Аркадзь Карпуць
На пачатку месяца ў СМІ зьявілася інфармацыя пра тое, што старшыня Гарадзенскага абласнога савету Аркадзь Карпуць нібыта быў арыштаваны ў Горадні, прычым на вуліцы і ў цэнтры гораду. Праўда, у ніводнай з афіцыйных праваахоўных устаноў гэтай інфармацыі тады не пацьвердзілі. Сёньня я зьвярнуўся ў прэс-службу Генэральнай пракуратуры Беларусі, але там мне патлумачылі, што гэтай справай займаюцца ў КДБ Беларусі.
Супрацоўнік прэс-службы КДБ РБ Аляксандар Антановіч адказаў на маё пытаньне ляканічна:
«На жаль, нічога вам адказаць у гэтай справе не магу. Без камэнтараў...»
Працоўны тэлефон Аркадзя Карпуця ўвесь час таксама не адказвае. Інфармацыі зь ягонай сям’і таксама няма.
Аркадзь Карпуць рэгістраваўся кандыдатам у Гарадзенскі абласны савет па Бераставіцкай выбарчай акрузе, адкуль, дарэчы, сам родам. Дагэтуль яго там абіралі дэпутатам чатыры разы запар.
Адзін зь ягоных супернікаў, сябра партыі БСДП (Грамада) Алег Рамашкевіч на паседжаньні выбарчай камісіі пацікавіўся — чаму не праводзіць выбарчай агітацыі Аркадзь Карпуць.
У камісіі яму адказалі, каб чытаў абласную газету — там, маўляў, напішуць. Але абласная газэта дагэтуль нічога не паведаміла.
Алег Рамашкевіч распавядае, што пра арышт Аркадзя Карпуця гавораць ва ўсіх вёсках Бераставіцкага раёну, дзе кандыдат ад «Грамады» вёў выбарчую агітацыю.
Зь яго слоў, чуткі часам перарастаюць у сапраўдныя вэстэрны, але большасьць людзей кажуць пра гэта без іроніі.
Рамашкевіч: «Большая частка людзей кажуць пра гэта сур’ёзна: што гэта за ўлада, і да чаго яна дакацілася, і як так можна... Так кажа пераважная большасьць людзей».
Падчас выбарчай кампаніі мне даводзілася быць у вёсцы Пархімаўцы Бераставіцкага раёну, адкуль родам Аляксандар Карпуць. Там я пабачыў, што нават помнік салдатам-вызваліцелям стаяў у вадзе і да яго немагчыма было даступіцца.
Я тады запытаўся ў вяскоўцаў — ці прыяжджае да іх старшыня абласнога савету Аркадзь Карпуць? У адказ людзі толькі адмахваліся.