Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая ядзерная стратэгія ЗША і перасьцярогі Расеі


Барак Абама
Барак Абама

Напярэдадні публікацыі новага агляду "Аб разьвіцьці ядзернага патэнцыялу ЗША", прэзыдэнт Барак Абама даў інтэрвію газеце The New York Times. Гэта першы агляд ядзернай палітыкі ЗША з 2001 году і трэці за апошнія 20 гадоў, з канца “халоднай вайны”.


У новай стратэгіі, якой, у выпадку зацьвярджэньня Кангрэсам, будзе кіравацца Пэнтагон на працягу наступных 5-10 гадоў, робіцца стаўка на звычайныя ўзбраеньні і абвяшчаецца адмова ад магчымасьці "ядзернага адказу" на няядзерную пагрозу.

У дакумэнце, ў прыватнасьці, гаворыцца: "ЗША працягнуць скарачаць ролю ядзернай зброі пры стрымліваньні няядзерных атак. З гэтай мэтай ЗША гатовыя ўмацаваць даўно прыняты прынцып "нэгатыўных гарантый бясьпекі", абвяшчаючы, што ЗША ня будуць выкарыстоўваць ці пагражаць выкарыстаньнем ядзернай зброі супраць няядзерных краін, якія зьяўляюцца удзельніцамі Дамовы аб нераспаўсюдзе ядзернай зброі і выконваюць свае абяцаньні па нераспаўсюду".

Цалкам дакумэнт будзе апублікаваны сёньня, роўна праз год пасьля выступу Абамы ў Празе, дзе ён паабяцаў павесьці сьвет у кірунку поўнай адмовы ад атамнай зброі.

ІРАН І паўночная карэя не патрапілі пад гарантыі


Абама ў інтэрвію The New York Times патлумачыў, што гарантыя неўжываньня ядзернай зброі супраць няядзерных дзяржаваў, ня тычацца Паўночнай Карэі ці Ірану, названых Абамай "ізгоямі". І Іран, і КНДР парушылі міжнародныя дамовы аб стварэньні і выкарыстаньні ядзернай зброі і не выконваюць абавязкі, накладзеныя на іх міжнароднай супольнасьцю. Прэзыдэнт ЗША ўпэўнены, што Іран устаў на шлях стварэньня ядзернай зброі.

Паводле новай ядзернай дактрыны ЗША больш не будуць ствараць новыя ядзерныя боегалоўкі. У праграмах падаўжэньня тэрмінаў эксплюатацыі будуць выкарыстоўвацца толькі тыя ядзерныя кампанэнты, якія грунтуюцца на раней выпрабаваных узорах.

РАСЕю ПАЛОХАЕ СРА


Яшчэ да афіцыйнага абнародаваньня новай ядзернай дактрыны ЗША міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў выступіў з заявай, у якой паведаміў, што паводле новай расейска-амэрыканскай дамовы аб скарачэньні наступальных ўзбраеньняў РФ можа выйсьці з дамовы, калі амэрыканская сыстэма супрацьракетнай абароны будзе аказваць істотны ўплыў на эфэктыўнасьць расейскіх стратэгічных ядзерных сілаў.

Лаўроў заявіў: "Калі нашае назіраньне за рэалізацыяй гэтых плянаў пакажа, што яны выходзяць на ўзровень стварэньня стратэгічнай СРА і гэты ўзровень нашы ваенныя спэцыялісты ацэняць як рызыкоўны для расейскіх стратэгічных ядзерных сіл, то мы будзем мець права скарыстацца палажэньнем, якое ўтрымліваецца ў новай дамове".

Пры ранейшай адміністрацыі Джорджа Буша ЗША меркавалі разьмясьціць у Польшчы і Чэхіі элемэнты стратэгічнай супрацьракетнай абароны. Расея разглядала гэтыя пляны як пагрозу свайму стратэгічнаму патэнцыялу. Цяперашні прэзыдэнт Абама прыпыніў рэалізацыю плянаў папярэдняй адміністрацыі, ЗША распачалі перамовы з Баўгарыяй і Румыніяй пра разьмяшчэньне ў гэтых краінах элемэнтаў супрацьракетнай абароны. Паводле расейскага міністра “пляны, якія цяпер ЗША распрацоўваюць у аднабаковым парадку, маюць некалькі этапаў, і на першых этапах размова ідзе пра рэгіянальныя сыстэмы, якія ня робяць шкоду стратэгічнай стабільнасьці і не ствараюць рызыкі для расейскіх стратэгічных ядзерных сілаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG