Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасада ЗША заклікае ўлады расьсьледаваць парушэньні на выбарах


Амбасада ЗША заклікае беларускія ўлады "адкрыта і бесстаронна" расьсьледаваць выпадкі парушэньняў падчас кампаніі выбараў у мясцовыя саветы.


У камэнтары БелаПАН у прэс-службе амэрыканскай дыпмісіі адзначылі, што, "наколькі вядома амбасадзе, паведамленьні аб парушэньнях паступалі як у дзень выбараў, так і падчас падрыхтоўкі да выбараў". У прыватнасьці, паступалі паведамленьні аб "запалохваньні і ціску на незалежных кандыдатаў, абмежаваньні на правядзеньне перадвыбарнай кампаніі, злоўжываньні падчас датэрміновага галасаваньня і падліку галасоў, а таксама аб абмежаваньні дзейнасьці мясцовых і міжнародных назіральнікаў".

"Калі гэтыя скаргі акажуцца абгрунтаванымі, то мясцовыя выбары могуць стаць страчанай магчымасьцю для Беларусі і яе народу", – заяўляюць у пасольстве ЗША.

У дыпмісіі нагадалі пра канструктыўнае рашэньне беларускага кіраўніцтва запрасіць вясной 2009 году прадстаўнікоў Бюро АБСЭ, грамадзкіх арганізацыяў і палітычных партыяў да абмеркаваньня пытаньня аб тым, як наблізіць выбарчае заканадаўства Беларусі да міжнародных і эўрапейскіх стандартаў.

"На жаль, гэтае супрацоўніцтва спынілася гэтак жа нечакана, як і пачалося. Выбарчы кодэкс быў прыняты безь якога-небудзь папярэдняга грамадзкага абмеркаваньня", – адзначылі ў амбасадзе ЗША.

Амэрыканскія дыпляматы выказалі надзею на тое, што "канструктыўны дыялёг, пачаты вясной 2009 году, будзе адноўлены і пройдзе адкрыта і празрыста перад правядзеньнем наступных выбараў".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG