Калі прыходзіць вясна і Прыпяць разьліваецца да самага небакраю, Анатоль Хамец, 60-гадовы жыхар Петрыкаву, губляе сон і спакой. Нейкая нябачная сіла цягне яго на правябярэжжа ракі, да родных мардзьвінскіх абшараў, да разлапістых дубоў у пойме, дзе спрадвеку віселі дзедаўскія борці – круглыя вульлі для пчол у выдзеўбаных калодах з дуба альбо векавой елкі.
Спадар Анатоль: “З даўніх часоў вельмі шмат борцяў стаяла ў поймах рэк – Прыпяці, Убарці, Пцічы, Случы. У поймах дубы, а на іх – вульлі. У кожнага палешука была свая лодка. І ён мог вясной, асабліва у красавіку й пачатку траўня, пад’ехаць, паглядзець. Дзесьці прыбіць латачку, падрамантаваць, пачысьціць”.
Борці спадару Анатолю перайшлі ў спадчыну ад двух дзядоў – Васіля й Рамана. Ёсьць у гэтай калекцыі й сапраўдныя рэліквіі, якім недзе каля трохсот гадоў:
“Самыя даўгавечныя – дубовыя борці. Таму яны ад дзеда перадаваліся сыну, унуку. У мяне ёсьць такія борці, якім 300 гадоў. Яны не псуюцца – накрываюцца, там пчолы сядзяць. Дубовыя й птушкі не пашкоджвалі: моцныя былі. А мёд усе любяць – куніцы, ёсьць такі чорны дзяцел, жаўна называецца. Яна й разьдзёўбвае. Я асабіста захаваў вульлі дзядоў і прадзедаў і цяпер паказваю сваім унукам, як нашы дзяды жылі”.
Борці, якім 300 гадоў
Паводле бортніка, мёд з палескіх абшараў асаблівы, надзвычай карысны. Ён выручаў многія пакаленьні палешукоў:
“Мёд усім дапамагаў. І партызанам быў патрэбны. Мёд – гэта ж лякарства! Падчас вайны – мне бацька расказваў – прырода як быццам ведала пра бяду: вульлі былі поўнымі мёду. Усім хапала. Во дзіва!”
Сёлетняй вясной Анатоль Хамец ужо не сьпяшаецца за Прыпяць у родную вёску Мардзьвін, дзе прайшло яго маленства, і дзе на дубах віселі борці. Ня плывуць туды й іншыя пчаляры-аматары. Многія наогул папілавалі свае борці на дровы. Палешукоў на два важнейшых ў бортніцтве веснавых месяцы адлучылі ад Прыпяці:
“Зь 1 красавіка па 31 траўня ў нас веснавая забарона на рыбу – нераст. Калі, напрыклад, я лодкай пад’еду да свайго вульля, да якіх стагоддзямі езьдзілі, то мяне аштрафуюць, бо я рыбу пужаю. А другі раз цягам году пападуся – крымінальную справу завядуць. І лодку забяруць – усё забяруць. Вось ён (Лукашэнка ) кажа, што адновіць Палесьсе. Але як ён адновіць Палесьсе, калі я не магу да маці пераехаць раку”.
Улады ўвялі й плату за тое, што борці знаходзяцца ў лясных угодзьдзях. Угодзьдзі ж гэтыя абапал Прыпяці на вялікай тэрыторыі адышлі альбо кіраўніцтву спраў прэзыдэнта – ягонай экспэрымэнтальнай гаспадарцы “Ляскавічы”, альбо перададзены прыватнаму таварыству “Тарока”. І без грошай ужо да ракі й падысьці складана – не тое, што борці трымаць.
Анатоль Хамец перавёз некаторыя дзедаўскія борці ў горад, іншыя – у прыгарадны лясок. Але пчолы тут хварэюць і выжываюць далёка ня ўсе.
Анатоль: “Найбольш борцей ў пойме Прыпяці ў мяне было – 50 штук. Я жыву з аднога боку ракі, бацькі – зь іншага жылі. Мы ўсё побач! Але я вымушаны быў борці забраць адтуль, дзе яны стаялі сотні гадоў. І вымушаны быў перавезьці іх у неспрыяльныя месцы. Цяперашні дыктатарскі рэжым у Беларусі – ён ня толькі ненавідзіць чалавека, але й пчалу”.