Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Багданкевіч: “Трымаць грошы трэба ў цьвёрдай валюце”


У Беларусі адзначанае зьніжэньне курсу эўра да ўзроўню, які быў зафіксаваны 11 месяцаў таму — 3852 беларускія рублі. Экспэрты называюць гэта вынікам уплыву на эўрапейскую валюту эканамічнага крызісу ў Грэцыі. Як гэта адбілася на беларускім валютным рынку і ў чым захоўваюць свае ашчаджэньні?


Леанід Злотнікаў
Адначасна з падзеньнем курсу эўра вырас курс даляра — з 2971 да 2976 беларускіх рублёў. Такім чынам, суадносіны эўра і даляра склалі мінімум гэтага году — 1,294. Суадносіны валют і складаюць аснову стабільнасьці беларускага рубля, мяркуе эканаміст Леанід Злотнікаў:

«Курс беларускага рубля залежыць ад трох валют: эўра, даляра і расейскага рубля. Некаторае паніжэньне курсу эўра крыху ўплывае на падвышэньне курсу беларускага рубля, але не істотна. Бо эўра ў кошыку гэтых трох валют займае прыкладна трэцюю частку. Зь іншага боку, адбылося і павелічэньне курсу даляра, і ў цэлым гэта дазволіла беларускаму рублю заставацца стабільным — такая сытуацыя на валютным рынку. А ў чым я захоўваю тыя невялікія ашчаджэньні, якія ў мяне ёсьць, то гэта крыху ў эўра, а крыху ў далярах — вось так».

Станіслаў Багданкевіч
Былы кіраўнік Нацыянальнага банку Беларусі Станіслаў Багданкевіч сьцьвярджае, што аснова стабільнасьці беларускага рубля — зьнешнія пазыкі, а падзеньне курсу эўра ідзе на карысьць уладальнікам валютных ашчаджэньняў:

«За мінулы год дзяржаўная запазычанасьць павялічылася ў 2,2 раза. Гэта азначае, што мы ўзялі грошы, гэткім чынам стабілізавалі свой рубель і жывем за кошт пазыкаў. Другое пытаньне, што ў нас насельніцтва не заўважае, што па дэпазытах у нацыянальнай валюце яно мае страты. Да прыкладу, за мінулы год, калі пералічыць курсы валют адносна рубля, то ўкладальнікі тэрміновых укладаў у нацыянальнай валюце страцілі 7,8% сваіх укладаньняў. Сёньня ўжо дакладна вядома і зразумела, што трымаць грошы трэба абавязкова ў цьвёрдай і свабодна канвэртаванай валюце. У мяне ёсьць невялікія ашчаджэньні, і яны ў мяне ў асноўным у далярах. Невялікая сума таксама ёсьць у эўра, і я сёньня ганаруся, што прадбачыў гэтую сытуацыю».

Яраслаў Раманчук
Падзеньне курсу эўра не ўплывае істотна на валютны рынак Беларусі — нашмат большае значэньне для эканомікі краіны і дабрабыту грамадзян мае стан беларускага рубля, мяркуе эканаміст Яраслаў Раманчук:

«Тое, што эўра падае — гэта, безумоўна, наступствы эканамічнага стану ў Грэцыі. Але на нас гэта непасрэднага ўплыву ня мае, бо мы знаходзімся ў зоне ўплыву даляра. А таму гэтыя зьмены не паўплываюць ні на ўзровень жыцьця беларусаў, ні на тое, у якой валюце яны трымаюць ашчаджэньні. Менавіта беларускія фінансавыя паказчыкі нас больш павінны хваляваць, чым стан эўра альбо даляра. Бо калі сытуацыя з пазыкамі не палепшыцца, то ў нас будзе тая ж Грэцыя, але ў больш трагічнай форме. А ў мяне ёсьць ашчаджэньні ў далярах, эўра, а таксама ў „мяккіх“ валютах сумежных краін».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG