Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Бандарэнка сустрэў дзень народзінаў на Валадарцы


Андрэй Бандарэнка
Андрэй Бандарэнка

14 красавіка палітвязень Андрэй Бандарэнка адзначаў свой дзень народзінаў у камэры сьледчага ізалятара № 1 у Менску па вуліцы Валадарскага.


Павіншаваць Андрэя і падтрымаць яго родных і блізкіх прыйшлі ўся адміністрацыя Ўсходнеэўрапейскай школы палітычных дасьледаваньняў, дзе вучыўся Андрэй, яго сябры па школе, яго родныя. Сустрэцца з сынам дазволілі бацьку, і яны цягам гадзіны размаўлялі.

Па словах Аляксандра Дабравольскага, сябра Палітрады АГП, Валер Бандарэнка выйшаў ад сына з радаснымі вачыма: "Ён расказаў, што Андрэй трымаецца добра, вельмі аптымістычны і не зламаны. Адчувае сябе таксама добра. Андрэй вельмі ўдзячны за падтрымку і віншаваньні ўсім сябрам і знаёмым!"

Валянціна Палевікова, якая разам з астатнімі прыйшла павіншаваць Бандарэнку, кажа, што Андрэй — вельмі цікавы і мужны чалавек, і гэты год за кратамі паводзіць сябе вельмі годна. "Дзень быў цудоўны, і нам падавалася, што хоць і ня бачыліся мы зь ім, але Андрэй адчувае нашу прысутнасьць. Мы спадзяемся, што ён атрымаў тыя сувэніры, што перадалі і родныя, і мы, каб ён выдатна адзначыў свой дзень народзінаў, каб яму было неяк цяплей за кратамі", — кажа Палевікова.

Сябры Бандарэнкі зрабілі яшчэ адну акцыю: зайшлі на пошту і адправілі мноства віншаваньняў.

"Хацелася б, каб гэтая несправядлівасьць, якая адбылася зь ім, хутчэй скончылася. Мы спадзяемся, што Андрэй будзе на свабодзе", — дадала спадарыня Палевікова.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG