Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандыдата судзяць за самвыдат


Георгій Станкевіч
Георгій Станкевіч

Газэту «Крывінка» Георгі Станкевіч, кандыдат у дэпутаты Бешанковіцкага райсавету, выдае ўжо пяты год. І прэтэнзій да яго не было, пакуль не пачалася выбарчая кампанія.

Супрацоўнікі міліцыі, у тым ліку ўчастковы міліцыянт, прыйшлі да хаты спадара Станкевіча і заявілі, што ён ня мае права распаўсюджваць уласнае выданьне. Перш чым адказваць на пытаньні пратаколу, незалежны кандыдат сказаў, што размаўляць будзе толькі па-беларуску. І міліцыянты мусілі запрасіць перакладчыка — каб празь яго задаваць пытаньні выдаўцу газэты «Крывінка».

Наклад выданьня — 299 асобнікаў. Настаўнік Пяцігарскай сярэдняй школы Георгі Станкевіч выдае і распаўсюджвае «Крывінку» сярод сваіх сяброў і знаёмых.

Газэта стала папулярнай у раёне, бо спадар Станкевіч друкуе там і ўласныя вершы, якія палюбіліся землякам, і факты пра жыцьцё рэгіёну — такія, якіх не прачытаеш у дзяржаўнай прэсе.

Незалежны кандыдат пэўны, што міліцыянты невыпадкова зьявіліся да яго цяпер, у час выбарчай кампаніі, — што на яго знарок чыняць ціск, бо ён вырашыў балятавацца і канкураваць з прадзяржаўным супернікам.

2 красавіка ён атрымаў папярэджаньне ад раённай выбарчай камісіі за нібыта некарэктныя выказваньні на адрас дзейных дэпутатаў райсавету ў сваім радыёвыступе перад выбарцамі. Выступ трансьляваць таксама не дазволілі. Дарэчы, у прамове, падрыхтаванай для радыё, Георгі Станкевіч згадваў сваё выданьне: «Пра ўсё набалелае я пішу ў газэце „Крывінка“, дзе ўздымаю пытаньні, якія патрабуюць неадкладнага вырашэньня».

Ад міліцыянтаў Георгі Станкевіч атрымаў позву: заўтра ў 14:15 пратаколы, складзеныя нібыта за незаконны распаўсюд «Крывінкі», будзе разглядаць Бешанковіцкі раённы суд.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG