Летась у такі ж сэзон «вялікага малака» Расея забараніла ўвоз на сваю тэрыторыю больш як тысячы найменьняў беларускай малочнай прадукцыі з-за неадпаведнасьці прадуктаў новаму расейскаму тэхрэглямэнту. Тады, праўда, праблемы даволі хутка вырашыліся. І вось чарговы віток. Адмыслоўца ў сельскай гаспадарцы, выкладчык Горацкай сельгасакадэміі Андрэй Юркоў выказаў такое меркаваньне:
«У дадзеным выпадку — толькі палітыка. Напрыклад, паводле эўрапейскіх нормаў дапускаецца ўтрыманьне антыбіётыкаў да 100 міліграмаў на 1 кіляграм прадукту гатовага. А Расея ўвогуле ўвяла стандарт 0. А стандарт 0 альбо 0,1 — нават, здаецца, такіх дасканалых прыбораў кантролю няма, якія могуць гэта лавіць. І ўвогуле, весьці буйную вытворчасьць — маецца на ўвазе таварную, на буйных комплексах, з поўнай адсутнасьцю антыбіётыкаў — ну, гэта малако залатое будзе. Тады прыйдзецца значную частку кароваў проста выразаць, бо лячыць увогуле будзе немагчыма. Расея такім шляхам можа любой краіне ў любы момант увесьці забарону. Масква ўзяла ў рукаў такі козыр і ў любы момант яго дастае і каго хоча карае такім шляхам».
Намесьнік начальніка ўпраўленьня Мінсельгасхарчу Аляксандар Куцко ня стаў называць гэта чарговай малочнай вайной. Сытуацыю з забаронай імпарту ў Расею прадукцыі чатырох заводаў камэнтаваць ня стаў, а што да расейскіх нормаў, патлумачыў:
«Такі тэхрэглямэнт, то бок нацыянальны закон — фэдэральны закон № 88 Расейскай Фэдэрацыі, там напісана, сапраўды, што 0».
Карэспандэнтка: «А гэта наагул рэальна — 0?»
«Я вам не магу камэнтаваць, гэта рэальна ці не. Але раз яны напісалі — спадзяваліся ж. Ну, магчыма, адзінкавыя выпадкі былі, калі хтосьці дзесьці папаўся. Не магу нічога казаць».
У аддзеле зьнешнеэканамічнай дзейнасьці Бярозаўскага сыраробнага заводу ад камэнтароў адмовіліся:
«Мы гэтую сытуацыю не камэнтуем. Прынамсі на сёньняшні дзень. Расейскі рынак для нас адчувальны, але, паўтараю, сытуацыю мы не камэнтуем».
Але ёсьць і іншыя меркаваньні. Журналіст Анатоль Гуляеў, які спэцыялізуецца на сельскай гаспадарцы, кажа:
«Цяжка сказаць, што гэта пачынаюцца якія-небудзь чарговыя падкопы. Зразумела, што Рассельгаснагляд сябе зарэкамэндаваў як установа карная, якая ў свой час забараняла і баржомі, і грузінскае, і малдаўскае віно, іншую прадукцыю тых краінаў, якія выказалі нейкую нязгоду з рашэньнямі кіраўніцтва Расеі. Але ў дадзеным выпадку, магчыма, гэта правамернае рашэньне. Калі яны прымаюць такія рашэньні, пэўна, ёсьць адпаведныя дакумэнты. Мне здаецца, рашэньне кантрольных органаў Расеі наконт якасьці беларускай прадукцыі цалкам правамернае».
І прадстаўнікі малочнай прамысловасьці, і чыноўнікі асьцярожнічаюць і не ўжываюць тэрмін «малочная вайна». Леташнія праблемы з Расеяй прымусілі беларускіх вытворцаў малака зрабіць кантроль больш жорсткім, а шмат якія перапрацоўчыя прадпрыемствы мадэрнізаваць. А Рассельгаснагляд тым часам дэманструе, што строгія патрабаваньні ўжываюцца ня толькі да беларускай прадукцыі — на сайце зьявілася паведамленьне пра забарону імпарту мяса і малака з шасьці ўкраінскіх прадпрыемстваў.