Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ненатхняльныя вынікі “Ўсходняга партнэрства”


Эўрапейскі дасьледчы цэнтар Fride, які базуецца ў Мадрыдзе, выдаў справаздачу, прысьвечаную аналізу вынікаў году праграмы Эўразьвязу “Ўсходняе партнэрства”.

Даклад вытрыманы ў даволі крытычным духу. Яго аўтаркі, Джос Бунстра і Натальля Шапавалава, адзначаюць, што праграма не змагла палепшыць сытуацыю ў рэгіёне ні ў якой сфэры. Год партнэрства стаў годам эканамічнага крызісу, ад якога краіны-партнэры пацярпелі больш, чым новыя сябры Эўразьвязу і краіны Цэнтральнай Азіі. Аўтарытарныя суседзі Эўразьвязу засталіся аўтарытарнымі і ніякіх зрухаў да дэмакратыі ў іх не назіралася. Заставалася актуальнай ваенная пагроза Грузіі з боку Расеі, ніводзін з замарожаных рэгіянальных канфліктаў не дэманстраваў зруху да вырашэньня. Дасьледчыцы цытуюць крытыкаў праграмы, паводле якіх яна прапануе занадта мала для такіх краін, як Украіна і Грузія, якія далёка прасунуліся на шляху дэмакратычных рэформ, але занадта шмат для Беларусі і Азэрбайджану, якія не дэманструюць схільнасьці рабіць такія рэформы.

Дасьледчыцы таксама прыводзяць зусім ужо пэсымістычнае меркаваньне, што нават пэрспэктыва сяброўства ў Эўразьвязе магчыма не паспрыяла б больш хуткім зьменам у рэгіёне. Але гэта гіпатэтычны прагноз: у дакладзе адзначана, што пэрспэктывы далейшага пашырэньня ЭЗ вельмі аддаленыя, Зьвяз стомлены ад папярэдняга пашырэньня.

Па сутнасьці “Партнэрства” ўяўляе сабой сымбіёз сыстэмы двухбаковых стасункаў Зьвяз–краіна-партнэр і сыстэмы шматбаковага рэгіянальнага супрацоўніцтва. У дакладзе адзначаецца, што сэрца праграмы – гэта двухбаковыя стасункі. Асноўныя мэты партнэрства – палітычная асацыяцыя і эканамічная інтэграцыя краін-партнэраў з ЭЗ – зона свабоднага гандлю, лібэралізацыя візавага рэжыму – ажыцьцяўляецца шляхам двухбаковых пагадненьняў. Мяркуецца, што досьвед больш пасьпяховых у гэтым сэнсе краін будзе падштурхоўваць менш пасьпяховыя.

Але ў дакладзе гаворыцца, што аналіз Эўракамісіі паказаў, што нават такія краіны, як Армэнія і Грузія, не гатовыя да лібэралізацыі эканамічных стасункаў з ЭЗ. Яшчэ больш складаная сытуацыя з Азэрбайджанам і Беларусьсю, якія нават не зьяўляюцца сябрамі Сусьветнай гандлёвай арганізацыі.

Пры гэтым канкурэнтам даволі ўмоўных прапановаў аб доступе да эўрапейскіх рынкаў зьяўляецца Мытны саюз з Расеяй, у які ўваходзіць Беларусь і да якога праяўляе цікавасьць Украіна.

Дасьледчыцы адзначаюць, што калі некаторыя краіны-партнэры гатовыя прыняць умовы ўзаемадзеяньня з Эўразьвязам, іншыя настойваюць на прынцыпе салідарнай адказнасьці ў тым сэнсе, што Зьвяз не павінен накладаць ніякіх умоваў на іх удзел у “Партнэрстве”.
У дакладзе гаворыцца, што Эўразьвяз у гэтым сэнсе праяўляе непасьлядоўнасьць у стасунках з Азэрбайджанам і Беларусьсю, прычым, калі Беларусі дэмакратычныя рэформы выстаўляюцца як ўмова паглыбленьня адносінаў з Эўразьвязам, то адносна Азэрбайджану, багатага энэргарэсурсамі, гэта вытрымліваецца ў яшчэ меншай ступені.

У разьдзеле, прысьвечаным шматбаковаму супрацоўніцтву, адзначаецца, у прыватнасьці, крызіс вакол прадстаўніцтва Беларусі ў Парлямэнцкай асамблеі “Партнэрства” – “Эўранэсце”. Гаворыцца, што Менск патрабуе, каб дэлегацыя складалася толькі з дэпутатаў парлямэнту. Гэтая пазыцыя падтрыманая сьпікерамі парлямэнтаў іншых дзяржаў-партнэраў, але Эўрапарлямэнт непахісна стаіць на пазыцыі , што ў беларускай дэлегацыі павінны прысутнічаць і апанэнты ўлады.

У якасьці аднаго са станоўчых вынікаў менавіта шматбаковага супрацоўніцтва ў межах “Партнэрства” называецца ратыфікацыя Беларусьсю пагадненьня з Украінай аб дэмаркацыі і дэлімітацыі мяжы. Аўтаркі дакладу зьвяртаюць увагу на вельмі сьціплае фінансаваньне, якое прадугледжанае ў межах Партнэрства, і прыгадваюць, што не атрымалі фінансаваньня шэраг сумесных праектаў, вылучаных Беларусьсю, Літвой і Ўкраінай.

У разьдзеле, прысьвечаным двухбаковым адносінам, гаворыцца, што інтарэс беларускіх уладаў да “Ўсходняга партнэрства” абумоўлены выключна неабходнасьцю прыцягненьня сродкаў, каб умацаваць незалежнасьць ад Расеі, а таксама пануючы ў Беларусі рэжым. Дасьледчыцы адзначаюць, што калі Эўразьвяз ня будзе ўлічваць эканамічныя пажаданьні Менску і будзе практыкаваць нарматыўны падыход да беларускай сытуацыі, то беларускія ўлады хутка страцяць зацікаўленасьць ва “Ўсходнім партнэрстве”. На думку аўтарак дакладу ўсё ж эканамічнае ўзаемадзеяньне дасьць Эўразьвязу больш магчымасьцяў уплываць на палітычную сытуацыі ў Беларусі. Яны лічаць добрай ідэяй заключэньне зь Беларусьсю пагадненьня аб партнэрстве і супрацоўніцтве, на ўзор тых, якія Эўразьвяз заключаў з краінамі Цэнтральнай Азіі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG