Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Свабоднае слова і незалежная журналістыка маюць попыт у беларускім грамадзтве"


Эфір 15 верасьня

16 верасьня 1995 году ў Менскім Доме літаратара адбыўся ўстаноўчы сход Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ). Напярэдадні 15-годзьдзя арганізацыі мы пагутарылі з намесьнікам старшыні БАЖу Андрэем Аляксандравым.

Знаткевіч: Як зьмяніліся ўмовы працы журналістаў у Беларусі за час існаваньня БАЖу?

Аляксандраў: У 1995 годзе, калі БАЖ арганізаваўся, я толькі скончыў школу. Але да 15-годзьдзя БАЖ мы рыхтавалі хроніку жыцьця нашай арганізацыі, давялося праглядзець шмат старых дакумэнтаў, паведамленьняў, і магу сказаць, што абараняць правы журналістаў за гэтыя 15 год было цяжка заўсёды. За гэтыя 15 гадоў беларускія журналісты амаль увесь час сутыкаліся з моцным прэсінгам у першую чаргу з боку ўладных структураў. Гэта прэсінг і прававы, і адміністратыўны і эканамічны, і псыхалягічны. І БАЖ – гэта тая арганізацыя, якая прабуе дапамагчы журналістам супрацьстаяць гэтаму прэсінгу і заставацца ў нашай агульнай прафэсіі, выконваць нашую місію.

Знаткевіч: Наколькі пасьпяхова атрымалася супрацьстаяць гэтаму прэсінгу? Ці ня здарылася так, што роля і ўплыў недзяржаўнай прэсы ў Беларусі паступова зьмяншаліся?

Аляксандраў: Па-першае, гэта не мая думка, я магу згадаць заяву сусьветнай асацыяцыі газэтаў, якая ў 2003 годзе ўганаравала БАЖ "Залатым пяром свабоды". У гэтай заяве было сказана, што незалежная журналістыка і прэса ў Беларусі захаваліся менавіта дзякуючы таму, што ў краіне дзейнічала БАЖ. Наколькі важкі ўплыў мае незалежная прэса на грамадзтва? Гэта ацаніць ня вельмі проста, таму што незалежныя выданьні працуюць у няроўных умовах зь дзяржаўнымі СМІ, ва ўмовах эканамічных і ва ўмовах доступу да інфармацыі. Але калі мы паглядзім на такі аб'ектыўны крытэрый як колькасьць наведвальнікаў у незалежных сайтаў, якія перадаюць грамадзка-палітычную інфармацыю, то можна пабачыць, што свабоднае слова і незалежная журналістыка маюць попыт у беларускім грамадзтве, асабліва гэта відавочна падчас нейкіх значных падзеяў, палітычных кампаніяў.

Знаткевіч: Якая асноўная роля недзяржаўных мэдыяў павінна быць падчас выбарчай кампаніі?

Аляксандраў: Роля мэдыяў заўсёды аднолькавая, нягледзячы на час, абставіны, умовы – інфармаваць грамадзтва, што адбываецца насамрэч. Нам вельмі цяжка казаць пра тое, што беларускія мэдыі здолеюць стаць той прасторай для грамадзкага абмеркаваньня праграмаў кандыдатаў, нейкіх поглядаў на разьвіцьцё краіны. У гэтым вінаватая не кваліфікацыя, не прафэсіяналізм нашых журналістаў, а ўмовы, у якіх СМІ мусяць існаваць у Беларусі сёньня. Дзяржаўныя СМІ фактычна зьяўляюцца органамі прапаганды.

Знаткевіч: На вашу думку, наколькі ў сёньняшніх беларускіх умовах магчымае аб'ектыўнае незалежнае расьсьледаваньне сьмерці журналіста Алега Бябеніна?

Аляксандраў: Вельмі цяжка камэнтаваць гэты выпадак. Бо сапраўды вакол сьмерці нашага калегі ёсьць вельмі шмат пытаньняў. Нас бянтэжыць той факт, што мінулыя гучныя справы, якія зьвязаныя з імёнамі нашых калегаў Зьміцера Завадзкага і Веранікі Чаркасавай так і не былі расьсьледаваныя да канца. Таму мы і зьвярнуліся да генэральнага пракурора і да міністра ўнутраных справаў з нашым заклікам правесьці расьсьледаваньне, якое было б максымальна адкрытым.

Знаткевіч: Тое, што беларускія ўлады ўжо заявілі пра гатоўнасьць прыняць экспэртаў АБСЭ у крымінальных справах гэта, на вашу думку, сьведчыць пра тое, што заявы БАЖа і заявы міжнародных арганізацый пачулі?

Аляксандраў: Я думаю, што гэтая заява з боку беларускіх уладаў несумненна зьвязаная з вельмі шырокай міжнароднай рэакцыяй на гэты трагічны выпадак. Наколькі гэтая заява будзе супадаць з рэальнымі дзеяньнямі, пакажа час.

Слухаць перадачу цалкам:

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG