Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: БНФ застаўся безь сядзібы


Магілёўскую абласную арганізацыю руху БНФ “Адраджэньне” сёньня прымусова выселілі з арандаванай сядзібы.


На пазбаўленьні фронтаўцаў памяшканьня настаяла жыльлёва-камунальная ўправа Ленінскага раёну Магілёва. Гаспадарчы суд іх патрабаваньне й выканаў. Самі фронтаўцы сваё выгнаньне называюць палітычна матываваным.

Пра намеры прымусова пазбавіць арганізацыю сядзібы яе кіраўнік Зьміцер Салаўёў дазнаўся 7 красавіка. Пастанову гаспадарчага суду аб высяленьні ён зьбіраўся абскарджваць у Вышэйшым гаспадарчым судзе Беларусі.

Зьміцер Салаўёў
“Я не разьлічваў, што сёньня з парушэньнем тэрміну будзе адбывацца высяленьне. Я зранку патэлефанаваў судоваму выканаўцу і нагадаў яму, што ў мяне ёсьць яшчэ месяц для абскарджваньня, але ён не пагадзіўся з маёй думкай і сказаў, што выконвае загад судзьдзі. Судзьдзя Конанава вынесла судовае рашэньне аб нашым высяленьні, а сёньня быў судовы выканаўца Кузьняцоў. Двое іншых не прадставіліся”, — зазначае Зьміцер Салаўёў.

Трое судовых выканаўцаў прыйшлі ў фронтаўскі офіс на вуліцы Цыялкоўскага прыкладна а дзясятай раніцы й цягам гадзіны ў прысутнасьці панятых апісвалі маёмасьць арганізацыі. Камэнтаваць свае дзеяньні яны адмовіліся.

Судовыя выканаўцы зьяжджаюць

Выселіць фронтаўцаў зь сядзібы камунальнікі зьбіраліся яшчэ летась у жніўні. 16 кастрычніка ў абласным гаспадарчым судзе жыльлёва-камунальная ўправа Ленінскага раёну Магілёва й абласная фронтаўская арганізацыя здолелі падпісаць міравое пагадненьне. Згодна зь ім камунальнікі адмаўляліся ад намераў выселіць фронтаўцаў з арандаванага памяшканьня пры ўмове, што тыя аплацяць запазычанасьці й палову судовых выдаткаў.

“Паколькі адказьнік належным чынам ня выканаў пагадненьня, заключанага ў працэдуры пасярэдніцтва, пазоўнік зьвярнуўся ў суд, і суд выдаў яму судовы загад. У адказьніка ёсьць права зьвярнуцца ў касацыйную інстанцыю й аспрэчыць гэтую пастанову, аднак ён гэтага ня робіць”, — паведамілі ў гаспадарчым судзе.

Як сьцьвярджае Зьміцер Салаўёў, умовы камунальнікаў выкананыя. Паводле яго, міравое пагадненьне парушылі самі камунальнікі:

“Суд абавязаў ЖЭУ заключыць новае з намі пагадненьне, на новы тэрмін арэнды памяшканьня, што ЖЭУ ня выканала. Я разумею, што гэта выключна палітычнае рашэньне, бо ідуць выбары. Пазбавіць офісу актыўную грамадзкую арганізацыю, якая ўдзельнічае ў выбарах, — гэта ёсьць форма ціску на актывістаў”.

Абласная арганізацыя апячатаную ўжо камунальнікамі сядзібу займае ад 2003 году. Праблемы зь ёй пачаліся падчас падрыхтоўкі да прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году. Ад таго часу спакою з офісам няма. Знайсьці новы ў прыватных арандадаўцаў кіраўніцтву арганізацыі не ўдаецца. Цяпер разглядаецца пытаньне пра спыненьне на Магілёўшчыне выбарчай кампаніі ўсіх сямі фронтаўскіх кандыдатаў на дэпутацтва ў мясцовыя саветы. За свой офіс фронтаўцы будуць судзіцца.

Апячатаны офіс. Фронт без памяшканьня
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG