Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадар Рэнэры: Францыі важна ня хто, а як будзе абраны прэзыдэнт Беларусі


Супрацоўніцтва Францыі з прэзыдэнтам Беларусі, які будзе абраны 19 сьнежня, "ня будзе залежаць ад яго фізычных характарыстык або чалавечых якасьцяў", заявіў амбасадар Францыі Мішэль Рэнэры.

"Па сутнасьці, нам усё роўна, хто ён. Важна, як ён абраны. Гэта аб'ектыўны крытэрый для разьвіцьця адносінаў", — падкрэсьліў дыплямат.

"Францыя працягвае падтрымліваць дыялёг зь Беларусьсю (...) Калі казаць пра палітычны дыялёг, то вестка, якую Францыя хацела б перадаць Беларусі, была агучана ў Менску камісарам Фюле і міністрамі Вэстэрвэле і Сікорскім", — цытуе Інтэрфакс Рэнэры.

Амбасадар заўважыў, што "першая фаза выбарчай кампаніі прынесла станоўчыя элемэнты, у прыватнасьці — на этапе збору подпісаў".

Адказваючы на пытаньне, што трэба зрабіць, каб выбары былі прызнаныя дэмакратычнымі, Рэнеры прывёў у прыклад выбары ў Кот-д'Івуары, дзе ён працаваў. "Выбары доўжацца толькі адзін дзень. У канцы дня галасаваньня празрыстыя плястыкавыя скрыні ўскрываюцца, бюлетэні выкладваюцца на стол, і старшыня выбарчага ўчастку зачытвае і паказвае бюлетэнь за бюлетэнем усім сябрам камісіі і назіральнікам. Кожны грамадзянін можа бачыць, каму аддадзены голас. Але, на жаль, нават гэтага часам не хапае, каб лічыць выбары цалкам дэмакратычнымі", адзначыў амбасадар.

Францускі дыплямат выказаў неразуменьне, чаму ў выбарчае заканадаўства не былі ўнесены зьмены адносна скрыняў, датэрміновага галасаваньня і падліку галасоў: "Гэта быў бы вельмі добры знак, паказьнік таго, што Беларусь хоча дамагчыся самага высокага ўзроўню празрыстасьці і дэмакратычнасьці".
Якая розьніца, друкуецца 100 або 1000 незалежных газэтаў ...

"Я не разумею, чаму такія строгія правілы рэгістрацыі партый і аб'яднаньняў! Якая праблема ў тым, дзейнічае 10, 100 або 1000 палітычных партыяў? Я не разумею, чаму такія нялёгкія ўмовы для існаваньня незалежных выданьняў? Якая розьніца, друкуецца 100 або 1000 незалежных газэтаў? Я шчыра гэтага не разумею", — заявіў амбасадар Францыі ў Беларусі Мішэль Рэнэры.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG