У 2007-м і пазьнейшых гадах Сьвятлана Байкова, якая цяпер арыштаваная КДБ, вяла справы мытнікаў, якія скончыліся масавымі асуджэньнямі абвінавачаных у карупцыі. Цяпер генпракурор Рыгор Васілевіч прызнае, што ў тых справах былі парушэньні. З гэтага пачаўся камэнтар да справы падначаленай Васілевіча Сьвятланы Байковай:
Зь лютага былая сьледчая па асабліва важных справах Генэральнай пракуратуры Сьвятлана Байкова знаходзіцца ў сьледчай турме КДБ
"Там бывала ўсялякае. У некаторых выпадках бывалі, як кажуць, перагібы, калі людзей затрымлівалі і бралі пад варту. У некаторых выпадках гэта не заўсёды было абгрунтавана і законна. Хацелася б добрых вынікаў, але і сьледзтва не заўсёды... У Байковай ёсьць, канечне, нейкія заслугі, але ня ўсё гэтак адназначна і ў яе дзеяньнях. Канфлікт ня ўзьнік на пустым месцы, ня будзем ідэалізаваць і сьледчую". На просьбу карэспандэнта "Свабоды" пра ўдакладненьне Рыгор Васілевіч адказаў, што ў справе Байковай "няма ніякай барацьбы паміж КДБ і пракуратурай", а ўсе спрэчныя пытаньні "вырашаюцца на падставе закону".
Зь лютага былая сьледчая па асабліва важных справах Генэральнай пракуратуры Сьвятлана Байкова знаходзіцца ў сьледчай турме КДБ — "амэрыканцы". Нядаўна Сьвятлана Байкова трымала галадоўку пратэсту і з турмы накіравала ліст да Аляксандра Лукашэнкі, у якім паведамляла, што яе нібыта "неабгрунтавана" абвінавачваюць у службовых злоўжываньнях. У лісьце да Лукашэнкі Сьвятлана Байкова згадвае старшыню КДБ Вадзіма Зайцава, нагадвае пра свае ўзнагароды і просіць вызваліць яе ды вярнуць на працу.
Рыгора Васілевіча запыталі пра пэрспэктывы выдачы экс-прэзыдэнта Кіргізстану Курманбека Бакіева на замову кіргіскай пракуратуры. Рыгор Васілевіч сказаў, што пракуратура не знайшла падстаў для гэтай выдачы. Тым жа вынікам — не выдаваць — скончыўся і разгляд запыту аб выдачы Літве генэрала Ўладзімера Ўсхопчыка, абвінавачанага ў задушэньні мірных пратэстаў грамадзянаў Літвы ў пэрыяд барацьбы за незалежнасьць.
Як Рыгор Васілевіч камэнтуе вынік працэсу над Мікалаем Аўтуховічам, якога абвінавачвалі ў падрыхтоўцы тэракту, а асудзілі толькі за захаваньне некалькіх патронаў?
Мікалай Аўтуховіч, якога зь лютага 2009 году трымаюць у менскім сьледчым ізалятары, абвясьціў галадоўку, патрабуючы тэрміновага лячэньня зубоў.
"Крымінальную справу вяло Міністэрства ўнутраных спраў, яно здабывала доказы, якія былі прадстаўленыя суду. На падставе якіх і пракурор дзейнічаў. Суд вырашыў, што некаторыя доказы ня трэба браць пад увагу".
Паводле закону пракуратура можа не падтрымаць абвінавачаньне, выстаўленае сьледзтвам, і настойваць на спыненьні перасьледу, перакваліфікацыі справы альбо дадатковым расьсьледаваньні. Праваабаронцы і назіральнікі за справай Аўтуховіча неаднаразова заяўлялі, што справа супроць яго сфальшаваная і пракуратура павінна яе спыніць, але гэта не было зроблена. Гэтымі днямі Мікалай Аўтуховіч, якога зь лютага 2009 году трымаюць у менскім сьледчым ізалятары, абвясьціў галадоўку, патрабуючы тэрміновага лячэньня зубоў. Генпракурор Васілевіч выказаў меркаваньне, што Аўтуховіч патрабуе лячэньня ў пэўнага доктара — яго нібыта не задавальняе той доктар, якога прапануюць у ізалятары.
Паводле адваката Паўла Сапелкі, Аўтуховіч дамагаецца лячэньня дзе заўгодна, акрамя ізалятара на Валадарскага, бо ў сьледчым ізалятары ўвогуле няма ўмоў для пратэзаваньня зубоў.
Генпракурор Рыгор Васілевіч прызнаў, што шмат дзе ў беларускіх турмах бытавыя ўмовы вязьняў не адпавядаюць патрабаваньням заканадаўства.