Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Малочная вайна сёлета паўтарылася, проста не афішавалася


Аляксандар Лукашэнка наведаў Шклоўскі малаказавод, які летась стаў часткай расейскага канцэрну Юнімілк. Што новага прагучала тут на малочную тэму? Якой рэакцыі можна чакаць на чарговую расейскую забарону экпарту малочных прадуктаў з 4 беларускіх заводаў, сярод якіх, праўда, шклоўскага няма? На пытаньне Свабоды адказвае эканамічны аглядальнік Стась Івашкевіч.

Па-першае Аляксандар Лукашэнка заявіў, што не дапусьціць замежнага капіталу да беларускіх малакаперапрацоўчых заводаў, хаця на мінулым тыдні беларускі міністар сельскай гаспадаркі Міхаіл Русы сказаў адваротнае – што гэта магчыма, прычым найбліжэйшым часам.

Тут трэба зазначыць, што Менск абяцае прадаць Расеі тыя заводы ўжо даўно. Першае пагадненьне на гэтую тэму было падпісана, паводле расейскага выданьня Камэрсант, яшчэ ў 2008 годзе. Гэтае абяцаньне тады не было выкананае. Толькі пасьля гандлёвай вайны ў другой палове таго ж году Менск аддаў Юнімілку адзін Пружанскі малочны камбінат.

Тое ж паўтарылася летась. Расейскі бок настойваў на выкананьні дамоўленасьці, расейскія канцэрны Юнімілк і Вім-Біль-Дан рабілі прапановы аб стварэньні СП, але беларускі кіраўнік зрабіў падобную заяву, як і сёньня: ня пусьцім замежнага капіталу. У выніку малочнай вайны Лукашэнка пацьвердзіў дамоўленасьці, але аддаў толькі яшчэ адзін завод – шклоўскі.

Сёлета мы назіраем аналягічную сытуацыю. “Россельхознадзор” забараніў імпарт чатырох найбуйнейшых малаказаводаў. Але гэта толькі вершаліна айсбэргу. Малочная вайна ідзе ўжо два месяцы – у траўні была ўведзеная татальная забарона на ўвоз беларускага сухога малака. А гэта больш за дзьве траціны беларускага малочнага экспарту. Забарона працягнецца да ліпеня. Беларускі бюджэт губляе на гэтым каля паўмільярда даляраў. Гэта асабліва не афішавалася, бо Беларусь была вымушана пагадзіцца на гэтыя капітуляцыйныя ўмовы па выніках яшчэ леташняй вайны.

Сёньняшнюю заяву можна лічыць адказам на нядаўнюю прапанову Юнімілку аб выкупе кантрольнага пакету чарговага беларускага прадпрыемства. Фактычна – гэта адмова, але з указаньнем магчымасьцяў пагадненьня: прыватызацыя магчымая, але толькі ў выпадку буйнамаштабных інвэстыцыяў, што дазволяць заводу вырабляць больш высокатэхналягічную прадукцыю, на якую не распаўсюджваюцца расейскія абмежаваньні.

Чакаць можна аналягічнага сцэнару: Лукашэнка будзе адстойваць завышаныя ўмовы, Расея будзе ціснуць пры дапамозе “Россельхознадзору”. У выніку – у найбліжэйшыя месяцы можна чакаць продажу Юнімілку чарговага малаказаводу – на нейкіх кампрамісных умовах. Трэба, аднак, зазначыць, што пасьля кожнага такога скандальнага гандлю беларускі бюджэт губляе сотні мільёнаў даляраў.

У заключэньне нельга не дадаць, што забарона Россельхознадзору несумнеўна зьяўляецца часткай ціску на Менск з мэтай змусіць яго да хутчэйшага падпісаньня пагадненьняў па Мытным саюзе і па Адзінай эканамічнай прасторы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG