Дзень салідарнасьці з палітвязьнямі і сем’ямі зьніклых адзначаецца ў 16-ты дзень кожнага месяца ўжо шосты год. Цягам апошніх двух гадоў спэцназаўцы разганялі жывы ланцуг на плошчы, многіх удзельнікаў затрымлівалі.
Сёньня актывісты кампаніі «Эўрапейская Беларусь» правялі ў розных месцах Менску кароткачасовыя пікеты. Лідэр кампаніі Яўген Афнагель паведаміў «Свабодзе»:
«Каля мэтро „Аўтазаводзкая“ актывісты трымаюць транспарант: „Мы помнім“ і партрэты зьніклых. Адбудуцца пікеты на знак салідарнасьці з Уладзімерам Асіпенкам і Мікалаем Аўтуховічам у розных раёнах гораду.
Мы вялікую ўвагу надаем распаўсюджваньню інфармацыі, каб людзі, якія бачаць гэтыя акцыі, атрымлівалі ўлёткі, у якіх тлумачыцца, дзеля чаго праводзяцца такія акцыі».
Яўген Афнагель паведаміў, што бліжэйшым часам акцыі салідарнасьці на Кастрычніцкай плошчы праводзіцца ня будуць.
Лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч паведаміў «Свабодзе», што актывісты арганізацыі сёньня будуць дасылаць лісты палітвязьням.
Кампанія салідарнасьці — гэта ня толькі акцыі на плошчы, але й маральная падтрымка празь ліставаньне.
Лідэр «Маладой Беларусі» Артур Фінькевіч: «Мы вырашылі не ісьці на плошчу, а правесьці акцыю ў іншым фармаце — напісаць лісты палітвязьням. Зьбяромся на паштамце і напішам лісты Асіпенку, Аўтуховічу, Сургану.
Чаму ня пойдзем на плошчу? Шчыра кажучы, гэты фармат ужо „прыеўся“. Напярэдадні прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі не хацелася б мець адміністрацыйных спраў, бо няма магчымасьці плаціць вялікія штрафы».
Акцыі салідарнасьці ад самага пачатку праводзіліся ў розных фарматах. Спачатку сябры аргкамітэту прасілі людзей а 8-й вечара на 15 хвілінаў выключыць у доме сьвятло і запаліць на вокнах сьвечкі.
Потым моладзевыя актывісты на цэнтральных вуліцах Менску і ў іншых гарадах ставілі побач з запаленымі сьвечкамі партрэты зьніклых Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Зьмітра Завадзкага і палітвязьняў.
Маладзёны расклейвалі на станцыях мэтро і ў падземных пераходах партрэты і пісалі лёзунгі: «Свабоду палітвязьням!» У выніку міліцыя пачала працаваць кожнага 16-га чысла ва ўзмоцненым рэжыме.
Пасьля прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі 2006 году некалькі акцыяў праводзілася каля Расейскай амбасады. Праз паўгода акцыі пачалі праводзіць на Кастрычніцкай плошчы.
Паводле назіральнікаў, у выніку разгону акцыяў салідарнасьці ў міліцэйскія пастарункі за ўсе гады патрапілі агульным лікам больш за 2 тысячы чалавек.
Актывісты руху «Вольная моладзь» расклеілі ў Першамайскім і Фрунзенскім раёнах Менску ўлёткі з партрэтам Сяргея Каваленкі.
Акцыя сябе крыху зжыла.
Лідэр «Правага альянсу» Юрась Карэтнікаў лічыць, што акцыі на Кастрычніцкай плошчы вычарпалі сябе і трэба шукаць іншыя фарматы.
«Акцыя сябе крыху зжыла. Калі на першых акцыях можна было бачыць нейкую грамадзкую рэакцыю, то цяпер, калі акцыя зьбірае невялікую колькасьць удзельнікаў і прэса нават ня можа нармальна здымаць, бо працуюць адмыслова навучаныя людзі, акцыя робіцца мінімальна заўважнай.
Трэба мяняць фармат, а той выхад на плошчу, пастаянны загруз у амапаўскія аўтобусы…»
Акцыі салідарнасьці зь сем’ямі зьніклых і палітвязьнямі адбудуцца ў Польшчы, Літве і Эстоніі каля будынкаў беларускіх амбасадаў.