Пра гэта паведаміла даведачная служба кампаніі "Белавія".
Сёньня з Нацыянальнага аэрапорту "Менск" заплянаваныя рэйсы ў Маскву, Рыгу, Прагу, Вену, Варшаву, Парыж, Бэрлін, Кіеў, Санкт-Пецярбург, Тбілісі.
Па стане на 10 гадзін раніцы іншых адменаў не было. Другі рэйс у Рыгу адпраўленьнем а 13-й гадзіне, пакуль не адменены.
А 12.30 стала вядома пра скасаваньне і рэйсу "Белавія" на Бэрлін. Нямецкая кампанія "Люфтганза" таксама скасавала свой рэйс Менск – Франкфурт.
Менскія рэйсы на Рым, Маскву, Тбілісі выконваюцца ў штатным рэжыме.
Паводле прадстаўніка "Белавія" Ігара Чаргінца, пасажыры своечасова інфармуюцца пра скасаваньне рэйсаў, каб яны ўвогуле не ехалі ў аэрапорт, таму зграмаджэньня пасажыраў у менскім аэрапорце няма.
Кампанія вяртае пасажырам кошт квіткоў альбо прапануе перарэгістравацца на пазьнейшыя рэйсы.
Навукоўцы ацэньваюць верагоднасьць пранікненьня воблака пылу ад ісьляндзкага вулькану на тэрыторыю Беларусі як невялікую. Пра гэта БЕЛТА заявіла начальніца Цэнтру радыяцыйнага кантролю і маніторынгу навакольнага асяродзьдзя Мінпрыроды Беларусі Багдана Казярук.
У апошні раз вулькан ў раёне перавал Фімвердюхаўлс, разьмешчаны за дзьвесьце кілямэтраў ад сталіцы Ісьляндыі Рэйк'явіка, вывяргаўся амаль 200 гадоў таму – у 1821 і 1823 гадах. Зноў сэйсьмічная актыўнасьць вулькану пачала праяўляцца пасьля Калядаў – і да сакавіка адбылося каля тысячы падземных штуршкоў сілай у 1-2 балы на глыбіні 7-10 кілямэтраў пад вульканам.
25 сакавіка адбыўся выбух пары ў кратэры вулькану, куды патрапіла вада расталага ледніка, пасьля чаго вывяржэньне перайшло ў больш стабільную фазу. 14 красавіка, пасьля паўторнага вывяржэньня вулькану, улады Ісьляндыі абвясьцілі надзвычайнае становішча, прыняўшы рашэньне аб эвакуацыі з зоны стыхійнага бедзтва больш як 800 мясцовых жыхароў.
Спачатку далёка ня ўсе пачулі засьцярогі ўладаў – ад моманту пачатку сэйсьмічнай актыўнасьці на ледніку турысты літаральна апанавалі яго навакольле, прабіраючыся да падножжа вулькану на верталётах, джыпах і нават на матацыклах. Аднак экскурсійную дзейнасьць прыйшлося неўзабаве згарнуць, паколькі распаленыя вульканічныя выкіды растапілі прыкладна траціну ледніка, які пакрывае кратэр, што прывяло да стварэньня магутных водных патокаў і паводак.
Пры вывяржэньні вулькану была выкінутая вялікая хмара попелу, якая пачала рухацца ў бок кантынэнтальнай Эўропы. Здароўю людзей часьцінкі вульканічнага пылу не пагражаюць, аднак выкіды попелу вельмі небясьпечныя для авіяляйнэраў – дробныя часьцінкі забіваюць турбіну рухавіка, што можа прывесьці да яго спыненьня. Праблемы можа выклікаць і асяданьне попелу на крылах самалётаў, а акрамя таго, вульканічныя хмары моцна ўскладняюць бачнасьць для пілётаў.