Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З-за КНДР ААН зьбірае экстраннае пасяджэньне


Сёньняшні дзень у сьвеце пачаўся з сэнсацыйнага паведамленьня аб новым ядзерным выпрабаваньні, якое правяла Паўночная Карэя. Суседнія з КНДР краіны, найбуйнейшыя дзяржавы сьвету і міжнародныя арганізацыі асудзілі выпрабаваньні.


Аб ядзерным выпрабаваньні абвясьціла паўночнакарэйская дзяржаўная тэлевізія.

Дыктар: "Карэйская Народна-Дэмакратычная Рэспубліка пасьпяхова правяла 25 траўня на просьбу навукоўцаў яшчэ адно падземнае ядзернае выпрабаваньне як частку захадаў падтрымкі сваіх сродкаў застрашваньня для самаабароны".

Геалягічная служба ЗША зафіксавала падземны штуршок сілай 4,7 бала паводле шкалы Рыхтара каля гадзіны ночы па Грынвічы. Міністэрства абароны Расеі заявіла, што сіла выбуху складала ад 10 да 20 кілятон – гэта больш-менш адпавядаем сіле тых бомбаў, што былі скінутыя на Хірасіму і Нагасакі. Расейцы таксама паведамілі, што падземны выбух быў зарэгістраваны ў 80-ці кілямэтрах на паўночны захад ад гораду Кілчу. У тым жа месцы было праведзена і першае ядзернае выпрабаваньне ў кастрычніку 2006 году.

Таксама паведамляецца аб запуску з таго ж палігону трох балістычных ракет блізкага радыюсу дзеяньня.

Прэзыдэнт ЗША Барак Абама назваў выпрабаваньне пагрозай для міжнароднай бясьпекі і заклікаў да глябальнага адказу. Кітай рашуча асудзіў ядзерныя выпрабаваньні. Японія і Паўднёвая Карэя сфармавалі з найвышэйшых урадоўцаў каманды крызіснага кіраваньня. Эўразьвяз, Вялікая Брытанія, Францыя і Індыя таксама далучыліся да ўсеагульнага асуджэньня паўночнакарэйскага ядзернага выбуху.

Расея, якая цяпер зьяўляецца старшынёй Рады Бясьпекі ААН, склікала сёньня на 23-ю гадзіну паводле менскага часу экстранае паседжаньне Рады Бясьпекі для абмеркаваньня сытуацыі.

У апошнія гады Паўночная Карэя брала ўдзел у шасьцібаковых перамовах з удзелам ЗША, Кітаю, Расеі, Японіі і Паўднёвай Карэі. У 2007 годзе КНДР згадзілася адмовіцца ад ядзерных амбіцый у адказ на энэргетычную і харчовую дапамогу. Але ў мінулым месяцы яна выйшла з тых перамоваў, запусьціўшы ракету са спадарожнікам на борце – сьвет палічыў той запуск замаскіраваным выпрабаваньнем балістычнай ракеты далёкага радыюсу дзеяньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG