Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка - гэта беларускі Петрасян


Яшчэ месяц таму днём з агнём было не адшукаць у блогасфэры палітычных запісаў, і здавалася, што грамадзтва канчаткова пагрузілася ў постпалітычны стан. Цяпер палітыкі стала аж замнога.

Ня тое каб гэтая раптоўная палітызаванасьць сьведчыла пра нейкія карэнныя зьмены, яна мае хутчэй прыкметы чыста сэзоннай зьявы. «Раней самыя папулярныя допiсы былi пра сэкс. Потым - пра надвор'е. Цяпер стала модна пісаць пра грыбы i Някляева...», - заўважае bihi_puuk. Пайшлі грыбы, пайшлі выбары. Як пайшлі, так і адыдуць. Але пакуль не адышлі, выбарчая кампанія, ці, шырэй, палітычнае жыцьцё застанецца абавязковай тэмай аднаго з двух штотыднёвых выпускаў аблогі. Другі ж выпуск па-ранейшаму будзе пра ўсялякую ўсячыну. Гэтым разам мы пагаворым пра навіны культуры.

ЛУКАШЭНКА АПУСЬЦІЎ МЯДЗЬВЕДЗЕВА НІЖЭЙ ЗА ПЛІНТУС


Лукашэнка павіншаваў (сумна)вядомага дзеяча культуры Яўгенія Петрасяна з 65-годзьдзем, за два дні да чаго «устрымаўся ад віншаваньня» Дзьмітрыя Мядзьведзева. Што гэта было – выпадковасьць, дзівацтва, ці помста за тое, што Мядзьведзеў яго самога не павіншаваў? Ён, можа, і дату дня нараджэньня перанёс, каб крамлёўскі ўладар успомніў, адумаўся, дык не, 31-га жніўня таксама маўчок.

Лірычнае адступленьне, паколькі мы закранулі тэму раптоўнага пераносу дня народзінаў кіраўніка дзяржавы:



Гэты малюнак ілюстраваў допіс блогера head_of_babulka за першага верасьня, прысьвечаны якраз зьмене даты нараджэньня прэзыдэнта.

«Тое, што прэзыдэнт Беларусі памаладзеў на суткі, раптам зьмяніўшы дату свайго нараджэньня з 30-га на 31-ае жніўня і сумясьціўшы яе з датай нараджэньня сына Мікалая, бачыцца мне ня проста дзівацтвам кіраўніка дзяржавы... Не, я бачу тут канчатковае і ўжо, напэўна, беззваротнае абвальваньне нашай роднай Беларусі ў сфэру нерэальнага - туды, дзе можа адбыцца ўсё што заўгодна: ад нашэсьця тагасьветнай саранчы з паралельнага сьвету да скукожаньня тэрыторыі Беларусі ў форму шара і ператварэньня яе ў дзясятую плянэту нашай сонечнай сыстэмы...»

Канец лірычнага адступленьня.

Калі сапраўды помстай, яна атрымалася вытанчанай, з гумарам. Цікава, хто яму гэткі ход мог падказаць. Нібыта раней прэзыдэнцкая адміністрацыя асаблівым пачуцьцём гумару не адрозьнівалася. Я выказаў здагадку, што аўтарам палітычнага жарту мог быць lipkovich, калі яго завабілі на дзяржаўную службу, але ён адпрэчыў мае інсінуацыі.

Паводле Вікіпэдыі, «у апошнія гады Яўгеній Петрасян атрымаў сумнеўную вядомасьць у інтэрнэце і стаў своеасаблівым інтэрнэт-мэмам з прычыны спрэчнай з пункту гледжаньня шматлікіх людзей якасьці ягонага гумару. Характэрна, што ў паўсядзённы ўжытак у той ці іншай меры ўваходзяць нэалягізмы "петрасяніць" у значэньні "нясьмешна жартаваць" і "петрасянства" або "петрасяншчына" у значэньні "нясьмешны гумар", а самое прозьвішча "Петрасян" стала імем намінальным і часам ужываецца ў значэньні "кепскі жартаўнік"».

Які-небудзь замшэлы старарэжымны чыноўнік, для якога Петрасян круты, таму што яго ўжо колькі гадоў паказваюць па тэлевізары ў прайм-тайм, мо і ня надта пакрыўдзіўся б. Аднак для блогера Мядзьведзева фінт Лукашэнкі павінен быць страшнай абразай. Павіншаваць Петрасяна, не павіншаваўшы яго – гэта значыць «апусьціць ніжэй за плінтус».


ПАКУЛЬ ТЫ ГОЛАЙ СРАКАЙ ВОЖЫКА Ў ЗЯМЛЮ НЯ ЎБ'ЕШ, НЯ БУДЗЕ ТАБЕ НАШАЙ ПАВАГІ


Лукашэнка ня блогер і ягоныя культурныя прыхільнасьці не назавеш «прасунутымі». Цалкам магчыма, што ён сам аматар «петрасяншчыны». А калі нават не аматар, то ўспрымае Петрасяна як постаць накшталт Алы Пугачовай. Памятаеце, быў такі анэкдот: «Хто такі Леанід Брэжнеў? Дробны палітычны дзеяч эпохі Алы Пугачовай». Сяргей Дарэнка падобным чынам выславіўся быў пра Пуціна - што ён «першы віцэ-прэм'ер пры Петрасяне». У такім разрэзе павіншаваць Петрасяна, не павіншаваўшы Мядзьведзева - ня значыць апусьціць апошняга «ніжэй за плінтус». Гэта значыць усяго толькі «паставіць на месца»:

«Мядзведзеў статусам ня выйшаў - выскачка, халіф на гадзіну, чорцік з табакеркі. А Петрасян якое ўжо дзесяцігодзьдзе "петрасяніць"», - як сфармуляваў блогер il_gattopardo. - «Кажуць, дарэчы, што самому АРЛ падобнае стаўленьне паказаў у свой час камандантэ Фідэль, калі Бацька яму прапанаваў разам супраць амэрыканцаў сябраваць. Маўляў, я хоць цяпер і мачуся ў порткі, але наогул мы рэвалюцыю рабілі, калі ты яшчэ дубцом гусакоў ганяў, і няма чаго тут ставіцца да нас запанібрата. Маўляў, пакуль ты голай сракой вожыка ў зямлю ня ўб'еш, ня будзе табе нашай павагі».

Паставіць на месца Мядзьведзева і адначасова даць зразумець горача любімаму рускаму народу: вашыя сьвятыні я шаную, а на крамлёўскіх дачасьнікаў пляваць хацеў.

ЛУКАШЭНКА - ГЭТА БЕЛАРУСКІ ПЕТРАСЯН


Уладзімер Голышаў, расейскі палітоляг і журналіст нацыяналістычнага толку, не палічыў бы наданьне статусу рускай сьвятыні Петрасяну за абразу. У сваім артыкуле «Эпоха Петрасяна» ён супрацьпаставіў «райкінска-жванецкаму русафобскаму стандарту... школе нянавісьці да сваёй краіны і свайго народу» гумар Петрасяна як «найбольш пасьлядоўную і бескампрамісную антытэзу». Паводле Голышава, Петрасян вярнуў рускім права «людзьмі звацца». Пасьмейваючыся над імі «без пляўка ў твар», у адрозьненьне ад «райкінаў-жванецкіх», чыя папулярнасьць была «прама прапарцыйная гатовасьці іхных прыхільнікаў праклінаць і ненавідзець сваю краіну, пагарджаць сваім народам і ягонымі дасягненьнямі».

Блогер lekar1971 у журнале valery_brest_by адзначыў: «Петрасян, па ўсёй бачнасьці, што называецца, больш "сацыяльна блізкі"».

Бадай, менавіта так і ёсьць. Лукашэнка - гэта беларускі Петрасян. Я маю на ўвазе ня столькі ўзровень ягонага гумару, хаця і яго таксама, колькі спосаб узаемадзеяньня з народам. Райкін, Жванецкі і Хазанаў (таксама занесены Голышавым у чорны сьпіс «русафобаў») былі зусім не русафобамі. Яны толькі выконвалі адведзеную ім савецкай уладай выхаваўчую і выкрывальную функцыю, то бок бічавалі заганы ў межах дазволенага.

Лірычнае адступленьне:

Блогер ahromenka распавёў гісторыю пра тое, як у сталіцы «нейкай экватарыяльна-бананавай рэспублікі» вымусілі бамжоў пакінуць будынак закінутага вакзалу ў цэнтры гораду нібыта гуманным спосабам:

«Да трушчобаў падагналі аўтобус з гукаўзмацняльнай апаратурай. І штодня мэтадычна круцілі ім сымфанічнага Моцарта. А ў гопнікаў-бамжоў, аказваецца, нэрвовая сыстэма не такая, як у нармалёвых людзей: клясычнай музыкі ня зносяць арганічна! Ім проста пагана робіцца на чыста фізіялягічным узроўні. Карацей, праз тры-чатыры дні ўсе яны масава зьняліся са сваіх трушчобаў і паляцелі ў вырай, шукаць іншага прыдатнага месца».

Гуманнасьць гэтага спосабу пад пытаньнем, як і тэза блогера пра рознасьць нэрвовых сыстэмаў у «бамжоў» і «нармалёвых людзей». Блогерка rasichka, напрыклад, заўважыла, што яна любіць клясычную музыку, але праз 24 гадзіны Моцарта «сама пабяжыць у псыхушку». Ды гаворка не пра тое. Да чаго блогер згадаў тую гісторыю з далёкай «экватарыяльна-бананавай рэспублікі»:

«Вось я і думаю, як можна зьмяніць у Беларусі гопніцка-калгасную ўладу. Трэба па ўсіх тэле- і радыёканалах ад рана да рана круціць клясычную музыку. Кожны прапаршчык міліцэйскага спэцназу ад Саракавой сымфоніі Моцарта праз суткі звар’яцее дакладна. Кожны ідэоляг пасьля гадзіны праслухоўваньня вальсаў Шапэна сядзе на 18-ты аўтобус і паедзе ў “Навінкі”, здавацца. Кожны кадэбіст ад штодзённага праслухоўваньня скрыпічных санат Тарціні будзе біцца галавой аб сьцяну свайго малапачцівага кабінэта. А потым усе яны ня вытрымаюць і проста эмігруюць у краіну на ўсход ад нас, лячыць зьнявечаныя мазгі тым, да чаго прызвычаіліся: “Владімерскім цантралам” і групай “Мабільныя бландзінкі”. І застануцца ў краіне збольшага нармалёвыя людзі…»

Канец лірычнага адступленьня.


Гэты допіс папросту ня мог бы зьявіцца за савецкім часам. Быў у савецкай улады такі капрыз - палепшыць і ўдасканаліць грамадзяніна. Дзеля чаго здымаліся фільмы, многія зь якіх мы з задавальненьнем глядзім і сёньня, пісалася музыка, якую часам мы і цяпер слухаем, ставіліся спэктаклі, якія мы згадваем з прыдыханьнем, друкаваліся часопісы, здымаліся навукова-папулярныя тэлепраграмы і, у тым ліку, выступалі таленавітыя гумарысты. Карацей, савецкіх грамадзянаў шпігавалі «высокай культурай» не раўнуючы як тых няшчасных экватарыяльна-бананавых бамжоў 24 гадзіны ў суткі. І ўцячы ад яе куды-небудзь было немагчыма.

Беларуская ўлада гэтым не займаецца, што яскрава засьведчыў ahromenka. І ня толькі таму, што яна ня ўмее, што ёй бракуе рэсурсаў, матэрыяльных ды інтэлектуальных. Галоўнае, у яе ўстаноўка зусім іншая. Яна, як той Петрасян, схільная хутчэй падлабуньвацца да свайго народу, чым выхоўваць і ўдасканальваць яго. Як той Петрасян, беларуская ўлада не імкнецца выкараніць заганы, а карыстаецца імі і на іх паразытуе. У гэтым сэнсе, Петрасян насамрэч «сацыяльна блізкі» для Лукашэнкі.

СЁНЬНЯ НЕ ПАВІНШАВАЎ ПЕТРАСЯНА, ЗАЎТРА НЕ ПАВЕРЫЎ «БТ», ПАСЬЛЯЗАЎТРА ЎСТУПІЎ У БНФ


Калі прэзыдэнт шануе Петрасяна, галоўнаму прэзыдэнцкаму органу друку – «Саўбелцы» – мусіць быць сорамна. Бо яна не праявіла належнай празорлівасьці і пісала пра шанаванага на найвышэйшым узроўні дзеяча культуры ў недапушчальным тоне:

«Гумар Петрасяна - мінулае стагодзьдзе, пахабна і сумна» (пруфлінк)

«Петрасян несьмяротны і ўсюдыісны. І гэта ўжо ня сьмешна...» (пруфлінк)

Больш за тое, дазволіла сабе фактычна падтрымаць пікет супраць сацыяльнага блізкага беларускаму прэзыдэнту гумарыста!

У групе ідэалягічнай падтрымкі прэзыдэнта разброд і хістаньні. Блогер stas_allov, калісьці адзіны, цяпер ужо адзін з шэрагу (перад выбарамі яны пачалі пладзіцца) прапагандыстаў улады ў беларускай блогасфэры, які, да таго ж, называе сябе сталіністам, прызнаўся ў суполцы by_politics, што... ня любіць Петрасяна! Ды яшчэ і апраўданьне сабе знайшоў:

«На густ і колер таварышаў няма. Неабавязкова, каб усім падабаліся тыя самыя артысты або аднолькавая ежа... Каб быць сталіністам, неабавязкова курыць люльку».

Нечувана распушчаны лібэралізм. Паспрабаваў бы ён у свой час сказаць, што ня любіць якога-небудзь ляўрэата Сталінскай прэміі, а курыць люльку непрыгожа і шкодна для здароўя. Добра, што знайшоўся чалавек, пільны блогер longlivebelarus, які паспрабаваў прымусіць сыйсьці з аблуднага шляху гора-прапагандыста:

«Ой, ня трэба тут! Сёньня не павіншаваў Петрасяна, заўтра не паверыў БТ, а пасьлязаўтра ўступіў у БНФ... Усім знаёмая гэтая сьлізкая сьцежка, Станіслаў...»

Рызыкну гранічна завастрыць праблему. Петрасян - гэта як лякмусавая паперка. Стаўленьнем да яго мусіць правярацца ляяльнасьць беларускай уладзе. Ня любіш Петрасяна - апазыцыянэр і, згодна з новымі павевамі, вораг народу.

«ЧАРОЎНЫ ТРУСІК» СУПРАЦЬ СЫСТЭМЫ, САЛАДУХА СУПРАЦЬ «ЧАРОЎНАГА ТРУСІКА»


У якасьці дапаможнага сродку праверкі ляяльнасьці можна выкарыстоўваць таксама мясцовы матэрыял - Аляксандра Саладуху. Якога, паводле блогера head_of_babulka мог бы ў адплату сымэтрычна павіншаваць Мядзьведзеў.

Так, Аляксандр Саладуха - яшчэ адна інкарнацыя (увасабленьне) Лукашэнкі ў сфэры культуры. І напярэдадні выбараў ён паспрабаваў нэўтралізаваць галоўную надзею на перамены ў беларускім жыцьці - кагобвыдумалі?! - Юру Дземідовіча.

Блогер genosse_u, аўтар шматлікіх «амацісак» (вершаў, напісаных па матывах песьні «Чароўны трусік»), так характарызаваў Юру: «адзіная годная зьява беларускай эстрады, юны заклінальнік, які ўзламаў Сыстэму і перавярнуў задушлівы сьвецік пасрэднасьцяў». Пра самога ж genosse_u было сказана: «Таварыш У прадэманстраваў выдатнае майстэрства ператварэньня бессэнсоўнага, але, тым ня менш, папулярнага мэма з катэгорыі барбамбія кіргуду ў вельмі трывожнае прароцтва, рэальна здольнае пахіснуць сумна вядомы мэм стабільнасьці».

Каб выратаваць мэм стабільнасьці, Сыстэма нанесла зваротны ўдар - Саладуха прыўласьціў рэвалюцыйную песьню Юры і выняў ейнае паражальнае джала:



«Песьня нагадвае мне сярэднявечча, калі людзей спальвалі на вогнішчах. Мне ўсё вельмі падабаецца», - прагаварыўся пра свае праўдзівыя матывы сьпявак.

«Калі нават тоўсты піянэр запявае ANIMATIS, гэта значыць, што Апакаліпсіс не за гарамі», - ці зларадна, ці скрушна падсумаваў genosse_u.

Хто ведае, мажліва, усё пойдзе ня так, як плянаваў Саладуха. Ня ён авалодае песьняй, а яна адолее яго знутры. І мы яшчэ ўбачым угневаных грамадзянаў на вуліцах пад лёзунгам ETIS ATIS ANIMATIS:

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG