Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дажынкі ў Лідзе: “Такое ўражаньне, што рыхтаваліся не да сьвята, а да баявых дзеяньняў”


Сёньня ў Лідзе распачаліся агульнарэспубліканскія Дажынкі. Цэнтар гораду ператварыўся ў адзін вялікі базар зь песьнямі, танцамі, шынкамі і артыстамі. У горадзе уведзены надзвычайныя меры бясьпекі. Заўтра тут чакаюць Аляксандра Лукашэнку.

Каб трапіць на сьвята, трэба прайсьці турнікеты зь міліцыяй. У мяне запатрабавалі дастаць усё з заплечніка, міліцыянт загадаў выкінуць батарэйкі, маўляў, няможна. Праўда, празь 50 мэтраў я набыў новыя ў краме.

Многіх лідчукоў абурае тое, што іх абшукваюць.

Што я злачынца, ці што, каб так мяне абшуквалі і яшчэ цыгарэты з кішэні даставалі ў сваім горадзе?
Спадар: «Што я злачынца, ці што, каб так мяне абшуквалі і яшчэ цыгарэты з кішэні даставалі ў сваім горадзе?».

Другі спадар: «Вось гэтыя вобшукі, мэталашукальнікі… і яшчэ жанчынаў абшукваюць!»

Спадар распавядае, што наагул сьвята псуецца тым, што з раніцы перакрылі дарогі, і людзі не маглі нармальна дабрацца да працы. Зь яго слоў, зь лякарні павыпісвалі хворых, учора наехала столькі міліцыі, што ў горадзе, акрамя іх, нікога не было відаць, і гэта псуе атмасфэру.

Спадар: «Паглядзіце — у людзей ні ўсьмешак няма, ходзяць, як сонныя мухі. Такое ўражаньне, што мы рыхтаваліся не да сьвята, а да нейкіх баявых дзеяньняў».

Дарэчы, у лідзкіх крамах сёньня не прадаюць сьпіртнога, але ў шынках прадаецца і піва, і гарэлка. Кажа загадчыца шынка:

Спадарыня: «У палатках дазваляюць прадаваць і піва, і гарэлку, адзінае -няма таннага віна. Праўда, піва забаронена прадаваць у бутэльках, а гарэлку пераліваюць у плястыкавыя шклянкі».

Большасьць людзей, усё ж, у лепшым настроі.

Спадарыня: «Прыгожа, весела! Што яшчэ казаць? Мы задаволеныя!»
Прыгожа, весела! Што яшчэ казаць? Мы задаволеныя!

Другая спадарыня: «Цэнтар зрабілі прыгожа, а там дзе мы жывём…»

А некаторыя жанчыны вельмі чакаюць прыезду Аляксандра Лукашэнкі.

Карэспандэнт: «А чаго вы ад яго чакаеце?»

Спадарыня: «Проста, каб убачыць. Мы ж ніколі ня бачылі яго».

Іншая спадарыня: «Толькі ён ня ведае, што тут робіцца».

Карэспандэнт: «А што тут робіцца?»

Спадарыня: «Палеткі ня ўсе ўбраныя, як патрэбна. І наагул, дзе хто працуе — адтуль і цягне. І зь мясакамбінату, і з малочнага і з будоўлі гэтай некаторыя і цэглу возяць, і іншыя матэрыялы».

Яшчэ адзін спадар кажа, што таксама хацеў бы сустрэцца з Аляксандрам Лукашэнкам.

Спадар: «І спытаў бы яго: як мне жыць на 550 тысяч? І жонка мая 25 гадоў выхавацелькай у садку — і таксама 500 тысяч атрымлівае. Як нам на гэтыя грошы сёньня пражыць?».

Яшчэ кідаецца ў вочы, што паўсюль бегаюць дзеці школьнага ўзросту. Аказваецца, у лідзкіх школьнікаў сёньня адмянілі заняткі, яны гэтаму вельмі радыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG