Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мае бацькі


Уладзімер Арлоў
Уладзімер Арлоў

Больш як тысячу сустрэчаў у Беларусі і за мяжой правёў Уладзімер Арлоў за апошнія дзесяць гадоў. Цыдулкі ад чытачоў запоўнілі некалькі шуфлядаў. Зараз вечныя і надзённыя, наіўныя і падступныя, прыватныя і філязофскія пытаньні да пісьменьніка — у эфіры і на сайце "Свабоды" ў перадачы "Пакуль ляціць страла".

Даруйце, але ў Вашых творах, здаецца, ня вельмі часта згадваюцца бацькі. Адам Глёбус, да прыкладу, напісаў пра сваіх цэлую кнігу. Мажліва, у Вас такая кніжка яшчэ наперадзе. А пакуль тое, ці не раскажаце хоць крыху пра тату з мамай?

Алег Кунцэвіч

Калі сяджу за сваім пісьмовым сталом, бацькі заўсёды глядзяць на мяне з фота ў кніжнай шафе. Здымак — зьлева, там, дзе сэрца.

Мама Марыя — у строгай цёмнай сукенцы з выкладзеным наверх белым каўнерыкам блюзкі.

Мама паходзіць з заможных сялянаў вёскі Капысіца. Амаль увесь ейны род Дзянісавых па мужчынскай лініі, альбо, як казалі продкі, па мячы, на пачатку 1930-х вынішчыла родная савецкая ўлада. Не расстралялі толькі малалетак.

Капысіцу заснавалі перасяленцы з зусім блізкай старажытнай задняпроўскай Копысі, што цягам стагодзьдзяў была сталіцаю беларускіх кафляроў, якіх маскоўскія захопнікі выводзілі ў палон аздабляць палацы іхнім царам. Цяпер мястэчка праславілася яшчэ і з тае прычыны, што там — праўда, дакладна невядома калі — нарадзіўся першы прэзыдэнт нашай краіны.

Побач з Копысьсю, дзе мама вучылася ў школе, — купалаўскія Ляўкі. Калі Іван Дамінікавіч зьяўляўся на тамтэйшым базарчыку, настаўнікі адпускалі дзяцей паглядзець на народнага паэта. Мама зьдзіўлялася, што Купала — вядома ж, несусьветна багаты! — зацята таргуецца з копыскімі габрэйкамі за кожную капейчыну.

Мамін выпускны баль прыпаў на апошні мірны вечар 1941 году. Даведаўшыся пра пачатак вайны, мама надзела на сябе ўсе свае тры сукенкі — баялася, што іначай іх забяруць немцы.

Пасьля першага акупацыйнага гарнізону, які складаўся зь фінаў, немцы спачатку не здаваліся такімі ўжо страшнымі. Маме падабаўся фольксдойчэ Паўль. Ён добра гаварыў па-расейску, папярэджваў вёску, калі будуць забіраць кароваў або вывозіць моладзь у Нямеччыну, сустракаўся з партызанамі. Аднойчы на вячорках людзі зь лесу, зрабіўшы выгляд, што бачаць Паўля ўпершыню, вывелі яго на двор і застрэлілі...

Па вайне мама скончыла гістарычны факультэт Магілёўскага пэдынстытуту. Закрэсьлівала ў падручніках імёны "ворагаў народу", галадавала й мерзла ў інтэрнаце, дзе ў адным пакоі "вальтом" спалі па двое на вузкіх, былых салдацкіх ложках тры дзясяткі дзяўчат.

Мама ўсё жыцьцё была настаўніцай, прычым, кажуць, вельмі строгай. Ахвотна веру.

Яна выкладала ў школе гісторыю, і, мне здавалася, не хацела асабліва задумвацца, што зрабілі з гэтай навукаю бальшавікі ды іхнія герадоты. Але я, відаць, памыляўся. Іначай навошта яна адгаворвала мяне таксама паступаць на гістарычны факультэт?

Тата Аляксей на фотаздымку — у пракурорскай форме з пагонамі.

Ён — сялянскі сын зь сеньненскай лясной вёскі Стэцава, якую пасьля першага падзелу Рэчы Паспалітай атрымаў хтосьці з кацярынінскіх фаварытаў Арловых. Усіх прыгонных запісалі па гаспадару. Адтуль і маё "гучнае" прозьвішча. Мама, дарэчы, пабраўшыся шлюбам, захавала вернасьць свайму дзявочаму — Дзянісава.

Аляксей Арлоў пасьпеў адбыць перад вайной тэрміновую службу ў Адэсе. Служыў тады, між іншым, нейкі час у дывізіі, якой пасьля Ваеннай акадэміі імя Фрунзэ камандаваў Андрэй Уласаў. Памятаецца, што тата ніколі не казаў пра яго як пра здрадніка, але часта згадваў, што ў даваенныя гады будучы камандзір Рускай вызваленчай арміі мог ганарыцца павагай і любоўю падначаленых.

Да Адэсы тата на ўсё жыцьцё захаваў у сваёй суровай душы вялікую пяшчоту. За колькі гадоў да раньняе сьмерці ён яшчэ пасьпеў паказаць мне, васьміклясьніку, і Малдаванку, і Аркадзію, і Дзерыбасаўскую, і славуты Прывоз, дзе нам прапаноўвалі купіць пісталет.

Але пісталетаў у таты было ажно два. Адзін — трафэйны "кольт". Ад вайны ў былога старлея Арлова засталіся яшчэ дзьве раны і ўзнагароды — ордэн Чырвонае зоркі і мэдалі "За адвагу", "За баявыя заслугі", "За абарону Сталінграда" і "За ўзяцьце Будапэшту", зь якімі я ў маленстве любіў гуляць заместа цацак. Вайну тата скончыў у аўстрыйскай сталіцы, дзе да іхняе часткі паставілі "на довольствие" слана з разбамбаванага хаўрусьнікамі венскага зьвярынца.

Другі пісталет быў пракурорскі. Пасьля юрфаку БДУ тата ўсё жыцьцё працаваў пракурорам. З гэтае прычыны ў мамінай вёсцы, куды мяне прывозілі на ўсё лета, я меў важную мянушку Пракурор.

Прафэсія, безумоўна, наклала адбітак на татаў характар. Ён быў маўклівы, замкнёны ў сабе чалавек, які, я думаю, у душы не пагаджаўся з тым, што рабілася ў краіне. Аднойчы на вачах у нас вецер раскідаў похапкам зладжаны ў нас у Полацку пантонны мост церазь Дзьвіну. Тата зь непраніклівым тварам працытаваў вершык з часоў свайго юнацтва: "Течет вода Кубань-реки, куда велят большевики…"

У апошнія дні, паміраючы ад раку, ён гаварыў са мною так, як і я зь ім — па-беларуску.

Маіх бацькоў вельмі даўно няма на гэтым сьвеце. Тата разьвітаўся зь ім амаль сорак гадоў таму. Мы так і не пасьпелі паразмаўляць па-сапраўднаму — як дарослы з дарослым.

Беражыце бацькоў!
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG