Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Дзяды Мітрапаліт узгадаў ахвяраў Пінску і Курапатаў


Працэсія на Кальварыйскіх могілках
Працэсія на Кальварыйскіх могілках
2 лістапада ў Беларусі адзначаюць дзень памяці продкаў— Дзяды. Паводле календара каталіцкага касьцёлу, дзень 2 лістапада — успамін усіх памерлых вернікаў. З гэтай нагоды на Кальварыйскіх могілках у Менску адбылася сьвятая імша і працэсія з удзелам мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча.

Працэсія на могілках 2 лістапада ў дзень успаміну памерлых вернікаў — даўняя традыцыя ў каталікоў. Сёлета яна распачалася традыцыйна: з запаленымі сьвечкамі і малітоўнымі сьпевамі пад касьцельныя званы ў прысутнасьці шматлікіх сьветароў.

Сёлета працэсію на менскіх Кальварыйскіх могілках ачоліў мітрапаліт менска-магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч. Яна складаецца зь пяці стацый альбо прыпынкаў-малітваў, якія адпраўляюцца за духавенства, за бацькоў і продкаў, за сваякоў і дабрадзеяў, за ахвяраў войнаў і загінулых у катастрофах, а таксама за ўсіх памерлых і душы, якія церпяць у чыстцы. На адным з такіх малітоўных прыпынкаў арцыбіскуп згадаў ахвяраў трагедыі ў Пінску, закатаваных у Курапатах, палеглых у шматлікіх катастрофах і войнах:

Апошні прыпынак працэсіі, прамаўляе Тадэвуш Кандрусевіч.
«Сёньня мы агортваем нашай малітвай вядомыя месцы і месцы, куды ніхто ніколі не прыходзіць. Тых, хто памёр сваёй натуральнай сьмерцю і тых, хто згінуў у розных катастрофах і войнах. Усіх мы сёньня агортваем нашай малітвай і просім міласэрнага Бога прыняць іх у сваё валадарства».

Лістапад — час, калі каталіцкі касьцёл асабліва моліцца за памерлых. За наведваньне могілак з 1 да 8 лістапада і малітву за памерлых можна атрымаць поўны адпуст, адпушчэньне часовых караў за грахі. Па традыцыі, душпастыры клапоцяцца пра тое, каб асьвяціць месцы пахаваньняў, а вернікі дбаюць пра чысьціню магіл і моляцца за памерлых. Гаворыць адна з наведвальніц Кальварыйскіх могілак Тэрэза Марчанка:

«Учора тут маліліся, і сёньня людзей шмат. Я тут таксама прыбіраю, нясу зьнічы ды малюся. Шмат людзей ідуць гэтымі днямі, бо відаць, што ня ўсе могуць трапіць да сваіх магілак. Гэта і неабавязкова. Важна памаліцца, згадаць сваіх родных, запаліць на магілцы зьніч — гэта будзе тое самае».

На заканчэньне працэсіі вернікі запалілі на магілах сьвечкі, якія сымбалізуюць уваскрослага Хрыста. А мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч блаславіў прысутных і адправіў сьвятую імшу за памерлых у касьцёле на Кальварыі. Малітвы за памерлых гэтымі днямі будуць адбывацца на ўсіх каталіцкіх могілках Менску ды іншых гарадоў і мястэчак Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG