Пра сустрэчу Мікалая Аўтуховіча з падпалкоўнікам мэдычнай унутранай службы Аляксандрам Кралько «Свабодзе» паведамілі ў рэспубліканскай пракуратуры. Кіраўнік прэс-службы пракуратуры Пётар Кісялёў зачытаў дакладную запіску, якая была складзеная пасьля наведваньня 23 чэрвеня Мікалая Аўтуховіча:
«Вось прынесьлі мне тлумачэньне Мікалая Аўтуховіча, якое ўзяў у яго старэйшы памочнік пракурора Менску, які наведаў яго ў ізалятары. І вось што піша сам Аўтуховіч. «Мяне наведаў 23.06 па пытаньні лячэньня маіх зубоў галоўны адмыслоўца мэдычнай управы Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС падпалкоўнік мэдычнай унутранай службы Кралько А.А. У выніку размовы мы дамовіліся, што са мной правядуць камісійную кансультацыю стаматоляг і артапэд Мінздраву для вырашэньня пытаньня аб неабходнасьці тэрміновага альбо плянавага пратэзаваньня. А таксама вырашэньня пытаньня пра мэтодыку пратэзаваньня».
Мікалай Аўтуховіч далей піша, што згодны з такой прапановай і яшчэ раз тлумачыць сваю пазыцыю: ён не настойвае на тым, каб яму лячыў зубы нейкі пэўны доктар, а проста патрабуе, каб яму паводле закону была аказаная мэдычная дапамога. Прэсавы сакратар рэспубліканскай пракуратуры Пётар Кісялёў далей цытуе ліст Мікалая Аўтуховіча:
«Дадаю, што аплату лячэньня я гарантую і магу гэта абумовіць у любой дамове з мэдычнай установай. З маіх слоў запісана дакладна. З прывітаньнем, Мікалай Аўтуховіч».
Карэспандэнт: «Ці азначае гэта, што ён спыніў галадоўку?»
Пётр Кісялёў: «Наконт галадоўкі ня буду камэнтаваць. Хто ў яго адвакат, хай ён пра гэта кажа».
Адвакат Павал Сапелка сёньня заняты іншай працай і таму ня змог наведаць Мікалая Аўтуховіча ў менскім сьледчым ізалятары. Дзяжурны ізалятара на пытаньне, ці спыніў Аўтуховіч галадоўку, адказваць адмовіўся:
«Мы такіх даведак праз тэлефон не даем».
Мікалай Аўтуховіч пачаў галадоўку 16 чэрвеня, патрабуючы арганізаваць яму сустрэчу з супрацоўнікам Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў для арганізацыі тэрміновага лячэньня зубоў, бо ягоныя лісты з ізалятара ў Дэпартамэнт не даходзілі. Пасьля некалькіх дзён галадоўкі Мікалай Аўтуховіч паведаміў праз адваката, што з 22 чэрвеня пачне сухую галадоўку, калі ягоныя патрабаваньні ня будуць выкананыя. У якім стане цяпер знаходзіцца Мікалай Аўтуховіч, невядома.
Аўтуховіч асуджаны на 5 гадоў і 2 месяцы за захаваньне некалькіх патронаў. Сам прадпрымальнік і шмат хто ў Беларусі і за мяжой мяркуюць, што яго перасьледуюць за змаганьне з карупцыяй.