Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замежныя журналісты заклікаюць абараніць сваіх калегаў у Беларусі


Прадстаўнікі міжнароднай журналісцкай супольнасьці рэкамэндуюць уладам Беларусі, Украіны і Расеі ўзмацніць заканадаўчую абарону журналістаў. Пра гэта гаворыцца ў заяве, прынятай у Кіеве на міжнароднай канфэрэнцыі "10 гадоў забойства Георгія Гангадзэ не раскрыта: пошук новых шляхоў барацьбы з беспакаранасьцю".

Сустрэча была арганізаваная міжнароднай журналісцкай арганізацыяй "Артыкул 19" і арганізацыяй "Міжнародная падтрымка мэдыя".

Удзельнікі канфэрэнцыі адзначаюць, што ўлады Беларусі, Украіны і Расіі "шчыра праігнаравалі большасьць выпадкаў, у якіх размова ішла пра напады на журналістаў, а ў тых выпадках, дзе расьсьледаваньне наконт гэтых нападаў усё ж было пачатае, яго ходу перашкаджала дзяржаўная карупцыя". У выніку ў гэтых краінах сфарміравалася атмасфэра беспакаранасьці, парушэньня правоў журналістаў, аслабла жаданьне карыстацца свабодай выказваньня поглядаў.

Уладам трох краін рэкамэндавана прыняць усе адпаведныя крокі, уключаючы меры ў галіне заканадаўства, судаводства і адміністрацыі, неабходныя для практычнага ўвасабленьня ў жыцьцё правоў журналістаў. У прыватнасьці, прапанавана караць любое парушэньне правоў журналістаў у адміністрацыйным або крымінальным парадку, прымаць меры для прадухіленьня злачынстваў супраць журналістаў, забясьпечыць непрымяненьне тэрміну даўніны да злачынстваў, учыненых дзеля стварэньня перашкод для рэалізацыі права на свабоднае выказваньне поглядаў або права на інфармацыю.

Як паведаміла падчас канфэрэнцыі старшы супрацоўнік па эўрапейскіх праграмах "Артыкулу 19" Наталі Лоскут, пасля дапрацоўкі заява будзе накіраваная прэзыдэнтам і парлямэнтам Беларусі, Расіі і Ўкраіны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG