Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтуховіч параўнаў мэтады сьледчых з часамі Яжова і Берыі


Мікалай Аўтуховіч
Мікалай Аўтуховіч

У Вярхоўным судзе на працэсе над абвінавачанымі ў тэрарызьме суд даў магчымасьць Мікалаю Аўтуховічу выказаць сваю вэрсію падзеяў, якія сьледзтва лічыць падрыхтоўкай да замаху на старшыню Гарадзенскага аблвыканкаму Саўчанку ды іншымі злачынствамі.


Паводле Мікалая Аўтуховіча, вэрсію пра тэрарызм сьледзтва цалкам прыдумала на замову кіраўнікоў Ваўкавыску, Гарадзенскай вобласьці, а таксама шэрагу вышэйшых чыноўнікаў у Менску, якія помсьцілі яму за барацьбу з карупцыяй.

"Прэзыдэнту Лукашэнку 7 гадоў даводзілі, што Аўтуховіч — злачынца, як яны маглі павярнуць назад? Вось і прыдумалі гэтую справу", — мяркуе Мікалай Аўтуховіч. Ён сказаў суду, што зьбіраў кампрамат на шмат якіх чыноўнікаў, у тым ліку на кіраўнікоў КДБ і мытні, якія злоўжывалі службовым становішчам, каб узбагаціцца, і можа даказаць іх вінаватасьць, але гэта нікога не цікавіць. "У іх вакол кругавая парука", — мяркуе абвінавачаны.

Вэрсію сьледзтва Аўтуховіч назваў зробленай "вельмі груба", яна, як кажа абвінавачаны, "ганьбіць Беларусь". Паводле Аўтуховіча, абвінавачаньне грунтуецца толькі на паказаньнях дзьвюх завэрбаваных асобаў — Ларына і Паўтарака. Ларына, мяркуе Аўтуховіч, сьледчыя "зламалі" пасьля арышту і прымусілі яго агаварыць. Паўтарак, як лічыць Аўтуховіч, быў залежны ад наркотыкаў, і праз гэта яго таксама схілілі да агавору.

Замах на Ўладзімера Саўчанку Аляксандар Ларын, як мяркуе Аўтуховіч, не плянаваў зрабіць, а толькі імітаваў падрыхтоўку да замаху, каб атрымаць грошы. "Ларын скарыстаўся тым, што ў гэты час я быў у турме, і падманваў Асіпенку, што нібыта такія дзеяньні са мной узгодненыя. 2 тысячы даляраў, якія сьледзтва выдае за аплату замаху, насамрэч перадалі Ларыну, каб ён адвёз іх маёй жонцы ў Маскву, але ён гэтыя грошы прысабечыў. Калі я выйшаў з турмы і даведаўся пра гэта, то расстаўся з Ларыным", — паведаміў суду Мікалай Аўтуховіч пра падзеі 2005 году. З таго часу Аўтуховіч з Ларыным сустракаўся толькі аднойчы, у краме, выпадкова. На пачатку 2009 году Ларына арыштавалі. Пра тое, як зь ім абыходзіліся ў турме, можна меркаваць па скаргах, якія спачатку пісаў Ларын. Гэтыя скаргі былі сёньня прадэманстраваныя ў судзе. Пазьней Аляксандар Ларын пачаў даваць прызнальныя паказаньні па справе. Сёньня высьвятляць тыя абставіны, пра якія ён пісаў у скаргах, Ларын лічыць непатрэбным. "Мяркую, з Ларыным і цяпер пасьля кожнага паседжаньня працуюць супрацоўнікі пракуратуры", — сказаў Мікалай Аўтуховіч.

Таксама абвінавачаны распавёў пра мэтады сьледчых, якія ўжываліся падчас сьледзтва па ягонай справе, і пра дзейнасьць "стукачоў" у ізалятары — на “Валадарцы”.

"Там ёсьць "стукачы", якія ўжо асуджаныя і адбываюць пакараньне ў сьледчым ізалятары, а не ў калёніі. Як правіла, яны ўсе працуюць на апэратыўнікаў. Іх падсаджваюць у камэры да падсьледных, каб выманьвалі інфармацыю. Але самае дрэннае, што яны ў сваіх рапартах пішуць потым проста выдумкі, тое, што патрэбна сьледзтву. Гэта выкарыстоўваецца як нібыта доказы, каб потым пасадзіць людзей. Да мяне таксама такога "стукача" падсаджвалі, Сашу, які пракраўся некалі на "Гарызонце", — паведаміў Мікалай Аўтуховіч.

Мікалай Аўтуховіч сказаў таксама, што каб яго асудзіць першы раз, зьбіраліся арыштаваць ягоную жонку і дапытвалі ягоную непаўналетнюю дачку, а самому яму шмат разоў пагражалі.

Вязень выказаў спадзяваньне, што калі-небудзь адкрыюцца архівы і стане вядома пра недазволеныя мэтады, якімі працуюць сьледчыя ў Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG