Выбары ў мясцовыя саветы былі першай кампаніяй, якая праходзіла згодна з абноўленым Выбарчым кодэксам. Таму ў назіральнікаў было дзьве мэты: сачыць за ходам выбараў на ўсіх этапах і адзначыць, ці паўплывалі зьмены ў заканадаўстве на ход выбарчага працэсу.
На прэсавай канфэрэнцыі па выніках выбараў праваабаронца Валянцін Стэфановіч паведаміў, што ў цэлым сам дзень галасаваньня прайшоў адносна спакойна, калі не лічыць некаторых эксцэсаў: былі выпадкі выдаленьня назіральнікаў пасьля таго, як тыя падавалі скаргі аб парушэньнях з боку старшыняў камісіяў. Кур’ёзны выпадак адбыўся ў мястэчку Чысьць Маладэчанскага раёну, дзе высьветлілася ў дзень галасаваньня, што 4 кандыдаты адначасова зьяўляюцца чальцамі ўчастковых камісій.
На папярэдніх выбарах заўсёды былі праблемы з допускам назіральнікаў да працэдуры падліку галасоў. Што тычыцца магчымасьці назіраць за падлікам галасоў на ўчорашніх выбарах, Валянцін Стэфановіч паведаміў:
«75,5% назіральнікаў напісалі, што такой магчымасьці яны ня мелі. Іншыя 24% мелі магчымасьць знаходзіцца каля сталоў, але сама працэдура падліку галасоў заставалася нязьменнай. Мы назіралі, як звычайна, падлік галасоў усімі сябрамі камісіі адначасова. Пры гэтым падлік ажыцьцяўляўся маўкліва.
Калі сябра камісіі падлічваў свой стос бюлетэняў, ён перадаваў старшыні камісіі лічбы на паперцы альбо паведамляў шэптам.
49% назіральнікаў паведамілі, што разьдзельнага падліку галасоў не адбывалася. Гэта значыць, што ўсе бюлетэні скідваліся адначасова і падлічваліся. Абвяшчэньня вынікаў таксама не было. У выніку праваабаронцы вымушаныя былі зьвяртацца па тлумачэньні ў ЦВК:
«Я асабіста размаўляў са спадарыняй Мкртчан, якая патлумачыла, што вынікі разьдзельнага падліку павінны агалошвацца: датэрміновае галасаваньне, па месцы знаходжаньня выбаршчыка і ў асноўны дзень. Я лічу, што ЦВК не растлумачыла належным чынам гэтае новаўвядзеньне ў выбарчае заканадаўства сябрам участковых камісій».
Там, дзе вынікі агалошваліся, часам назіралася дзіўная карціна — у дзень галасаваньня кандыдаты набіралі бальшыню галасоў, але прайгравалі за кошт датэрміновага галасаваньня, кажа Валянцін Стэфановіч:
«Кандыдат Бабіцкі ў Барысаве тры разы ў асноўны дзень галасаваньня перамог. Але ў датэрміновым галасаваньні па выніку ён выбары прайграў. Тое самае можна сказаць адносна кандыдата Вінцука Вячоркі, які ў асноўны дзень выйграў выбары: за — 112 галасоў і 79 — за кандыдата Галабурду. Але на папярэднім галасаваньні толькі 12 галасоў было аддадзена за Вячорку. Тое самае ў дэпутата Шэгі ў Слоніме. Узьнікае пытаньне: чаму такі дысбалянс?»
У папярэднім галасаваньні, паводле афіцыйных зьвестак, узялі ўдзел больш за 29% выбарцаў. Лідэр партыі «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін кажа:
«Там, дзе мы назіралі, яўка значна ніжэйшая за афіцыйна абвешчаную. У нас ёсьць прыклад, калі два ўчасткі побач знаходзіліся. На адным быў наш прадстаўнік, на другім не было. Там, дзе быў прадстаўнік — няма і 40% яўкі, дзе не было — 85%. Адны і тыя ж жыхары. Ну, так не бывае».
Што тычыцца зьменаў у заканадаўства і першых выбараў паводле адкарэктаванага Выбарчага кодэксу, сустаршыня грамадзкай ініцыятывы «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Алег Гулак зрабіў такія высновы:
«Тыя зьмены, якія былі ўнесеныя ў Выбарчы кодэкс, пэўным чынам наблізілі беларускае выбарчае заканадаўства да дэмакратычных стандартаў, але яны не прывялі да сыстэмных, якасных зьменаў у ходзе выбарчай кампаніі. У цэлым выбарчая кампанія суправаджалася такімі ж сур’ёзнымі адступленьнямі ад дэмакратычных стандартаў, за якія беларускія выбары зазнавалі сур’ёзную і сыстэмную крытыку».