы за вас хвалююцца ня менш, чым вашы сябры ў Беларусі
У адказ прэзыдэнт Беларусі падкрэсьліў, што такая стабільная сытуацыя ў дзяржаве зьяўляецца вынікам яго шматгадовай дзейнасьці.
Пры гэтым В.Януковіч падкрэсьліў, што Ўкраіна і Беларусь, як дружалюбныя партнёрскія дзяржавы, павінны, акрамя двухбаковых аспэктаў супрацоўніцтва, мець таксама ўзаемныя інтарэсы ў трэціх краінах.

“Гэтыя ды іншыя пытаньні я хацеў бы з вамі абмеркаваць, ну і, вядома ж, пажадаць вам посьпеху на выбарах, бо ўкраінцы за вас хвалююцца ня менш, чым вашы сябры ў Беларусі», – сказаў В.Януковіч.


ЛІТВА


Раней прэзыдэнт іншай суседняй краіны Літвы Даля Грыбаўскайце заявіла, што галоўны гарант стабільнасьці Беларусі – яе людзі, і што яна будзе супрацоўнічаць з тым прэзыдэнтам, якога абярэ народ Беларусі.

Раней інфармацыйнае агенцтва Reuters, абапіраючыся на дыпляматычныя каналы, распаўсюдзіла паведамленьне, у якім цытуюцца наступныя словы Грыбаўскайце: "Лукашэнка – гарант эканамічнай і палітычнай стабільнасьці Беларусі і яе незалежнасьці."


РАСЕЯ

На мінулым тыдні Менск наведаў кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў, які знаходзіўся ў Менску, не сустракаўся з кіраўніком беларускай дзяржавы Аляксандрам Лукашэнкам.

Прэзыдэнт Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў некалькі дзён таму адказаў у сетцы Twitter беларусу, які пацікавіўся стаўленьнем расейскага лідэра да прэзыдэнта Беларусі і беларускіх выбараў.

"Нам, беларусам, вельмі цікавае гэтае пытаньне", — напісаў карыстальнік dashystik. Як паведамляе Інтэрфакс, адказ у мікраблогу Мядзьведзева ў "Твітэры" зьявіўся ў ноч на чацьвер.

"Да вашых выбараў стаўлюся максымальна паважліва", — напісаў прэзыдэнт РФ. Пра стаўленьне да Лукашэнкі Мядзьведзеў гаварыць адмовіўся, спаслаўшыся на свае ранейшыя выказваньні: "А пра вашага прэзыдэнта я ўжо ўсё сказаў". Пры гэтым кіраўнік Расеі паставіў спасылку на запіс у сваім відэаблогу ад 3 кастрычніка, прысьвечаны адносінам зь Беларусьсю.

Д. Мядзьведзеў заявіў тады ў блогу, што "прэзыдэнт Лукашэнка ў сваіх выказваньнях выходзіць далёка за рамкі ня толькі дыпляматычных правілаў, але і элемэнтарнай чалавечай прыстойнасьці", і што "падобныя паводзіны зьяўляецца ганебнымі, партнэры так сябе не паводзяць, і, вядома, мы будзем улічваць гэта пры выбудоўваньні адносін зь дзеючым прэзыдэнтам Беларусі".

ЭЎРАЗЬВЯЗ


На пачатку лістапада Менск наведалі міністры замежных спраў Нямеччыны і Польшчы Гіда Вэстэрвэле і Радаслаў Сікорскі. У сумеснай заяве яны заклікалі беларускія ўлады правесьці свабодныя, дэмакратычныя і транспарэнтныя выбары. Калі выбары пройдуць свабодна і адкрыта, адзначыў Радаслаў Сікорскі, то Беларусь зможа разьлічваць на эўрапейскую дапамогу ў памеры трох мільярдаў эўра.


Эўракамісія назвала ўмовы збліжэньня Эўразьвязу зь Беларусьсю.

"З Беларусьсю наша ўзаемадзеяньне будзе залежаць галоўным чынам ад рэформаў у пяці ключавых для дэмакратызацыі галінах: адсутнасьць палітычных зьняволеных, рэформа выбарчага кодэкса, свабода прэсы і няўрадавых арганізацый, адмена сьмяротнага пакарання", - заявіў эўракамісар па пашырэньні ЭЗ і эўрапейскай палітыцы суседзтва Штэфан Фюле, выступаючы ва аўторак у Калюмбійскім унівэрсытэце Нью-Ёрку.


ЗША


Злучаныя Штаты Амэрыкі "спадзяюцца ўбачыць істотны прагрэс" у сфэры дэмакратыі і захаваньня правоў чалавека ў Беларусі. Пра гэта гаворыцца ў сумеснай заяве, прынятай па выніках сустрэчы дзяржсакратара ЗША Гілары Клінтан і міністра замежных спраў Сяргея Мартынава, якая прайшла 1 сьнежня ў Астане ў рамках саміту АБСЭ.

Нядаўна амэрыканскі кангрэсмэн Крыстафэр Сьміт прапанаваў рэзалюцыю, у якой беларускія ўлады заклікаюцца правесьці свабодныя і справядлівыя выбары 19 сьнежня, а таксама выказваецца падтрымка жаданьню беларускага народу мець дэмакратычны ўрад, які б паважаў правы чалавека і вяршэнства закону.

Рэзалюцыя была прадстаўленая на разгляд камітэту ў замежных справах 16 лістапада. Пакуль невядомыя дакладныя тэрміны, калі Кангрэс разгледзіць гэтую рэзалюцыю.

Рэзалюцыя заклікае ўрад Беларусі правесьці выбары ў адпаведнасьці са сваімі абавязаньнямі перад АБСЭ, у тым ліку паважаць дэмакратычныя свабоды, дазволіць усім удзельнікам выбарчай кампаніі свабодна праводзіць агітацыю, забясьпечыць сумленнасьць датэрміновага галасаваньня і гарантаваць адкрыты і празрысты падлік галасоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG