Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Аркадзя Карпуця завялі крымінальную справу


Аркадзь Карпуць
Аркадзь Карпуць

Савет Рэспублікі 15 чэрвеня ў закрытым рэжыме разгледзеў пытаньне аб дачы згоды на завядзеньне крымінальнай справы ў дачыненьні да былога старшыні Гарадзенскага аблсавета Аркадзя Карпуця.

Пытаньне разглядалася на пленарным пасяджэньні сэсіі апошнім, 28-м, і, паводле зьвестак БелаПАН, было вырашана станоўча. Іншыя падрабязнасьці невядомыя, у тым ліку і тое, пра якую крымінальную справу ідзе размова.

Аркадзь Карпуць -- намесьнік старшыні пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраваньні. У склад верхняй палаты чацьвёртага скліканьня быў абраны ад Гарадзенскай вобласьці. Узначальваў Гарадзенскі абласны Савет дэпутатаў. Зараз, зыходзячы з інфармацыі на сайце Савета Рэспублікі, "не працуе".

Інфармацыя аб затрыманьні Карпуця зьявілася на пачатку красавіка. У Генэральнай пракуратуры і пракуратуры Гарадзенскай вобласьці камэнтаваць яе адмовіліся.

У адпаведнасьці з артыкулам 47 закона аб статусе дэпутата Палаты прадстаўнікоў, члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, на працягу тэрміну сваіх паўнамоцтваў яны "могуць быць затрыманы, іншым чынам пазбаўлены асабістай волі толькі з папярэдняй згоды адпаведнай палаты, за выключэньнем выпадкаў учыненьня здрады дзяржаве, іншага асабліва цяжкага злачынства, а таксама затрыманьня на месцы ўчыненьня злачынства". Крымінальная справа ў дачыненьні да дэпутата Палаты прадстаўнікоў і члена Савета Рэспублікі можа быць распачатая толькі генэральным пракурорам або асобай, якая выконвае яго абавязкі, з папярэдняй згоды адпаведнай палаты і разглядаецца Вярхоўным судом.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG