Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Карэя — яшчэ адна лякальная вайна для Вашынгтону?


Белы дом заявіў аб сваёй "недвухсэнсоўнай" падтрымцы для Паўднёвай Карэі пасьля таго, як міжнародная камісія экспэртаў устанавіла, што паўднёвакарэйскі карабель, які пайшоў на дно ў сакавіку, затануў ад пападаньня ў яго тарпэды з паўночнакарэйскай падводнай лодкі.


Прэзыдэнт ЗША Барак Абама паслаў у Сэул вайсковых камандзіраў, каб яны разам з паўднёвакарэйскімі калегамі каардынавалі намаганьні дзеля "прадухіленьня будучай агрэсіі" — кажацца ў згаданай заяве.

Затапленьне карвэты "Cheonan" 26 сакавіка, у выніку чаго загінула 46 паўднёвакарэйскіх маракоў, было найбольш сур’ёзным вайсковым інцыдэнтам паміж дзьвюма Карэямі з часу заканчэньня Карэйскай вайны 1950-1953 гг. Фармальна абедзьве карэйскія дзяржавы знаходзяцца ў стане вайны, паколькі яны ніколі не падпісалі пагадненьня аб перамір’і.

Пхэньян адкідвае абвінавачаньні ў затапленьні карабля, але экспэрты з ЗША, Вялікабрытаніі, Аўстраліі і Швэцыі цьвердзяць, што абломкі тарпэды, якія былі знойдзеныя на марскім дне, адназначна паказваюць, што тарпэду вырабілі ў Паўночнай Карэі.

Сэул заявіў, што паставіць уздоўж мяжы з Паўночнай Карэяй гукаўзмацняльнікі і ўзновіць радыёперадачы за дэмаркацыйную лінію. Вайсковае камандаваньне Паўночнай Карэі папярэдзіла, што калі такія гукаўзмацняльнікі зьявяцца ў дэмаркацыйнай зоне, яны будуць зьнішчаныя артылерыяй. Адзін з высокапастаўленых паўночнакарэйскіх вайскоўцаў дадаў, што калі Сэул адкажа на гэта агнём, дык Пхэньян зробіць "больш магутныя фізычныя ўдары, каб выкараніць усе правакацыі".

Са свайго боку Сэул заявіў, што будзе ўжываць зброю без папярэджаньня супраць паўночнакарэйскіх парушальнікаў паветранай і марской мяжы.

ЗША, якія неаднойчы выказвалі заклапочанасьць ядзернай праграмай Пхэньяну, утрымліваюць на Карэйскім паўвостраве 28 тысяч сваіх вайскоўцаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG