Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэн Рэй


Добрая фатаграфія — штотыднёвае эсэ пра выбраныя творы беларускага і сусьветнага фотамастацтва.

Мэн Рэй быў у мастацтве арыгіналам, як і шмат якія таленавітыя, але ненавучаныя левыя мастакі.

Вучыцца такім людзям перашкаджала гіпертрафаванае ўяўленьне пра ўласную геніяльнасьць і левыя ідэі, што пабуджалі іх перакуліць сьвет.

З перакульваньня мастацтва Мэн Рэй і пачаў, далучыўшыся да “дадаізму” – (бяссэнсіцы) маргінальнага антымастацкага накірунку, які ставіў задачу (ні больш, ня менш) зьнішчыць эўрапейскую культуру цераз раскладаньне мастацтва і зьнішчэньне эстэтыкі. (Дарэчы, цяпер гэта вынікова робіцца іншымі).

Рэвалюцыйнае антымастацтва праіснавала шэсьць гадоў (з 1916 па 1922), пакінуўшы пасьля сябе сьведамыя прыклады бязглузьдзіцы. Але, тым ня менш, за гэты кароткі пэрыяд існаваньня “вялікай хвалі” Мэн Рэй пасьпеў туды ўскочыць і пасьля зьнікненьня “хвалі” разам зь іншымі “тапельцамі” прыстаў да “сюррэалізму”.

Невядома, чым бы скончылася гэтае блуканьне нерэалізаванага мастака, калі б Мэн Рэй не захапіўся фатаграфіяй. Фотамастацтва зрабіла яму прызнанае імя (і ня толькі сярод мадэрністаў). Мэн Рэй авалодаў тэхнікай клясычнай фатаграфіі (гэта бачна па некаторых ягоных працах), але маючы схільнасьці да сюррэалізму і мяркуючы мадэрнісцкімі катэгорыямі, захапіўся тэхнікамі, якія, як ён лічыў, давалі яму большыя магчымасьці ўплыву на выяву фатаграфіі.

Фатограф дасканала асвоіў псэўдасалярызацыю. Шмат ягоных цікавых і прыгожых фатаграфіяў зробленa якраз у гэтай тэхніцы. Прытым фатограф у большасьці выкарыстоўвае толькі самыя пачатковыя стадыі салярызацыі, якія не прыводзяць да істотнага зьмяненьня вобразу, але, тым ня менш, надаюць аўтэнтычнай рэчаіснасьці пэўны “сюр”.

Фота №1

Фота №1 (без назову), якое я тут падаю ў экспазыцыю, як на мой погляд, адна з найбольш прыгожых мадэрновых жаночых выяваў фатографа. Вобраз і графіка выдатныя. Прытым салярызацыя тут, практычна, толькі намецілася (рука, рэзкі контур шыі, падбародка, аблічча), але не пачалася і толькі-толькі выявілася агульная засьветка аблічча. Гэта зрабіла выяву плоскай і танальна “сабрала” яе ў цэльны абраз. Як мастак Мэн Рэй ведае, што, каб падкрэсьліць глыбіню чорнага тону, фон мусіць быць ня белым, а зьлёгку шэрым. Інакш чэрнь ня “ўпішацца”, а будзе “вырванай” з адзінства.

Тут Мэн Рэй вельмі простымі сродкамі стварае прыгожы графічны мадэрновы партрэт, пазбаўлены ўсялякіх дэталяў натуралізму і адначасна жывы, фатаграфічны. Акцэнтацыя на харастве малюнка вачэй, на бляску і ўкладцы валасоў, лініях падбародка, шчакі, носа, шыі, губ. Скуры не відаць, яна нават не ўгадваецца, а ўсе лініі прыгожа падкрэсьленыя і кантрастна мадэляваныя.

Жанчына на фота – гэта адна з пастаянных натуршчыц фатографа. Ён апранаў мадэлі ў рознае адзеньне розных эпох, здымаў іх у розных прычосках і г. д. Тут сумесны творчы працэс. Прыгожае аблічча на фота выклікае асацыяцыі з эпохай італьянскага рэнэсансу і мадэрнам 1920-х адначасова.

Фота №2

Фота №2 (таксама без назвы) якраз тыповае для салярызацыяў Мэна Рэя. Вобраз радыкальна не перайначаны, падкрэсьлены толькі грубыя контуры (якія ўтвараюцца па нярэзкіх лініях пры камбінацыі салярызацыі з барэльефам) і зьменены валасы (практычна, выключаныя з выявы). Застаецца толькі аблічча ў выглядзе маскі-статуэткі. Але яно жывое, гэта фатаграфія. Прытым зьвяртаем увагу, што фатограф зрабіў з вачыма натуры (магчыма, зьнята праз чырвоны фільтр альбо ўжыта рэтуш), надаўшы абліччу выраз таямнічай незвычайнасьці.

Як бачым, падыходы Мэна Рэя ў яго фатаграфічным сюррэалізме дакладна фармальныя. Але пабудаваныя яны на эстэтыцы, па законах хараства. Гэта, плюс здольнасьць і добры густ фатографа, узьнялі яго на вышыню ў мастацкай фатаграфіі, хоць сам Мэн Рэй перажываў, што не зрабіўся мастаком і заўсёды падкрэсьліваў, што ён не фатограф, а мастак, які працуе ў фатаграфіі.

Мэн Рэй – гэта набытае прозьвішча фатографа. Сапраўднае ягонае прозьвішча Эмануэль Радніцкі. Ягоныя бацькі – беларускія габрэі, у канцы ХІХ стагодзьдзя эмігравалі ў Амэрыку. Там і назваліся Рэямі.

(Фатаграфіі перазьнятыя з фотаальбома: Man Ray. Unconcerned but not indifferent. Выдавецтва La Fabrica (бяз году і месца выданьня.)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG