Падчас прэсавай канфэрэнцыі ў панядзелак Трамп некалькі разоў закрануў тэму расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Ён зноў пацьвердзіў сваё імкненьне як мага хутчэй пакласьці канец вайне, якую ён назваў «жахлівай», і спаслаўся на «астранамічныя лікі стратаў» з абодвух бакоў. Па словах Трампа, страты ўражваюць, а сытуацыя на фронце «значна горшая», чым можна сабе ўявіць. Раней Трамп казаў пра сотні тысячаў забітых і параненых украінцаў і расейцаў. Ва Украіне заявілі, што ўкраінскія страты ніжэйшыя, чым сьцьвярджае Трамп, у Маскве ніякіх афіцыйных дадзеных аб расейскіх стратах не прыводзяць ужо больш за два гады.
Паводле слоў Трампа, прэзыдэнту Ўкраіны Ўладзіміру Зяленскаму неабходна быць гатовым да таго, каб заключыць пагадненьне з Расеяй. Пры гэтым абраны прэзыдэнт ЗША сышоў ад адказу на пытаньне аб тым, ці падтрымлівае ён тэрытарыяльныя саступкі з боку Ўкраіны дзеля дасягненьня міру. Трамп заявіў, што ўкраінскія тэрыторыі, дзе вядуцца баявыя дзеяньні, разбураныя настолькі, што іх аднаўленьне зойме «сто гадоў».
Трамп зазначыў, што ў спробах заключэньня міру ўжо «быў дасягнуты невялікі прагрэс», але не прывёў дэталяў. Трамп сустракаўся з Зяленскім 7 сьнежня ў Парыжы. Пасьля гэтай сустрэчы ён заклікаў Украіну і Расею пачаць мірныя перамовы. Паводле шэрагу паведамленьняў, ён тэлефанаваў таксама Пуціну. Ні Крэмль, ні Трамп гэтага не пацьвярджалі.
СМІ паведамлялі аб розных ідэях мірнага пляну, якія абмяркоўваюцца ў атачэньні Трампа. Сам абраны прэзыдэнт ЗША пакуль ніякіх мірных ініцыятыў афіцыйна не выстаўляў. Пры гэтым у многіх публікацыях гаварылася, што ў аснове яго мірных прапановаў будзе замарозка канфлікту па бягучай лініі фронту і, магчыма, разьмяшчэньне ва Ўкраіне міратворчых сілаў.
Выступаючы ў панядзелак, Трамп зноў раскрытыкаваў рашэньне дзейнай адміністрацыі Джо Байдэна дазволіць украінскім вайскоўцам удары па тэрыторыі Расеі амэрыканскай далёкабойнай зброяй, не выключыўшы, што перагледзіць гэтае рашэньне пасьля ўступленьня на пасаду.
Трамп таксама заявіў, што не запрашаў Уладзіміра Зяленскага на сваю інаўгурацыю 20 студзеня, аднак будзе не супраць, калі Зяленскі прыедзе.
- Падчас перадвыбарнай кампаніі Трамп неаднаразова казаў аб тым, што зможа спыніць вайну ва Ўкраіне. Пасьля свайго абраньня прэзыдэнтам ён прызнаў, што гэта больш складаная задача, чым падавалася.
- У адрозьненьне ад цяперашняй адміністрацыі, Трамп наўпрост не крытыкуе расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна за разьвязваньне вайны і не гаворыць аб тым, што ЗША будуць дапамагаць Украіне «столькі, колькі гэта спатрэбіцца». Ён робіць акцэнт на неабходнасьці найхутчэйшага дасягненьня міру, не кажучы пра яго ўмовы. І Кіеў, і Масква падкрэсьліваюць, што выступаюць за мір, але высоўваюць дыямэтральна супрацьлеглыя патрабаваньні.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Форум