Пра гэта паведаміў журналістам пасол Вэнэсуэлы ў Менску Амэрыка Дыяс Нуньес, перадае Інтэрфакс.
Паводле амбасадара, калі б гэты бізнэс быў нерэнтабэльны, то пастаўкі не рабіліся б.
"Такія пагадненьні дасягаюцца на ўзроўні кіраўнікоў краін. Такія ж пагадненьні дасягнутыя з кіраўнікамі шэрагу краін Лацінскай Амэрыкі. Пастаўка нафты на ільготных умовах — гэта жэст салідарнасьці, жэст падтрымкі беларускага народу", — сказаў дыплямат.
Ён таксама заявіў, што "гэтыя пастаўкі рэнтабэльныя, з улікам таго, што ўжо ёсьць пляны на наступны год паставіць у Беларусь 10 мільёнаў тон нафты".
"Нашы дзеяньні не зьяўляюцца дзеяньнямі манаполіі, якая хацела б навязаць свае цэны", дадаў спадар Дыяс Нуньес.
Нядаўна Менск наведала дэлегацыя вэнэсуэльскіх спэцыялістаў нафтавай галіны, якая азнаёмілася з праектам стварэньня сумеснага прадпрыемства па рэалізацыі нафтапрадуктаў.