Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МВФ: урад мае рэзэрвы


Натальля Калядзіна
Натальля Калядзіна
Сёньняшняя эканамічная сытуацыя ў Беларусі істотна розьніцца ад той, што прывяла да 20%-ай дэвальвацыі на пачатку 2009 году, патлумачыла "Свабодзе" ачольніца пастаяннай місіі Міжнароднага валютнага фонду ў Беларусі Натальля Калядзіна.

У адрозьненьне ад 2008 году, калі беларускі рубель падвяргаўся стрэсу, зьвязаным са скачкамі курсу даляра, на сёньняшні дзень, беларускі валютны рэжым – значна больш гнуткі. Курс рубля прывязаны да кошыка валют, які складаецца з даляра ЗША, эўра і расейскага рубля. Яшчэ большы прастор для манэўру ўлады маюць дзякуючы ўсталяванаму "калідору" ў плюс-мінус 10%, у рамках якога Нацыянальны банк можа дазволіць павышэньне ці паніжэньне курсу нацыянальнай валюты.

Акрамя таго, істотна палепшылася сытуацыя са зьнешнім гандлем. Гандлёвы дэфіцыт скарачаецца, прынамсі, на гэты момант. Адпаведна і ціск на рубель – слабейшы, чым два гады таму.

Што да зьніжэньня працэнтнай стаўкі і падвышэньня заробкаў, гэта абгаворвалася з урадам яшчэ ў часе дзеяньня праграмы МВФ, зьвязанай з крэдытам стэнд-бай. Іншая справа, што тыя кансультацыі не прадугледжвалі настолькі імклівых крокаў у гэтым кірунку.

Але нават пры сёньняшняй эканамічнай палітыцы ўраду, асьцярогі аб тым, што найбліжэйшым часам яна выльецца ў гіпэрінфляцыю – могуць быць істотна перабольшанымі. Прадстаўніца МВФ зазначыла, што з-за скарачэньня вытворчасьці ў краіне ў часе крызысу, у беларускай эканоміцы назапасіўся істотны незадзейнічаны патэнцыял. Таму дадатковыя грошы, што запускаюцца ў эканоміку, спрыяюць павелічэньню эканамічнай актыўнасьці і росту валавага прадукту, а ня проста выліваюцца ва ўздым цэнаў.

Спадарыня Калядзіна дадала, што беларуская фінансавая сыстэма знаходзіцца ў працэсе разьвіцьця. З паглыбленьнем фінансавай сыстэмы разьвіваюцца крэдытныя дачыненьні і расьце патрэба ў банкаўскім фінансаваньні з боку суб'ектаў гаспадараньня. Гэта, на яе думку, яшчэ адна прычына таго, што значнае павелічэньне грашовай базы не прывяло да істотнага павелічэньня інфляцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG