ЯК СКЛАЎСЯ ЛЁС МАЛАДЫХ ПАЛІТВЯЗЬНЯЎ?
Арцёмавай маці Алене Дубскай гэтую навіну паведамілі супрацоўнікі калёніі. Сказалі, што яе сын ужо на чыгуначным вакзале Магілёва.
Каля паловы на восьмую раніцы з турэмных варот выехала службовая машына. У ёй былі некалькі ахоўнікаў і хлопец, падобны да Арцёма Дубскага. Падумалася, што, можа, ня ён. Алене Дубскай жа абяцалі, што ўпотай вывозіць сына ня будуць.
Бліжэй да восьмай гадзіны да турмы прыехала маці, Арцёмава каханая дзяўчына Тацяна Касянчук, паплечнікі па грамадзкай дзейнасьці ды журналісты. Хвілін празь дзесяць Алене Дубскай паведамілі: "Сын на вакзале". Супрацоўнікі калёніі патлумачылі, што звычайна зьняволеных не вывозяць з калёніі, але для сына зрабілі такую вось палёгку.
Паводле Арцёма Дубскага, яму загадалі хутка зьбірацца на волю адразу ж пасьля пад’ёму. Пераглядзелі ягоныя асабістыя рэчы. Выдалі дакумэнты й сем тысяч рублёў. Блізу паловы на восьмую пасадзілі ў службовую машыну й прывезьлі на чыгуначны вакзал. Тут Арцём набыў картку й паведаміў маці, дзе ён:
тое, што творыцца ў нашых калёніях, нагадвае нейкае гета ...
"Вельмі незвычайна я сябе адчуваю. Нібыта ў сьне. Трошку розныя жыцьці тут і там. Разгубленым сябе адчуваю. Два тыдні я сабе адводжу на тое, каб агледзецца, вырашыць, з кім працаваць, як працаваць і па якіх кірунках. Бліжэйшым часам будзе ў мяне дужа напружаны графік. Апошні тыдзень я вывучаў з паўсотні тэлефонаў, якія мне давалі людзі на зоне. Трэба будзе сустрэцца зь іх роднымі ды блізкімі. Бо тое, што творыцца ў нашых калёніях, нагадвае нейкае гета. Ёсьць пра што распавядаць і неабходна пра гэта казаць".
Арцём Дубскі адбываў пакараньне ў паказальным сэктары калёніі. Туды, паводле яго, водзяцца экскурсіі ў гэтак званыя дні адчыненых дзьвярэй:
"Там вельмі "шыкоўныя" ўмовы ў параўнаньні зь іншымі. У памяшканьні, дзе я жыў, на семдзесят квадратных мэтраў было дзевяноста чалавек. Пры гэтым норма — два мэтры на чалавека. Нас павінна было быць у тры разы меней. Тое, ува што апранутыя зэкі, тое, як зь імі абыходзяцца супрацоўнікі калёніі, як яны зь імі размаўляюць, трэцяе слова праз два нармальныя — мат... Калёніі ні ў якім разе не выпраўляюць чалавека, мэта — проста зламаць, каб людзі тупа баяліся".
Выглядае Арцём Дубскі дужа схуднелым. Ён прызнае, што кармілі ў калёніі кепска. Схуднеў на восем кіляграмаў. За дзесяць месяцаў зьняволеньня Арцёму Дубскаму вынесьлі шэсьць папярэджаньняў. Адзін раз пакаралі двума тыднямі штрафнога ізалятара.
Арцём Дубскі — адзін з асуджаных у так званай "справе 14-ці" за ўдзел у акцыях пратэсту прадпрымальнікаў. У красавіку 2008 году суд Цэнтральнага раёну Менску пакараў Арцёма Дубскага, Андрэя Кіма, Міхася Пашкевіча, Міхаіла Крывава, Уладзімера Сяргеева, Антона Койпіша, Тацяну Цішкевіч, Алеся Стральцова, Аляксея Бондара і Аляксандара Чарнышова абмежаваньнем волі. Арцём Дубскі цягам году адбываў зьняволеньне за парушэньне парадку адбыцьця пакараньня.
Вінаватым ён сябе не прызнае, а сваё зьняволеньне лічыць незаконным:
"Я вінаваты толькі перад сваімі блізкімі, бо яны думаюць, што там пакутаваў. Але насамрэч пакутавалі яны тут на волі за мяне".