Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навукоўцы: на сонцы можа адбыцца гіганцкая ўспышка, якая пашкодзіць Зямлі


Архіўнае ілюстрацыйнае фота.
Архіўнае ілюстрацыйнае фота.

Новыя дадзеныя сьведчаць, што ў будучыні на Сонцы можа адбыцца надзвычай магутны і небясьпечны ўсплёск выпраменьваньня, піша The New York Times.

Усплёскі выпраменьваньня адрываюцца ад паверхні Сонца зь сілай мільёнаў вульканічных вывяржэньняў. Яны могуць нанесьці шкоду спадарожнікам у космасе і пашкодзіць электрычныя сыстэмы на Зямлі.

Раней навукоўцы назіралі яшчэ больш магутныя выбухі з магутнасьцю трыльёна вадародных бомбаў на іншых зорках. Такія выбухі называюцца супэрвыбліскамі. І хоць на Сонцы супэрвыбліскаў яшчэ не назіралі, астраномы задаюцца пытаньнем, ці можа такое адбыцца і калі.

Артыкул, апублікаваны ў часопісе Science, дае больш інфармацыі. Дасьледнікі вызначылі, што зоркі, падобныя да Сонца, генэруюць супэрвыбліскі прыкладна раз на стагодзьдзе. Вынікі дасьледаваньня паказваюць, што мы можам чакаць незвычайна магутнай сонечнай падзеі хутчэй раней, чым пазьней.

Сонечныя ўспышкі адбываюцца, калі магнітнае поле Сонца скручваецца і разрываецца, пасылаючы ў космас выкід энэргіі, які часта суправаджаецца адтокам зараджаных часьціц. Калі гэтыя часьціцы ўзаемадзейнічаюць з атмасфэрай Зямлі, сьляды такой падзеі могуць застацца ў гадавых кольцах дрэваў ці ледзяных кернах.

Але часьціцы не заўсёды выкідваюцца, і гэтыя падзеі не заўсёды накіраваныя ў бок Зямлі, таму навукоўцам цяжка прадказваць паводзіны Сонца на аснове толькі натуральных дадзеных. Па словах Валерыя Васільева, астранома з Інстытуту дасьледаваньняў сонечнай сыстэмы Макса Плянка ў Нямеччыне, які кіраваў дасьледаваньнем, лепш назіраць за зоркамі ў Млечным Шляху, якія паводзяць сябе як наша ўласнае Сонца.

Выкарыстоўваючы дадзеныя выведзенага з эксплюатацыі касьмічнага тэлескопа NASA «Кеплер», каманда доктара Васільева шукала зоркі з тэмпэратурай, памерамі і яркасьцю, падобнымі да сонечных. З 56 450 зорак, падобных да Сонца, прыкладна адна з 20 мела супэруспышкі.

Частата, зь якой адбываўся супэрвыбліск (прыкладна раз на 100 гадоў), як мінімум у 30 разоў большая, чым у папярэдніх вымярэньнях наукоўцаў.

«Мы былі сапраўды зьдзіўленыя гэтым вынікам, — сказаў доктар Васільеў. — Гэта сапраўды велізарная розьніца».

Г’ю Гадсан, астраном з Унівэрсытэту Глазга (Шатляндыя), які ня браў удзелу ў працы, прывітаў новы мэтад. Але выснова, што частата супэрвыбліскаў была настолькі высокай, яго не пераканала. Для яго застаецца пытаньнем, ці сапраўды аналіз паводзінаў іншых зорак адлюстроўвае паводзіны нашага Сонца, асабліва тое, як яго яркасьць мяняецца зь цягам часу.

Спэцыяльная касьмічная місія па назіраньні за ўспышкамі зорак, падобных да Сонца, а таксама лепшае разуменьне магнітнай актыўнасьці, якая выклікае такія падзеі, дапамогуць даць адказ, сказаў Г’ю Гадсан.

У будучыні дасьледнікі плянуюць параўнаць свае вынікі з назіраньнямі зь іншых касьмічных тэлескопаў, у тым ліку спадарожніка NASA Transiting Exoplanet Survey Satellite і місіі Эўрапейскага касьмічнага агенцтва Plato, запуск якой заплянаваны на 2026 год. Навукоўцы таксама спадзяюцца паўтарыць аналіз з выкарыстаньнем рэнтгенаўскіх прамянёў і ўльтрафіялетавага сьвятла, каб параўнаць свае вымярэньні на розных даўжынях хваль.

Сонечны супэрвыбліск — гэта «тое, пра што грамадзтва павінна турбавацца», — сказаў доктар Гадсан. «Гэта можа быць надзвычай небясьпечна з пункту гледжаньня шкоды і выкліканага ёю хаосу».

Вядома, калі Сонца наогул здольнае вытварыць супэрвыбліск. Хоць мы і ня ведаем адказу на гэтае пытаньне, «лепш быць гатовымі», — сказаў доктар Васільеў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG